Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску адбудзецца паседжаньне Дзяржсавету так званай саюзнай дзяржавы. Перад гэтым У.Пуцін правёў перамовы сам на сам з А.Лукашэнкам.



Дзяржаўныя мэдыі акцэнтавалі ўвагу, што гэты візыт Пуціна – першы афіцыйны візыт у Беларусь. Каля прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі адбылася афіцыйная цырымонія сустрэчы расейскага кіраўніка. У яго дэлегацыі прэм’ер-міністар Віктар Зубкоў, старшыня Савету фэдэрацыі Сяргей Міронаў, сьпікер Дзярждумы Барыс Грызлоў, міністар фінансаў Аляксей Кудрын і міністар Міністэрства эканомікі і разьвіцьця Эльвіра Набіўліна.

Пасьля кароткай цырымоніі адбылася гутарка двух кіраўнікоў. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што бакі маюць дамовіцца па ўсіх пытаньнях і выказаў зьдзіўленьне “ажыятажам, які выклікаў візыт на Захадзе”.

“Тут абсалютна няма ніякага падтэксту. Мы, сапраўды, як сяброўскія саюзныя дзяржавы сустракаемся ў Менску і было б дзіўна, што вы ў якасьці прэзыдэнта Расеі не пабывалі ў Менску з афіцыйным візытам. Мы з вамі выявілі ў Душанбэ, што мы пастаянна сустракаліся ў рабочым фармаце і ніколі не было вашага афіцыйнага візыту ў Менск”.

Паводле У.Пуціна, “аб’ём узаемных стасункаў адпраўляе на другі плян усялякі афіцыёз, але калісьці трэба заняцца і абмеркаваньнем афіцыйных пытаньняў”.

У сувязі з візытам прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Менск прымаюцца надзвычайныя захады бясьпекі.

Уздоўж цэнтральных праспэктаў шмат міліцыянтаў, салдатаў унутраных войскаў, спэцназаўцаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным, як расейскіх, так і беларускіх.

У дварах дамоў на праспэкце Незалежнасьці паўсюль супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным.

Для вітаньня расейскага прэзыдэнта на плошчу Перамогі прывялі студэнтаў, рабочых менскіх заводаў, навучэнцаў каледжаў, Акадэміі міліцыі ды іншых арганізацый.

На плошчу іх прапускалі паводле адмысловых сьпісаў

Абвешчана пра тое, што ад 10 да 18 гадзіны рух машынаў па шэрагу цэнтральных вуліцаў будзе часова абмежаваны.

Праехаць нельга будзе па Менскай кальцавой дарозе на ўчастку ад Даўгінаўскага тракту да вуліцы Ціміразева, па праспэкту Пераможцаў, па праспэкту Незалежнасьці на ўчастку ад вуліцы Гарадзкі Вал у накірунку да Нацыянальнага аэрапорту “Менск”, па вуліцах Энгельса, Леніна. Захарава, Кісялёва, Гарадзкі Вал, Раманаўская Слабада, па вуліцы Кальварыйскай і Клары Цэткін, паведамляе Дзяржаўтаінспэкцыя.


XS
SM
MD
LG