Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 12 сьнежня. Удзельнікі: палітолягі Уладзімер Роўда і Юрый Чавусаў.


Сёлета стварыліся новыя ўмовы для дзейнасьці апазыцыі. Ці змагла яна адаптавацца да новых выклікаў? Якія вынікі перагрупоўкі апазыцыі на Кангрэсе дэмакратычных сілаў? У чым прычына рознагалосься паміж, умоўна кажучы, “старой” і “маладой” апазыцыяй? Ці змагла яна адаптавацца да новых выклікаў?

Валер Карбалевіч: Зь пераходам на рынкавыя дачыненьні з Расеяй у краіне склаліся новыя эканамічныя і палітычныя ўмовы. Для значнай часткі кіроўнай эліты і грамадзтва стала зразумела, што наяўная мадэль патрабуе трансфармацыі. Гэта стварыла і новыя ўмовы для дзейнасьці апазыцыі. Яна павінна была давесьці да грамадзтва, што дэмакратычныя сілы здольныя зьдзейсьніць гэтую трансфармацыю лепш, чым улада. Ці змагла апазыцыя творча адаптавацца да новых выклікаў, адэкватна адрэагаваць на іх? Што новага зьявілася ў яе дзейнасьці? Толькі лісты да ўладаў з прапановай дыялёгу ці нешта яшчэ?

Уладзімер Роўда: Найперш адзначу, што зьмены ў сацыяльна-эканамічнай сытуацыі перабольшаныя. Падзеньня жыцьцёвага ўзроўню пакуль не адбылося.

Апазыцыя так і не змагла выйсьці з той ізаляцыі, у якой яна штучна апынулася. Яна дзейнічае па-ранейшаму, нічога новага ў яе працы няма.
Апазыцыя так і не змагла выйсьці зь ізаляцыі. У.Роўда


Лісты да ўладаў азначаюць, што апазыцыя імкнецца заняць месца галоўнага партнэра ў перамовах з Захадам, давесьці, што безь яе ўдзелу палепшыць адносіны з Эўропай немагчыма. Але дзеля гэтага трэба прадэманстраваць сваю моц. Калі б апазыцыя змагла вывесьці дзясяткі тысяч людзей на свае акцыі, тады зь ёй лічыліся б і ў Беларусі, і на Захадзе.

Юры Чавусаў: Сапраўды, сёлета зьявіліся новыя чыньнікі ўплыву на палітычную сытуацыю ў Беларусі. Па-першае, на краіну ўплывалі эўрапейскія прапановы. Парадаксальным чынам гэтая эўрапейская праграма замяніла апазыцыі яе ўласную праграму кшталту эканамічнай плятформы ці Малой Канстытуцыі, якія распрацоўваў Нацыянальны камітэт Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС). То бок, апазыцыйныя сілы прапануюць беларускаму грамадзтву эўрапейскі выбар.

Па-другое, на Беларусь узьдзейнічаюць эканамічныя шокі, зьвязаныя з вонкавымі чыньнікамі. І апазыцыя прапаноўвае ўладам вырашаць праблемы, якія тут узьніклі, разам, праз дыялёг — напрыклад, разьвіваць дачыненьні з Эўропай.

Па-трэцяе, адмена льготаў. Паводле дадзеных лябараторыі “Новак”, 90% насельніцтва ведае пра гэты факт. Апошнія гады не было такіх падзей, пра якія ведала б так шмат людзей.
Насельніцтва ня верыць, што вулічныя акцыі апазыцыі прадухіляць адмену льгот. Ю.Чавусаў


Але апазыцыі не ўдалося выкарыстаць гэтую сытуацыю звыклымі мэтадамі. Бо насельніцтва ня верыць, што з дапамогай вулічных акцый апазыцыі зможа прадухіліць адмену льгот. Паказальна, напрыклад, што прадпрымальнікі дыстанцыяваліся ад апазыцыі і ладзілі сваю акцыю асобна, 10 сьнежня.

Ці ўзмацніў апазыцыю Кангрэс дэмакратычных сілаў?

Карбалевіч: Дзіўна, але ў сытуацыі, калі грамадзтва гатовае было больш уважліва прыслухоўвацца да апазыцыі, тая, замест павароту тварам да электарату, вылучэньня новых палітычных праектаў, занялася ўнутранымі разборкамі. Фактычна ўся першая палова году была аддадзена імкненьню розных груповак умацаваць свае пазыцыі ўнутры апазыцыйнага асяродзьдзя ці, як некаторыя кажуць, апазыцыйнага гета. Фіналам гэтага працэсу стаў Кангрэс дэмакратычных сілаў, які адбыўся ў траўні. Кангрэс завяршыў перагрупоўку, перафарматаваньне апазыцыйных сілаў. Які вынік гэтага працэсу? Ён узмацніў апазыцыю, ці аслабіў яе, ці нічога не зьмянілася?

Роўда: Не магу пагадзіцца з такой пастаноўкай пытаньня. Кангрэс быў неабходны, каб падвесьці вынікі выбараў. Тое, што ён не адбыўся адразу пасьля выбараў, узмацніла супярэчнасьці ўнутры апазыцыі.

Іншая справа, што ён зьвёўся толькі да перагрупоўкі сілаў і стварэньня новага кіраўніцтва АДС. Хоць і гэта было неабходна, бо трэба, каб былі нейкія правілы гульні ўнутры апазыцыі. Але апазыцыя не пайшла далей за гэтыя фармальныя рэчы і страціла ініцыятыву.
Апазыцыя страціла ініцыятыву. У.Роўда


Чавусаў: Засяроджанасьць апазыцыі на ўнутраных праблемах — гэта стандартная сытуацыя міжвыбарчага міжсэзоньня. Гэта якраз найлепшы час, калі такія праблемы можна вырашаць. Было б горш, калі б іх вырашалі напярэдадні чарговай выбарчай кампаніі.

Валтузьня напярэдадні і падчас кангрэсу мела на мэце адно — делегітымізацыю Мілінкевіча як лідэра дэмакратычнай апазыцыі. І гэтая мэта была дасягнутая. Зьявіліся два ядры апазыцыі — партыі і Мілінкевічаў рух “За свабоду”.

Калі сыстэма кіраваньня АДС з сустаршынямі і ратацыяй пасады старшыні падаецца самім партыям зручнай формай, то, напэўна, гэта слушна.
Кардынальных зьменаў няма. Ю.Чавусаў


Але хоць з моманту правядзеньня кангрэсу прайшло шмат часу, нейкіх кардынальных зьменаў у эфэктыўнасьці таго, чым займаюцца апазыцыйныя партыі ці рух “За свабоду”, няма. Якасна новых ініцыятываў мы не пабачылі.

Канфлікт паміж “старой” і “маладой” апазыцыяй

Карбалевіч: Сёлета стаў больш заўважным, выйшаў на паверхню з лятэнтнага стану канфлікт, умоўна кажучы, паміж “старой” і “маладой” апазыцыяй. Гэта выявілася і падчас “Эўрапейскага маршу”, калі частка моладзі адмовілася ісьці на плошчу Бангалор, а пайшла да Нацыянальнай бібліятэкі, і на прэсавай канфэрэнцыі па выніках маршу, і на нядаўнім зьезьдзе Партыі БНФ. У чым прычына гэтых рознагалосьсяў? Яны праграмныя, стратэгічныя, тактычныя, стылёвыя ці якія іншыя?

Роўда: Канкурэнцыя ў дэмакратычных арганізацыях — гэта нармальны працэс. Нашыя партыі прызвычаіліся шмат гадоў цярпець паразы і не мяняць кіраўніцтва. Таму бунт моладзі быў цалкам натуральным.

Але дэмакратычная моладзь — гэта не адзіная група. Я б падзяліў яе на дзьве часткі. Першая група — гэта моладзь, якая вырасла з трэцяга сэктару, распрацоўвала праекты. Яна не зацікаўленая ў палітычнай актывізацыі апазыцыі. На нядаўнім зьезьдзе Партыі БНФ якраз выявілася барацьба дзьвюх частак. Адна зь іх схілялася да пераўтварэньня БНФ у няўрадавую арганізацыю, падтрыманую Захадам. Другая частка фронту выступала супраць гэтых тэндэнцыяў.
Моладзі надакучыла гуляць па правілах “старой” апазыцыі. У.Роўда


Другая група — гэта моладзь, якая паўстала пасьля Плошчы. Ёй надакучыла гуляць па правілах “старой” апазыцыі. Яна імкнецца пайсьці сваім шляхам. Іншая справа, што ў яе няма стратэгіі дзейнасьці.

Чавусаў: Сама гэтая дыхатамія — “старая” і “маладая” апазыцыя — трохі штучная. Па сутнасьці, ніякай “маладой” апазыцыі не існуе. Ёсьць звыклы рытарычны прыём, які часам служыць іміджавым рэсурсам. І гэты рэсурс раз за разам спрабуюць выкарыстоўваць розныя палітычныя суб’екты.

Калі даходзіць да практычнай дзейнасьці, то высьвятляецца, што акрамя “старой” апазыцыі, абаперціся няма на што.
СМІ перабольшваюць значнасьць моладзевых груповак. Ю.Чавусаў


Значнасьць моладзевых груповак, часам радыкальных, перабольшваецца мэдыямі. Іх колькасьць не перавышае некалькі дзясяткаў чалавек. Яны няздольныя праводзіць свае масавыя акцыі ці ажыцьцяўляць сваю палітычную лінію. Таму няслушна казаць, што яны — альтэрнатыва партыям. У моладзевых груповак няма стваральнай праграмы. Хутчэй гэта асяродзьдзе моладзевага дысыдэнцтва, якое часам набывае карнавальныя формы.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG