Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны з жыцьця беларускіх палітвязьняў.


На наступным тыдні пачнецца працэс над Артурам Фінькевічам, якому пагражае тры гады зьняволеньня. Два гады “хіміі” за палітычныя графіці юнак ўжо адбыў. Як пачуваецца Артур Фінькевіч, якога амаль два месяцы трымаюць ў Магілёўскім сьледчым ізалятары? Адвакат палітвязьня Ганна Рыбалка распавяла.

“Хадзіла да яго. У яго ўсё нармальна, без праблем. Казаў, што ў параўнаньні з ізалятарам на Валадарскага ўмовы значна лепшыя. З адміністрацыяй ў яго стасункі роўныя, нічым яму не перашкаджаюць. У камэры ў яго ёсьць радыё і тэлевізар”.

Адвакат Ганна Рыбалка паведаміла, што яшчэ да суду наведае Артура Фінькевіча, каб удакладніць некаторыя пытаньні адносна будучага суду. Паводле адваката, з большага Артур да працэсу падрыхтаваўся. “Ён не разгубіўся і спадзяецца на лепшае”, – кажа адвакат.

Што зробіць міністар Навумаў зь перадачай для палітвязьняў?

Сотні актывістаў арганізацыі “Міжнародная амністыя” празь беларускіх праваабаронцаў даслалі лісты падтрымкі Зьмітру Дашкевічу і Аляксандру Казуліну. Гэтыя каляровыя лісты праваабаронцы склалі ў выглядзе папяровых жураўкоў, злучылі разам і прынесьлі ў прыёмную міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава. Актывісты прасілі перадаць жураўкоў палітвязьням Зьмітру Дашкевічу і Аляксандру Казуліну. Дзяжурны міліцыянт паабяцаў выканаць просьбу.

Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, гэта ня першы раз, калі “Міжнародная амністыя” дасылае Зьмітру Дашкевічу ў калёнію сымбалі надзеі:

“Калі туды прыяжджаў адвакат, Зьміцер сказаў яму, што атрымлівае нейкія каляровыя аркушы, але ня можа зразумець, што гэта? Аказваецца, цэнзары разгортваюць гэтых журавоў і аддаюць яму ў выглядзе чыстых аркушаў паперы. Тады адвакат патлумачыў Зьмітру, што гэтых жураўкоў робяць сябры “Міжнароднай амністыі”, каб падтрымаць палітвязьняў у Беларусі”.

Штраф за падтрымку прадпрымальнікаў?

Супрацоўнікі ДАІ ў цэнтры Менска затрымалі аўтамабіль Вольгі Казулінай, дачкі былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Увагу на аўтамабіль Казулінай міліцыянты зьвярнулі таму, што маладая жанчына сыгналіла, калі праяжджала ўздоўж Кастрычніцкай плошчы, дзе ішоў несанкцыянаваны мітынг прадпрымальнікаў. Зараз Вользе пагражае вялікі грашовы штраф, дагэтуль ёй не вярнулі правы кіроўцы. Казуліна мяркуе, што насамрэч яе зьбіраюцца пакараць за выказаную салідарнасьць зь мітынгуючымі прадпрымальнікамі.

Нагадаю, бацьку Вольгі Аляксандра Казуліна ўтрымліваюць у віцебскай калёніі. Палітыка прысудзілі да 5,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. “Міжнародная амністыя” прызнала Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня.

“Мы ўсе шмат пакутавалі за гэтыя гады”

Праваабарончая арганізацыя Хартыя’97 ушанавала Тацяну Клімаву прэміяй за асабістую мужнасьць ў барацьбе за правы чалавека. Вось як жонка палітвязьня пракамэнтавала гэтую ўзнагароду.

“Мяркую, заслуга ў атрыманьні гэтай узнагароды належыць ня мне адной, а ўсёй нашай сям’і. Асабліва маці Андрэя, таксама дзецям, якія і ў пікетах стаялі, і пакутавалі шмат за гэтыя гады. А найперш, канешне, геройскай дзейнасьці майго мужа, Андрэя Клімава”.

Андрэй Клімаў трэці раз адбывае пакараньне зьняволеньнем – гэтым разам яму далі 2 гады строгага рэжыму за артыкул у інтэрнэце. Суд вырашыў, што былы дэпутат заклікаў да захопу ўлады. “Міжнародная амністыя” прызнала Андрэя Клімава вязьнем сумленьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG