Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “Адмяніць картачную сістэму...”


Пра што пісалі беларускія газэты 17 сьнежня ў розныя гады.


“Сялянская ніва”
ў 1927 годзе піша аб прыезьдзе ў Вільню варшаўскага актора С.Ярача: “Віленскія газэты вельмі хваляць гэтага Ярача, як артыста, але-ж гэта для нас не цікава... Цікава для нас тое, што пры гэтым дазналіся мы, што, з 200 тысячаў віленскага жыхарства, 6 тысяч год-у-год выежджае да Варшавы толькі дзеля таго, каб пабыць у варшаўскіх тэатрах не здаваляючыся віленскімі. Мо’ хто скажа, што гэта звычайная рэч?! Дык мы адкажам, што гэта — адзнака вар’яцтва з сытасьці”.

Нечарговы нумар “ЛіМу” ў 1947 годзе знаёміць з пастановай ЦК ВКП(б) і Саўміну СССР: “Адначасова з правядзеннем грашовай рэформы, гэта значыць з 16 снежня 1947 года адмяніць картачную сістэму снабжэння харчовымі і прамысловымі таварамі, адмяніць высокія цэны па камерцыйнаму гандлю і ўвесці адзіныя зніжаныя дзяржаўныя рознічныя цэны на прадукты харчавання і прамтавары... Цэны, устаноўленыя гэтай пастановай, не пашыраюцца на калгасныя рынкі і на кааператыўны гандаль таварамі ўласных закупак”.

“Чырвоная змена”, год 1987. Лекар са Слуцку Генадзь Шаўцоў піша: “Зараз не тыя часы, калі пры “маўклівай згодзе” народа зносіліся выдатныя помнікі нашай мінуўшчыны, вынішчалася культура. Ёсць законы па ахове помнікаў гісторыі і культуры, ёсць урадавыя пастановы, ёсць рашэнні па рэстаўрацыі канкрэтных помнікаў. Але, на маю думку, ніводнае рашэнне архітэктурных і рэстаўрацыйных майстэрань не павінна прымацца без усеагульнага грамадскага абмеркавання. Такі зараз час, так патрабуе сацыялістычнае грамадства!”

XS
SM
MD
LG