Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактараў звольнілі пасьля інтэрвію з Парфяновічам


Уладзімер Парфяновіч

Уладзімер Парфяновіч

Пасьля таго як на старонках газэты “Мінскі кур'ер” і ў эфіры радыё “Мінск” прагучала інтэрвію з алімпійскім чэмпіёнам, апазыцыйным палітыкам Уладзімерам Парфяновічам, кіраўніка мэдыя-холдынгу гарвыканкаму “Мінск-навіны” Рыгора Новікава і выканаўцу абавязкаў галоўнага рэдактара газэты “Мінскі кур'ер” Натальлю Бязьвершанку адправілі ў адстаўку. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў офісе агенцтва.


Як паведамілі на ўмовах ананімнасьці ў агенцтве “Мінск-навіны”, 12 сьнежня да іх у офіс завітаў кіраўнік ідэалягічнага ўпраўленьня Менгарвыканкаму Генадзь Курбека, які зачытаў распараджэньне за подпісам старшыні выканкаму Міхаіла Паўлава. Курбека заявіў, што Рыгор Новікаў і выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара “Мінскага кур'ера” Натальля Бязьвершанка павінны пакінуць пасады. Абаіх скарацілі з фармулёўкай “паводле згоды бакоў”.

Для каго “расчысьцілі” “Мінск-навіны”?


У абмеркаваньні будучыні агенцтва актыўны ўдзел брала Алена Лёгкая — жонка кіраўніка прэсавай службы прэзыдэнта Паўла Лёгкага, якая ў Менгарвыканкаме курыруе СМІ. У агенцтве не выключаюць, што менавіта яна ў пэрспэктыве можа заняць месца скарочанага Рыгора Новікава. Пакуль жа выканаўцам абавязкаў кіраўніка холдынгу “Мінск-навіны” прызначаны Андрэй Анісімаў, які дагэтуль быў першым намесьнікам Новікава.
Па працы мы сутыкаліся вельмі і вельмі жорстка і думалі, што назаўтра ня зможам працаваць. Але ж прыходзілі і працавалі

Як паведамілі ўдзельнікі нарады, акцэнт быў на тым, што назапасілася нямала прэтэнзій, якія спрычыніліся да рашэньня разьвітацца з Новікавым і Бязьвершанкай. “Апошняй кропляй” стала інтэрвію са спартоўцам і апазыцыйным палітыкам Уладзімерам Парфяновічам, якое на пачатку сьнежня зьявілася на старонках “Мінскага кур'ера”, а таксама прагучала на хвалях “Радыё Мінск”. Абодва СМІ падпарадкоўваюцца Менгарвыканаму.

Як кажа колішні выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара “Мінскага кур'ера” Ігар Чарткоў, Новікаў заснаваў мэдыя-холдынг у складзе “Сталічнага тэлебачаньня”, радыё “Мінск” і газэты “Мінскі кур'ер”, даўшы працу многім людзям. Потым, праўда, СТВ з агульнай мэдыя-структуры вывелі:

“Рыгор Новікаў — гэта чалавек справы. Ён пачаў рабіць “Сталічнае тэлебачаньне”, зрабіў радыё, арганізаваў агенцтва, зрабіў газэту, якая стала адзінай у Беларусі шасьцідзённай. Па працы мы сутыкаліся вельмі і вельмі жорстка і думалі, што назаўтра ня зможам працаваць. Але ж прыходзілі і працавалі. І да таго дапрацаваліся, што ён атрымаў на працы інсульт. Якраз таму, што за ўсё перажываў”.

Размова пра спорт — крамола?

Апазыцыйны палітык, колішні дэпутат Палаты прадстаўнікоў, славуты спартовец Уладзімер Парфяновіч, які ўскосна спрычыніўся да звальненьня Рыгора Новікава, так камэнтуе здарэньне ў сьценах Менгарвыканкаму:
Калі я “няправільны” чалавек, то хто ў гэтай краіне ўвогуле тады правільны? Сьпіс жа “няправільных” народу не паказваюць!

“Калі я “няправільны” чалавек, то хто ў гэтай краіне ўвогуле тады правільны? Сьпіс жа “няправільных” народу не паказваюць! Але з улікам гэтай сытуацыі, мне здаецца, у краіне ўмацоўваецца маразм і шызафрэнія. Апошняя, як вядома, ня лечыцца, а толькі разьвіваецца. Куды яна прывядзе нашу краіну — нават не бяруся прагназаваць”.

Карэспандэнт: “Наколькі я прыгадваю, у тым інтэрвію не было ні палітыкі, ні ўвогуле чагосьці крамольнага...”

“Абсалютна. Размова толькі пра спорт і пра жыцьцё. А не задавальняе тое, што ёсьць такое прозьвішча. Якраз прозьвішча кагосьці і не задавальняе. Ідэолягі не сьпяць, яны сумленна адпрацоўваюць свае заробкі. Калі ў краіне з палітычных матываў мае месца забарона на прафэсію, то гэта шмат пра што сьведчыць. І сытуацыя ня тое што дзіўная сама па сабе; як мне падаецца, яна патрабуе неадкладнага паходу да лекара. Іншага варыянта ня бачу. Толькі “Навінкі” камусьці дапамогуць…”

Рыгор Новікаў ад сёньняшняга дня афіцыйна ў мэдыя-холдынгу “Мінск-навіны” не працуе. Ягоны тэлефон не адказвае.

XS
SM
MD
LG