Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Дачыненьні з Расеяй будуць залежаць ад Лукашэнкі"


Ці чакаеце вы, што пасьля візыту прэзыдэнта Пуціна нешта зьменіцца ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Расеяй? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы.

Не эканамічныя пытаньні, мне здаецца, прыехаў Пуцін вырашаць, а каб працягнуць свае паўнамоцтвы, толькі на іншым узроўні

Малады спадар: “Я думаю, што трэба пачакаць прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, тады ўжо можна будзе рабіць нейкія высновы. Таму што ў гэтай сытуацыі — напярэдадні расейскіх выбараў — цяжка штосьці прагназаваць. Сам візыт яшчэ ня можа сьведчыць пра нейкія зьмены ў адносінах”.

Маладая спадарыня: “Я ня думаю, што адзін толькі візыт можа вырашыць пытаньне. Сам візыт можа адыграць ролю ў гэтым сэнсе, а можа й не. Погляды адных на адных павінны сьпярша памяняцца. Бо, на маю думку, пакуль што нічога не зьмянілася”.

Яе сяброўка: “Я думаю, што нічога не памяняецца ў гэтых дачыненьнях, я ня думаю, што нешта канкрэтнае адбудзецца”.
Расея занятая цяпер будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі, ёй не да нас

Спадар: “Я думаю, што ніякіх зрухаў пакуль ня будзе, бо Расея занятая цяпер будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі, ёй не да нас”.

Малады спадар: “У любым разе візыт гэты нешта будзе значыць, нейкія зьмены адназначна будуць у нашых адносінах. Гаворка цяпер ідзе аб прынцыповых рашэньнях у пытаньні: якая сытуацыя складзецца з саюзнай дзяржавай, якая канцэпцыя выпрацуецца на пэрспэктыву? Самае галоўнае — вырашыць першаснае пытаньне: чаго хоча ад палітычнага саюзу Беларусь, а чаго хоча ад яго Расея?”

Малады спадар: “Сяброўскія адносіны Расеі і Беларусі, я думаю, адназначна зьменяцца ў лепшы бок”.

Спадар: “Я думаю, гаворка ідзе проста пра аб’яднаньне з Расеяй. Не эканамічныя пытаньні, мне здаецца, прыехаў Пуцін вырашаць, а каб працягнуць свае паўнамоцтвы, толькі на іншым узроўні. Але ўсё залежыць ад пазыцыі Аляксандра Рыгоравіча насамрэч, як ён сябе будзе паводзіць. Калі ён пагодзіцца на другой ролі быць, то магчыма, што аб’яднаньне адбудзецца. А калі не, то як было, так і застанецца ўсё. Хоць, можа, яшчэ нават і горш стане, насамрэч”.

Малады спадар: “Я не лічу, што нешта зьменіцца кардынальна, але ўсё-ткі нейкія зьмены павінны быць. Таму што крэдыты, якія, магчыма, дасьць нам Расея, будуць карысныя нашай уладзе, але нашыя дзеці будуць потым расплачвацца за тое, што наробіць цяпер нашая ўлада”.

XS
SM
MD
LG