Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьная задачка пра Сашу і Вову


“Ух, абышлося” – кажуць адны, маючы на увазе тое, што Ўладзімер Пуцін прыехаў і паехаў, а ніякіх саюзных дзяржаваў пасьля яго не засталося. “І някепска атрымалася” – заўважаюць іншыя, беручы ў рукі калькулятар. Высьветлілася, які сэнс маюць загадкавыя словы Пуціна пра тое, што цэны на газ для Беларусі зьмяняцца ня будуць, і адначасна будуць падвышацца, але ў межах кантракту. Наўздагон візыту, у суботу, “Газпром” паведаміў, што цана для Беларусі складзе 119 даляраў за тысячу кубамэтраў. Варта адзначыць, што менавіта такую лічбу назваў два тыдні таму першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка. У той самы час расейскія прадстаўнікі называлі лічбы значна большыя – ад 125 да 165 даляраў. Такім чынам атрымліваецца, што цана для Беларусі застаецца ня толькі самай нізкай сярод краінаў, якім Расея прадае газ, яна аказваецца роўнай той, якую агучыў беларускі ўрад як сваю перамоўную пазыцыю.

Што гэта азначае ў грашах?

Калі ўлічыць, што аб’ём спажываньня газу Беларусьсю – прыкладна 20 мільярдаў кубоў за год, то атрымліваецца, што ў наступным годзе краіне давядзецца плаціць за газ на 400 мільёнаў даляраў болей, чым сёлета. Была б цана 165 даляраў – давялося б плаціць больш на 1 мільярд 300 мільёнаў даляраў болей. Чыстая эканомія – амаль мільярд. А з улікам таго, што Беларусь атрымлівае крэдыт памерам 1,5 мільярдаў даляраў, сытуацыя выглядае сапраўды значна лепшай, чым магла б быць.

Праўда, дакладна не вядома, чым за ўсе гэтыя даброты заплаціў Лукашэнка: ці чарговымі “пацалункамі”, ці абяцаньнем ня ўлазіць на расейскае палітычнае поле, пакуль у іх там усё ня ўстаканіцца пасьля апэрацыі “Пераемнік”, ці згодай паўдзельнічаць у расейскіх вайсковых гульнях са Злучанымі Штатамі, ці абяцаньнем прадаць ласыя кавалкі беларускай уласнасьці. Але падкрэсьлім, што гэта менавіта невядома, больш таго, калі такія абяцаньні і даваліся, то, у адрозьненьне ад публічна абвешчанай цаны на газ, цалкам непублічна. І проста варта дадаць, што стаўленьне кіраўніка Беларусі да сваіх абяцаньняў, дадзеных непублічна, гэтак жа як і публічна, надзвычай дыялектычнае – колькі разоў высьвятлялася, што тыя, каму абяцаньні даваліся, нешта “ня так зразумелі”.

Але пагаварыць хацелася б нават не пра Лукашэнку, а пра тых, каго калега Цыганкоў дасьціпна назваў Касандрамі.

Што пісалі беларускія нашчадкі траянскай прарочыцы напярэдадні пуцінскага візыту? Што падпісаньне Канстытуцыйнага акту падчас візыту непазьбежнае (яны пэўна ведалі), а калі не, то выставяць расейцы Беларусі цану на газ у 200 даляраў (гэта яны таксама ведалі пэўна). І так Лукашэнку (а разам зь ім і краіне) – труна, і гэдак.

Калі ў пятніцу ўвечары гэтыя прагнозы бліскуча “спраўдзіліся”, па тварах Касандраў не прабегла ані ценю засмучэньня, пайшлі размовы пра тое, што Беларусь патрапіла ў крэдытную кабалу, што Лукашэнка падчас начных размоваў з Пуціным усё роўна здаў нешта важнае і дарагое кожнаму беларусу (яны пэўна ведаюць).

Аднак праблема нават ня ў гэтых “дакладных” прагнозах і ацэнках, а ў тым, што іх вельмі ўпрыгожыў бы працяг – “дурны Лукашэнка зрабіў надзвычай па-дурному, а трэба было б зрабіць так, так і гэдак”. Адсутнасьць такога працягу спараджае сумныя думкі.

Каб альтэрнатыва займела нейкія шанцы на поспех, яна мусіць быць сапраўды альтэрнатывай, гэта значыць, мець і прапаноўваць альтэрнатыўныя рашэньні праблемаў, якія стаяць перад краінай і грамадзтвам і якія нікуды ня зьнікнуць, калі зьнікне Лукашэнка (а ён пэўна зьнікне, так ці інакш, раней ці пазьней). Прычым, калі ўлада забараняе правесьці мітынг, арганізаваць партыю ці рух і перашкаджае чытаць незалежныя газэты, то забараніць ці перашкодзіць думаць, забараніць знаходзіць рашэньні складаных і рэальных праблемаў, якія давядзецца вырашаць любой уладзе, цяперашняя ўлада ня ў стане. Але менавіта ў гэтым пытаньні нібыта дзейнічае самая строгая забарона.

Між тым беларускі народ складаецца зусім ня толькі з тых, для каго Лукашэнка – ўвасабленьне Бога ці д’ябла. Стаўленьне большасьці да ўлады наагул і да Лукашэнкі ў прыватнасьці па сутнасьці рацыянальнае: матэматык – ня той, хто любіць матэматыку, а хто ўмее рашаць задачы, шахматыст – той, хто выйграе партыі з моцнымі праціўнікамі, палітык – той, хто… Ну зразумела.

Сытуацыя напярэдадні 13 сьнежня – як задачка са школьнага падручніка, кшталту: “У хлопчыка Сашы ёсьць тры яблыкі (тэрыторыя, транзыт і г.д.), у хлопчыка Вовы – 7 ігрушаў (газ, нафта г.д.). Патрабуецца знайсьці…”

“Саша” нейкае рашэньне знайшоў (пагодзімся, ня самае ўдалае). Хто ведае лепшае рашэньне? Прыз у студыі чакае пераможцу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG