Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вы ацэньваеце вынікі візыту прэзыдэнта Расеі ў Беларусь? Якіх наступстваў можна ад яго чакаць?


З гэтымі пытаньнямі наш менскі карэспандэнт зьвярнуўся да беларускіх палітыкаў і палітолягаў.

Былы міністар зьнешнеэканамічных сувязей Беларусі Міхаіл Марыніч так разважае пра візыт Уладзімера Пуціна:

“Якую ён меў мэту – гэта прытоена за сямю пячаткамі. Бо прыяжджаць на два дні дзеля таго, каб толькі паабяцаць крэдыт і сказаць зьбітыя словы пра славянскае братэрства, выглядае сумнеўным.

Мне падаецца, што за гэтым нешта хаваецца – перадусім каньюнктурныя палітычныя пытаньні. Бліжэйшым часам нешта раскрыецца. Візыт быў каньюнктурным. Але дзеля чаго, пакуль невядома”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў зьвяртае ўвагу на афіцыйныя паведамленьні, зь якіх выцякае быццам бакі абмяркоўвалі выключна эканамічныя пытаньні:

“Я ў гэта ня вельмі веру. Абмяркоўваць аж чатыры гадзіны, тое, што Пуцін і Лукашэнка падпісалі, гэта, канечне, занадта. Ды і выглядалі яны даволі стомленымі. Не, не вымагала гэта такой цяжкай працы.
Проста так Беларусь Масква не адпусьціць. А.Фёдараў


Дзякуй Богу, пакуль не адбылося ніякіх прарываў у інтэграцыйным будаўніцтве – ні Канстытуцыйнага акту, ні адзінай валюты. Але. Мне падаецца, гэта толькі часова. Усё роўна, з расейскага боку ціск працягнецца. Магчыма, далей будуць працаваць больш праз эканоміку. Але проста так Беларусь Масква не адпусьціць”.

Намесьнік старшыні камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі адзначае беднасьць інфармацыі пра гэты візыт:

“Вось чаму я вырашыў для сябе пачакаць. Нешта ж павінна стрэліць. Ня можа ж быць проста так. Двое сутак размаўляць толькі пра тое, каб потым сказаць, што мы дадзім крэдыт і не падвысім кошты газу?! Трэба ж ведаць – за што?”

Старшыня Вярхоўнага савету 12 скліканьня Мечыслаў Грыб цьвердзіць, што візыт Уладзімера Пуціна сьведчыць пра тое, што ў Расеі застаецца палітычная цікавасьць да Беларусі:

“Як да суседняй краіны, якую Расея, на мой погляд, мяркуе выкарыстаць у перамовах са Злучанымі Штатамі. Вядома, што ЗША хочуць разьмясьціць свае сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі. Пра гэта ўголас не казалася. Але з выступу Аляксандра Лукашэнкі, які казаў, што Беларусь будзе спрыяць палітычнай вазе Расеі ўсімі даступнымі намаганьнямі, не выключаецца, што наша тэрыторыя можа быць прадстаўленая пад новыя ракетныя ўзбраеньні Расейскай Фэдэрацыі”.

Карэспандэнт: “З Вашага пункту гледжаньня, гэта не супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, палажэньню аб нэўтралітэце?”

“Супярэчыць. Але хто ў нас вельмі многа зважае ўвагі на Канстытуцыю? Яна ж парушаецца. І тут зробяць нейкія заўвагі, спасылкі. І адыйдуць ад яе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG