Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зьменіцца пасьля візыту Пуціна ў Беларусь?


Belarus - Vox Populi Generic Icon, 05Dec2007

Belarus - Vox Populi Generic Icon, 05Dec2007

Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.


Спадарыня: “Ну ён жа сказаў, што нейкія там мільярды даляраў будуць укладзеныя. Можа, атамную станцыю пабудуюць у нас. Але я ня ведаю. Мне падаецца, што гэта, магчыма, нейкі палітычны крок. Бо колькі ён тут ні быў, ніколі не адчувалася ніякай павагі да нас, ніякай ягонай любові я не адчувала”.

Юнак: “Вы ведаеце, я нічога ня чуў пра гэты прыезд, нічога ня ведаю і нічога не магу сказаць”.

Юначка: “Думаю, што нашы саюзьніцкія адносіны ўмацуюцца, стануць больш трывалымі, што ўсё будзе добра”.

Спадарыня: “Складанае пытаньне вы задаяце. Канечне, у нас у ва ўсіх, у беларусаў спадзяваньні на Расею. Гэта ж нашы браты, мы павінны быць разам. І мне падаецца, што нешта будзе лепш”.

Юнак: “Мабыць, Беларусі ўсё гэта выгадна, усё ж такі – суседняя, братняя краіна. Вось так”.

Юначка: “Магчыма, яны гаварылі пра будучыню, пра разьвіцьцё краінаў. Што будуць супрацоўнічаць зь іншымі краінамі, набірацца ў іх вопыту і імкнуцца да лепшага”.

Карэспандэнтка: “Што зьменіцца пасьля візыту Пуціна ў Беларусь?”

Спадарыня: “Я палітыкай цікаўлюся вельмі павярхоўна. Што тычыцца саюзу з Расеяй, то ня ўсе яго хочуць. Я шмат пра гэта чула, і мой бацька, да прыкладу, таксама кажа, што ня трэба гэтага саюзу”.

Спадар: “Складана сказаць адназначна. Канечне, як і ў любой іншай справе, ёсьць і станоўчыя бакі, ёсьць і адмоўныя. Што да мяне, то я станоўча стаўлюся да таго, што ёсьць дыялёг. Бо саюзную дзяржаву будаваць трэба, нікуды ня дзенесься”.

Спадарыня: “Павінна стаць лепш з пастаўкамі газу. Вось што я думаю. І гэта будзе добра”.

Юнак: “Наколькі я разумею, ён прыяжджаў з нагоды крэдыту. Але наўрад ці гэта нешта сур’ёзна зьменіць. Бо крэдыт – гэта толькі нейкая часовая адтэрміноўка. І калі ня зьмяняць эканамічнай праграмы, то ня зьменіцца і становішча”.
XS
SM
MD
LG