Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея выдзеліць Беларусі дзяржаўны крэдыт ў 1,5 мільярда даляраў. Пра гэта заявіў у Менску прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін пасьля паседжаньня дзяржаўнага савету так званай “саюзнай дзяржавы”.


Пасьля заканчэньня паседжаньня дзяржаўнага савету так званай “саюзнай дзяржавы” кіраўнікі Беларусі і Расеі правялі сумесную прэс-канфэрэнцыю. Яны распавялі пра падпісаныя пагадненьні.
Падвышэньне цэн на газ будзе, але так, як прадугледжана мінулымі кантрактамі

Уладзімер Пуцін заявіў, што Расея прыняла рашэньне аб прадстаўленьні Беларусі дзяржкрэдыту ў памеры 1,5 мільярда даляраў. Ён патлумачыў, што гэта зроблена “дзеля забесьпячэньня плаўнага пераходу двухбаковага супрацоўніцтва на ўнівэрсальныя рыначныя прынцыпы. З улікам абавязковага для абодвух бакоў выкананьня падпісаных раней пагадненьняў і кантрактаў”.

Адносна цэнаў на расейскі газ для Беларусі, Уладзімер Пуцін заявіў, што “падвышэньне цэн на газ будзе, але так, як прадугледжана мінулымі кантрактамі”. Паводле Пуціна, Расея разумее цяжкасьці, якія ўзьнікаюць у зьвязку з падвышэньнем цэнаў для беларускай эканомікі і будзе рабіць усё для мінімізацыі наступстваў.
Беларускі бок, як той трус проста ідзе ў пастку расейскім фінансавым групам. І ня робіць нічога, каб забясьпечыць эканамічную незалежнасьць нашай краіны

Адносна гэтых пагадненьняў кіраўнік дасьледчага цэнтру Мізэсу Яраслаў Раманчук сказаў:

“Расея і Пуцін адмовіліся ад бліц-крыгу ў дачыненьні да Беларусі і перайшлі на такі больш хітры і доўгатэрміновы сцэнар. Гэта сцэнар “2011”, гэта сцэнар, па сутнасьці, павелічэньня крэдытаваньня і запазычанасьці Беларусі. Ён выльецца ў тое, што Расея можа ў 2010-2011 годзе прад’явіць ужо гэтыя свае патрабаваньні і, па сутнасьці, правесьці апэрацыю “Даўгі за актывы”.

Беларускі бок, як той трус проста ідзе ў пастку расейскім фінансавым групам. І ня робіць нічога, каб забясьпечыць эканамічную незалежнасьць нашай краіны ў дачыненьні не пратэкцыянізму, а ў дачыненьні проста падвышэньня канкурэнтаздольнасьці і інтэграцыі нашай сыстэмы гаспадарчай у Эўропу і ў сьвет”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што чакае ад Эўропы адэкватных крокаў у адказ на стабільны транзыт расейскіх энэрганосьбітаў праз Беларусь на эўрапейскі рынак. Паводле Лукашэнкі, Эўразьвяз, багатая Эўропа будуць адчуваць сябе спакойна.

Паводле Лукашэнкі, ня цяжка спрагназаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. І хто б там ня быў ва ўладзе, беларуска-расейскія стасункі застануцца такімі ж.

Паводле Ўладзімера Пуціна, адносіны з Беларусьсю маюць фундамэнтальны і стратэгічны характар. Ён заявіў, што які б працэсы не адбываліся ў Расеі, курс на стратэгічнае партнэрства працягнецца. “У гэтым пляне ў Расеі існуе поўны нацыянальны кансэнсус”, – сказаў расейскі прэзыдэнт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG