Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка заклікаў прадпрымальнікаў 19 сьнежня ўзяць удзел у агульным страйку.

Прадпрымальнікі такім чынам будуць патрабаваць адмены Ўказу № 760, паводле якога ад 1 студзеня нельга будзе наймаць на працу не сваякоў. Яшчэ адной з мэтаў страйку ёсьць праява салідарнасьці з арыштаванымі ўдзельнікамі мітынгу 10 сьнежня.

Лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка патлумачыў Радыё Свабода, што аднадзённы страйк – гэта кампраміс паміж рознымі прадпрымальніцкімі структурамі. Ён падкрэсьліў, што ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі супраць Указу № 760, але адны гатовыя толькі да ўдзелу ў санкцыянаваных мерапрыемствах, іншыя да выхаду на Кастрычніцкую плошчу, а нехта толькі на аднадзённую забастоўку.

Анатоль Шумчанка ўпэўнены, што страйк падтрымаюць на рынках у абласных гарадах, а таксама ў некаторых рэгіёнах:

“Забастоўка адбудзецца. Колькасьць удзельнікаў? Мы думаем, што такая, як заўсёды. Калі ўзяць абласныя цэнтры і Менск, то думаю, што тысяч 60-70 як мінімум будзе. 19 сьнежня прыедзеце і паглядзіце. У тым, што яна адбудзецца, у нас няма ніякага сумневу”.

“Да 1 студзеня застаецца вельмі мала часу. Урад цалкам ігнаруе ўсе патрабаваньні прадпрымальнікаў. Цалкам ігнаруе ўсе рэзалюцыі форумаў і мітынгаў. Адзінае, што застаецца прадпрымальнікам, гэта забастоўка”, – Гаворыць каардынатар “Пэрспэктывы” ў Берасьцейскай вобласьці Віктар Чайкоўскі.

Анатоль Шумчанка падкрэсьліў, што ніякіх перамоваў з уладамі ня будзе, пакуль за кратамі знаходзяцца арыштаваныя ўдзельнікі мітынгу 10 сьнежня.
Урад цалкам ігнаруе ўсе патрабаваньні прадпрымальнікаў. Адзінае, што застаецца прадпрымальнікам, гэта забастоўка.

Нагадаем: 10 сьнежня на Кастрычніцкую плошчу выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Нягледзячы на перашкоды (трансьляцыя канцэрту праз гукаўзмацняльнікі з Аляксандраўскага сквэру і гучныя абвесткі з міліцэйскай машыны), прадпрымальнікі прынялі Рэзалюцыю з патрабаваньнем адмяніць Указ № 760 і стварыць спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця малога бізнэсу ў краіне. Адбылося шэсьце да Дому ўраду, і ў выніку на плошчы Незалежнасьці было каля паўтысячы чалавек.

Міліцыянты прэвэнтыўна затрымалі Аляксандра Макаева і Аляксандра Цацуру. Пад час і пасьля мітынгу затрымалі яшчэ шэсьць чалавек.

Намесьніка старшыні партыі БНФ Віктара Івашкевіча, які ня ўдзельнічаў у акцыі прадпрымальнікаў, арыштавалі на 15 сутак. Столькі ж далі актывісту прадпрымальніцкага руху Віктару Гарбачову і Віктару Крывалю. Аляксей Кашкароў, які выпадкова апынуўся на Кастрычніцкай плошчы, бо думаў, што там пачаўся канцэрт зорак расейскай эстрады, таксама правядзе за кратамі 15 сутак.

Аляксандра Цацуру і Віктара Калея арыштавалі на 10 сутак, Барыса Гарэцкага – на 7. Крысьціну Шацікаву, якая мае дзяцей да 12-гадовага ўзросту, аштрафавалі на 700 тысяч рублёў.

Сёньня сябры ля брамы турмы на вуліцы Акрэсьціна будуць сустракаць Барыса Гарэцкага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG