Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывісты дэмакратычнай апазыцыі правялі шэраг акцый. Яны пратэставалі супраць скасаваньня льготаў.


У другой палове дня каля 50-ці моладзевых актывістаў кампаніі “За свабоду” правялі флэш-моб на пляцоўцы ля Нацыянальнай бібліятэкі. Двое удзельнікаў акцыі з шыльдамі “Народны дэпутат” забіралі ільготныя талёны ў студэнтаў, якія утварылі чаргу. І выдавалі ім узамен маску з вушамі зайцоў, моркву і капусту. Хлопцы і дзяўчаты начапілі маскі і пачалі грызьці гародніну. Потым яны вадзілі карагоды каля елкі перад Нацыянальнай бібліятэкай.

Пасьля удзельнікі акцыі зрабілі невялікае шэсьце ад бібліятэкі да станцыі мэтро “Усход”, падчас якога скандавалі “Не – адмене льгот!” Мінакі выказвалі падтрымку. Дэманстранты з вушамі зайцоў селі ў мэтро і на гэтым акцыя скончылася. Міліцыі нідзе не было і ніхто з удзельнікаў флэш-мобу ня быў затрыманы.
Са студэнтаў і з ільготнікаў зрабілі зайцоў
.
Чаму актывісты узялі удзел ў акцыі?

Студэнт: “Сёньня апошні дзень, калі дзейнічаюць ільготы. Мы вырашылі ня быць убаку і адзначыць гэты дзень. Мы лічым, што са студэнтаў і з ільготнікаў зрабілі зайцоў”.

Студэнт: “Я лічу, што адмена льгот – гэта удар па нашых правах. І я не магу застацца убаку ад гэтых падзей. За наш кошт нашы улады жадаюць павялічыць бюджэт, неяк разжыцца”.

Студэнтка: “Гэта абдзіралаўка насельніцтва”.

Таксама сёньня актывісты Партыі камуністаў Беларускай каля Камароўскага рынку ў Менску раздавалі выпуск газэты “Товарищ”, які прысьвечаны скасаваньню льготаў.

У мікрараёне “Вясьнянка” раздавалі інфармацыйныя матэрыялы актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валянціна Палевікова і Анатоль Лябедзька. Паводле спадара Лябедзькі, каля яго дому дзяжурыў чалавек у цывільным якраз у той час, на які замаўляліся забароненыя пікеты.

“Мы загадзя распаўсюдзілі рэкамэндацыі сярод заяўнікаў пікетаў як сябе паводзіць. Мы далі мажлівасьць людзям абіраць іншае месца і час правядзеньня. 90 адсоткаў газэт мы распаўсюдзілі па скрынках і невялікую частку з рук у рукі, калі пераходзілі з аднаго дома ў другі”, - заявіў А.Лябедзка.

Каля 15 сяброў БСДП(Грамада) правялі флэш-моб на Галоўпаштамце ў Менску і ў адным з аддзяленьняў “Беларусьбанку”. Яны даслалі на рахунак менскай міліцыі больш за 210 тысяч рублёў. Актывіст БСДП(Грамада) Ігар Рынкевіч сказаў, што гэтыя грошы, паводле прысуду, былі “павешаны” на Аляксандра Казуліна, нібыта за тое, што спадар Казулін пашкодзіў відэакамэру міліцэйскага апэратара:
Мы паказалі уладам, калі так ім патрэбныя гэтыя грошы, мы вам, бедным, іх дасылаем

“Мы лічым, што гэты прысуд быў беспадстаўны і незаконны. Але гэта наш адказ Чэмбэрлену, наша дапамога “беднай” міліцыі. З другога боку, мы лічым непатрэбным, каб над Аляксандрам Казуліным вісеў гэты дамоклавы меч. Мы паказалі уладам, калі так ім патрэбныя гэтыя грошы, мы вам, бедным, іх дасылаем. Такім чынам, на Аляксандры Казуліне цяпер няма ніякіх грошай, якія ён быў бы вінны дзяржаве паводле прысуду”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG