Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет супраць скасаваньня льготаў у Магілёве


Акцыя праходзіла на пляцоўцы перад будынкам гарадзкога цэнтру культуры і адпачынку, удалечыні ад людных гарадзкіх вуліц.


У ланцугу стаялі дзесяць чалавек, усе людзі сталага веку. Акцыя пратэсту доўжылася адну гадзіну. Падтрымаць пікетоўцаў прыехаў зь Менску сакратар Цэнтральнага камітэту Партыі камуністаў Беларускай Валер Ухналёў.

Пікетоўцы трымалі плякаты з асуджэньнем ўлады, якая адмяніла льготы: “Эканомія на бедных і рост коштаў ганьба ўладзе”, “Нацыя вымірае, а ўлада пазбаўляе льгот жанчыну маці”.

“Я перажываю за ўсіх людзей, у якіх забралі льготы. Я дажыву неяк, а яны? А калі раптам другі чарнобыль хто нас абароніць? Вось таму я тут стаю і мерзну. Людзі, якія сёньня прыйшлі на пікет -- яны вялікія аптымісты. Я веру, што розум пераможа”, -- заявіла пэнсіянэрка Нэля Фадзеева, якая гадзіну ў пікеце.

Падтрымаць пікетоўцаў прыйшлі тры дзесяткі чалавек, пераважна людзі сталага веку. Усе яны трымаліся ад пікету на адлегласьці, некаторыя з іх раздавалі мінакам газэту “Товарищ”. За час правядзеньня акцыі было раздадзена каля паўсотні асобнікаў газэты.

Ці задаволены акцыяй пратэсту заяўнік Валер Беразіенка?

“Мы не разьлічвае на большае. Калі дазваляюць праводзіць пікет на гарадзкой ускраіне, у чорта на выселках чакаць большага не выпадае. Мы зрабілі свой унёсак у агульную справу, падыходзяць людзі цікавяцца, атрымліваюць газэту. Яе яны панясуць у свае сем’і, працоўныя калектывы, там будуць ведаць, што такая акцыя прайшла ў Магілёве”, - заявіў В.Беразіненка.

Перад пачаткам пікету міліцыянт папярэдзіў заяўніка Валера Беразіенку пра недапушчальнасьць парушэньня правапарадку і ўмоваў заяўкі на пікетаваньне. Паводле яе ў пікеце мелася ўдзельнічаць толькі дзесяць чалавек.

На пляцоўцы, дзе праходзіў пікет знаходзіліся чатыры міліцыянты ды трое маладых людзей у цывільным. Сачыў за пікетам і прадстаўнік аддзелу ідэалягічнай работы Магілёўскага гарвыканкаму.
XS
SM
MD
LG