Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над М.Сергіенкам перанесьлі на 17 сьнежня


У Ленінскім судзе Менску пачаўся працэс супраць актывіста АГП Мікалая Сергіенкі, якога абвінавачваюць у брыдкаслоўі на адрас міліцыянтаў падчас захопу офісу Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў


Падзеі, за якія прыцягнулі да адказнасьці Мікалая Сергіенку, адбываліся ўвечары 6 сьнежня. Мікалай знаходзіўся ў офісе Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Напярэдадні сюды прывезьлі ўлёткі, якія заклікалі прадпрымальнікаў прыйсьці 10 сьнежня на мітынг на Кастрычніцкую плошчу. Раптам у офіс уварваліся супрацоўнікі міліцыі: улёткі канфіскавалі, прысутных павезьлі ў Ленінскі райаддзел міліцыі нібыта дзеля высьвятленьня асобаў.

“Я кажу: добра, у мяне ёсьць пашпарт. Вось, глядзіце. Але яны сказалі, што ў іх падазрэньні, нібыта я зрабіў крымінальнае злачынства, і таксама адвезьлі мяне ў міліцыю”, — распавёў сёньня ў судзе Мікалай Сергіенка. Паводле актывіста, у райаддзеле міліцыі на яго і лідэра прафсаюзу прадпрымальнікаў Аляксандра Макаева склалі пратаколы: нібыта яны брыдкасловілі на адрас міліцыянтаў. “Гэта хлусьня”, — заявіў судзьдзі Юліі Шумскай Мікалай Сергіенка. Але сьведкі-міліцыянты, якія сёньня выступілі ў судзе, сьведчылі на карысьць гэтай вэрсіі.

Працэс адкладзены на панядзелак, 17 сьнежня. Яшчэ маюць выступіць сьведкі з боку Мікалая Сергіенкі. Калі яны не пераканаюць судзьдзю, актывісту пагражае 15 сутак арышту.


Нагадаем, судзьдзя Юлія Шумская прыняла да вытворчасьці і справу лідэра прафсаюза прадпрымальнікаў Аляксандра Макаева, таксама затрыманага 6 сьнежня ў офісе БКДП. Але суд над прадпрымальнікам адклалі, пакуль Аляксандар Макаеў не адбудзе арышт за ўдзел у мітынгу 10-га сьнежня.
XS
SM
MD
LG