Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларус жывучы кропляй балцкай крыві"


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”


У “Доме літаратара” Васіль Зуёнак, Сяргей Запрудзкі, Ганна Кісьліцына

ЮБІЛЕІ

СЯРГЕЙ ЗАПРУДЗКІ: “АДАМ МАЛЬДЗІС У БЕЛАРУСІ АДЗІН”

Міжнародная асацыяцыя беларусістаў падрыхтавала і выдала вялікі том артыкулаў, прысьвечаных 75-годзьдзю стваральніка і шматгадовага кіраўніка гэтае грамадзкае арганізацыі прафэсара Адама Мальдзіса. “Беларусь і беларусы ў прасторы і часе” – так называецца зборнік, які ня мае аналягаў у гісторыі айчыннага кнігавыданьня. З адным зь ягоных складальнікаў і рэдактараў, старшынём Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Сяргеем Запрудзкім гутарыць наша карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Запрудзкі, чаму ня кнігай самога юбіляра, а зборнікам артыкулаў у ягоны гонар Міжнародная асацыяцыя беларусістаў вырашыла адзначыць 75-годзьдзе прафэсара Адама Мальдзіса?”

Сяргей Запрудзкі: “Я павінен сказаць, што кніга самога юбіляра таксама выдадзеная. Яна літаральна днямі зьявілася ў кнігарнях. Выдавецтва “Беларускі кнігазбор” выпусьціла том выбраных працаў Адама Восіпавіча. Гэта па-першае. Па-другое, хоць традыцыя выдаваць адмысловыя кнігі на ўшанаваньне выдатных асобаў у Беларусі ня вельмі разьвітая, тым ня менш, яна існуе з савецкіх часоў. А ў цэлым калі гаварыць пра такога тыпу зборнікі, то для навуковых супольнасьцяў гэта вельмі традыцыйная рэч. Як толькі надыходзіць пара пэўных юбілеяў, шаноўныя навукоўцы атрымліваюць такія зборнікі, укладзеныя іх вучнямі”.

Аксак: “На вокладцы зборніка ў гонар Адама Мальдзіса напісана “Беларусь і беларусы ў прасторы і часе”. Чаму кніга называецца крыху абстрагавана ад імя асобы, якой прысьвечана?”

Запрудзкі: “Я хачу вам сказаць, што ў нас было толькі два варыянты. І адзін зь іх – “Чалавек Адраджэньня”, па назьве ўступнага эсэ Людмілы Рублеўскай. Але назвы такога тыпу кніг павінны быць навуковымі, а “Чалавек Адраджэньня” – гэта пэўны вобраз. Акрамя таго гісторыкі гавораць, што сэнс слова “адраджэньне” па-рознаму можна разумець. Калі ж гаворка ідзе пра назву “Беларусь і беларусы ў прасторы і часе”, то, на маю думку, такая назва вельмі моцна асацыюецца з асобай юбіляра. Юбіляр вельмі шмат зрабіў для таго, каб мы зразумелі, што сабой уяўляе Беларусь паміж Польшчай, Расеяй, Украінай, Літвой, Японіяй, Францыяй, Злучанымі Штатамі Амэрыкі, Вялікабрытаніяй. І тое самае ён зрабіў, каб мы зразумелі, што такое Беларусь у часе. Ягонае васямнаццатае стагодзьдзе, па якім ён пісаў дысэртацыю, дзевятнаццатае, якім ён вельмі шмат займаўся, яго кніга пра Ўладзімера Караткевіча і бягучая літаратурная крытыка, якой ён займаўся і займаецца, – дваццатае стагодзьдзе. Таму, на маю думку, назва адпавядае нашаму герою”.

Аксак: “Зборнік мае пяць разьдзелаў, і толькі першы зь іх утрымлівае артыкулы, біяграфічныя эсэ і вершы, прысьвечаныя непасрэдна слыннаму дасьледчыку беларускае літаратуры і культуры. Ён і называецца Maldzisiana. Астатнія разьдзелы складзеныя з розных артыкулаў, прысьвечаных праблемам культуры старажытнай, новай і найноўшай Беларусі. Чым выклікана выданьне пад адною вокладкаю такіх розных публікацыяў?”

Запрудзкі: “Калі гаворка ідзе пра артыкулы, прысьвечаныя самому юбіляру, то іх у нас тут адзінаццаць. І я б сказаў, што мы нават больш зьмясьцілі такіх артыкулаў, чым звычайна прынята ў такіх выданьнях. А асноўная частка такога тыпу зборнікаў – гэта ўласна навуковая частка. І калі вы лічыце, што гэтыя публікацыі вельмі розныя, то я думаю, што яны адлюстроўваюць вельмі разнастайныя зацікаўленьні Адама Восіпавіча. Прычым некаторыя артыкулы зусім непасрэдна апэлююць да працаў самога Адама Восіпавіча, маюць спасылкі на яго працы. Такія зборнікі маюць вельмі разнастайныя мэты: каб былі прадстаўленыя розныя краіны, каб былі прадстаўленыя сябры юбіляра. І неабавязкова, што нейкі ягоны сябра займаецца такой жа праблематыкай, як ён сам”.

Аксак: “Вы згадалі розныя краіны. Гэтае выданьне, сапраўды, шматмоўнае. Артыкулы пададзеныя па-беларуску, па-польску, па-расейску, па-нямецку, па-ангельску. Яны надрукаваныя на мове арыгіналу напісаньня, так? І на якога чытача-паліглёта ў такім разе разьлічанае гэтае выданьне?”

Шматмоўнасьць зборніка была абумоўлена дзьвюма прычынамі. Першая – тэхнічная...
Запрудзкі:
“Шматмоўнасьць зборніка была абумоўлена дзьвюма прычынамі. Першая – тэхнічная. Мы даволі мала часу далі нашым замежным калегам на падрыхтоўку публікацый, і ў такім разе нам было зручней папрасіць іх пісаць на мове іхняга выбару. Такім чынам мы атрымалі працы ангельца Арнольда МакМіліна, аўстрыйскай дасьледчыцы Монікі Банькоўскі і іншых замежных калегаў. Калі б ставілі ім нейкія моўныя абмежаваньні, у нас была б больш складаная сытуацыя. А з другога боку – гэта традыцыя выданьня такіх зборнікаў. Я сам друкаваўся ў такіх зборніках за мяжой, і мне ніхто ніколі не выстаўляў моўных патрабаваньняў. І мы разумеем, што чытачы падобных выданьняў – навуковая, адукаваная публіка, якая хаця б па-польску ўмее чытаць. А калі гаворка ідзе пра іншыя мовы, то ў чытачоў будзе падстава перакласьці ўпадабаных аўтараў на беларускую мову”.

Аксак: “Не магу ўстрымацца ад пытаньня пра тое, каму наступнаму Міжнародная асацыяцыя беларусістаў рыхтуе такі падарунак, які яна зрабіла прафэсару Мальдзісу?”

Запрудзкі: “Баюся, што мне складана будзе адказаць на гэтае пытаньне. У прадмове мы напісалі, што гэта першы ў нас выпадак, калі кніга прысьвячаецца аўтару, які цяпер актыўна працуе. А Адам Восіпавіч Мальдзіс у Беларусі такі адзін. Раней Міжнародная асацыяцыя беларусістаў выдавала кнігі, прысьвечаныя гістарычным клясыкам.”

АЎТАР І ТВОР

ВАСІЛЬ ЗУЁНАК: “БЕЛАРУС ЖЫВУЧЫ КРОПЛЯЙ БАЛЦКАЙ КРЫВІ”

Паэт Васіль Зуёнак у №30 часопісу “Дзеяслоў” апублікаваў эсэ “Гукаючы слова, або Рыфма – гучная сяброўка”, якое можна разглядаць як першую ў айчынным літаратуразнаўстве спробу дасьледаваць генэзіс беларускай рыфмы. Разам з аўтарам у эсэ ўчытаўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадар Васіль, самыя старажытныя творы усясьветнай паэзіі напісаныя бяз рыфмы, гэта значыць, яна зьявілася пазьней. Калі ж упершыню рыфма прыйшла ў старабеларускае прыгожае пісьменства?”

Васіль Зуёнак:
“У беларусаў, як і ў іншых славянаў, рыфма зьявілася адносна нядаўна. Але сама па сабе рыфма старажытная. Яе радавод сягае ажно ў антычны сьвет. А зьявілася яна ў другім тысячагодзьдзі да нашай эры ў старажытным Кітаі. Адтуль яна перайшла ў арабскі сьвет, яшчэ даісламскі. А арабы прынесьлі рыфму ў Эўропу, у латыні пачала рыфма трошкі ўжывацца пачынаючы з канца 16-га стагодзьдзя. У народнай паэзіі яна жыла намнога раней. У Бібліі таксама можна рыфму знайсьці. Але гэта не клясычная рыфма. Там сугучнае слова ўсплывала, каб нейкую думку падкрэсьліць”.

Скобла:
“Ня ведаю лепшай рыфмы, чымся ў народнай паэзіі: “А ў яго дачка – як ягадачка! Ніякі паэт такой не прыдумае.”

Зуёнак:
“Ніл Гілевіч дасьледаваў народную творчасьць, і ў ягоным дасьледаваньні ёсьць цэлы разьдзел, прысьвечаны рыфме. Там такія рыфмы! Сапраўды, паэтам і ня сьніліся! Настолькі калярытныя: рэдзенька – сярэдзінка, без кубла – не скубла, гаспадар – распрадаў…”

Скобла: “Сучасная эўрапейская паэзія на захад ад Беларусі амаль адмовілася ад рыфмы. Ці пойдуць гэтым шляхам беларускія паэты?”

Зуёнак: “Тут цяжка быць аракулам. Але калі наша паэзія пачне адмаўляць рыфму, то гэта шлях беспэрспэктыўны, тупіковы. У нас мова настолькі багатая, настолькі гнуткая, што рыфмаваць можна зь незвычайнай вынаходлівасьцю... А нямецкая ці ангельская мовы скоўваюць паэтаў. І яны гэта адчуваюць, таму й цураюцца рыфмы. Але рыфма жыве толькі ў сваёй мове. Гэта ведаюць паэты, якія зазналі на сабе горыч перакладу на другія мовы”.

Скобла: “Часам беларускія паэты верлібр перакладаюць рыфмаваным вершам. Прыклад – пераклад Ніны Мацяш з Анакрэона (праўда, пры пасярэдніцтве Рансара). Ці дапушчальна гэтак рабіць?”

Зуёнак: “Думаю, што не. Ці Анакрэона, ці некага іншага – паэта трэба захоўваць ва ўсёй ягонай адметнасьці і велічы. Трэба, каб Анакрэон Анакрэонам і заставаўся. Ня трэба абсучасьніваць. Для перакладчыка павінен быць Богам арыгінал. А з Богам жартаваць я ня раю. Мы гаварылі пра тое, што нерыфмаваныя вершы рыфмуюцца, а бывае наадварот – нашу рыфмаваную паэзію на Захадзе перакладаюць вэрлібрам. Гэта яшчэ горш”.

Скобла: “А хто ў беларускай паэзіі самы непераўзыдзены рыфмар? У каго рыфма самая арыгінальная?”

Зуёнак: “Тут я б выдзеліў адну са школаў. Запачаткаваў яе Максім Багдановіч, разьвілі гэты напрамак Уладзімер Дубоўка, Язэп Пушча, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін, Пятрусь Макаль. А самая арыгінальная рыфма хіба ў Панчанкі. Ён знаходзіў такія нечаканыя сугуччы! Памятаеце, у Ясеніна: “Шагане ты моя, Шагане...” А ў Панчанкі ў яго “Іранскім дзёньніку”: “Гарачымі вачыма з-пад чадры іранка шугане – мімаволі ты прашэпчаш імя, чутае калісьці – “Шаганэ”. І вось, зноў жа, жыцьцё гэтай рыфмы толькі ў беларускай мове”.

Скобла: “Ведаю, што адразу два беларускія паэты – Алег Мінкін у Вільні і Сяржук Сокалаў-Воюш у Нью-Ёрку – складаюць слоўнікі рыфмаў. Ці не безнадзейная гэта справа?”

Зуёнак: “Тут сапраўды праца можа цягнуцца бясконца. Практычнага сэнсу гэтыя слоўнікі ня маюць, нельга ж навучыцца пісаць па слоўніку вершы. А вось для філялягічных нейкіх вышукаў яны спатрэбяцца. Слоўнік рыфмаў пакажа багацьці і магчымасьці мовы. Дадамо, аднак што ў наш кампутарны час, відаць, лепш за чалавека і хутчэй склаў бы слоўнік рыфмаў кампутар, калі яму задаць адпаведную праграму”.

ВАСІЛЬ ЗУЁНАК. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

* * *

Балоты, балоты… Балты…
Адно ў адным, як замес.
Тысячагодзьдзяў гвалты,
А балт – не памёр, не ўваскрэс.

А балт жывы, неўміручы,
Сам Бог так сказаў: “Жыві!”
Тым беларус і жывучы –
Кропляй балцкай крыві!

* * *

Чытаю вершы Зянона,
Як музыку фартэп’янную.
Слухаю слова, натхнёнае
Радзімаю адабранай.

Ляцяць Пагоняй агністаю
Этуды – прысуды прыблудам,
Як “Разьвітаньне…” Агінскага,
Як “Быў. Ёсьць. Буду”.

* * *
Самазванцы дваццаць першага стагодзьдзя, –
Вы адкуль і вы чые сыны?
Прарастаюць зь семені бязродзьдзя
На зьдзічэлым полі палыны.

Самародцы дваццаць першага стагодзьдзя,
Прыкарытнай велічы чыны, –
Ля карыта свой свайго і плодзіць:
Лыч у лыч, з калыскі да труны.

Самахвальцы дваццаць першага стагодзьдзя,
Казак дзіўных тэлебаюны…
Ды чамусьці моўчкі абыходзіць
Будучыня вашыя званы.

Самаўладцы дваццаць першага стагодзьдзя,
Шулы вэртыкальнае маны, –
Хто душу народу адгародзіць
Ад уладнай шулерскай маны?

* * *

З народам сваім, як зь лёсам сваім,
Стаю на вякоў скрыжаваньні.
Як ён ува мне, так і я у ім,
Над безданьню выжываньня.

Калі гляджу на прасторы нябёс
З палётам мар-аблачынак,
Ці згадваю Начы разьлівісты плёс
Зь нерастам шчупачыным,

Калі чытаю старонкі палёў,
Ці думаю думы лясныя,
Ці слухаю памяць сівых камянёў, --
Як сэрца балюча ные!

Зямля мая, маці мая, няўжо
Мы лёс такі заслужылі,
Што будзем думаць на мове чужой
І песьні сьпяваць чужыя?..


КРЫТЫКА

ГАННА КІСЬЛІЦЫНА. ТАНЦАВАЛЬНАЯ ГАДЗІНА АД “ІНЖЫНЕРА ЧАЛАВЕЧЫХ НОГ”, альбо ТОЛЬКІ СОНЦА МАЕ ПРАВА НА ПЛЯМЫ

Багуміл Грабал. Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных. Пераклад з чэскае мовы Яна Максімюка. Мн., 2007

Беларускамоўная частка грамадзтва ўзрушана паходам рокераў у калідоры ўлады… Знайшліся і тыя, хто хутка асудзіў былых музкуміраў за калябаранцтва і нават вынес прысуд: дыскі ў сьметніцу, музыку сьцерці… Не апраўдваючы прыстасавальніцтва як зьяву, нагадаю эпізод з гісторыі ўсясьветнай літаратуры.

Напярэдадні выбараў 1975 году Багумілу Грабалу давялося заплаціць подпісам пад памяркоўным інтэрвію за права друкавацца ў роднай Чэхіі. Інтэрвію гэтае справакавала антыграбалаўскія выступы студэнтаў, якія палілі кнігі пісьменьніка на Карлавым мосьце і высьпе Кампа ў цэнтры Прагі. Асудзіла яго і ладная частка дзеячоў культуры, апазыцыйнай да рэжыму… А творы Грабала так да 1989 году і выходзілі зьнявечанымі – то з драконавай цэнзурай ў афіцыйных выдавецтвах, то ў самвыдаце…

Зь якой лёгкасьцю іншым разам мы дэлегуем уласнае права на незалежнасьць творчым людзям… Як проста абменьваем сваю любоў на іх адказнасьць перад намі! І як хутка асуджаем, калі іх уяўленьне пра свабоду не супала з нашым, прыватным… Хто, акрамя гісторыкаў, памятае імёны ідэолягаў, зь якімі давялося гаварыць Грабалу? Хто ведае імёны тых студэнтаў, якія палілі яго кнігі… А творы Грабала ўславілі Чэхію. Больш таго. Падазраю, што нашы з вамі чытацкія ўяўленьні пра насельнікаў гэтай краіны ў большасьці якраз і сфармаваныя Гашэкам, Чапэкам і Грабалам. Мае дык дакладна.
Другая справа, што да нядаўняга часу айчынны чытач быў знаёмы адно з расейскімі перакладамі такіх твораў, як “Я абслугоўваў ангельскага караля” і “Занадта шумная самота”. Пераклад “Танцавальных гадзінаў для старэйшых і спрактыкаваных”, зроблены Янам Максімюком, чыталі толькі нешматлікія чытачы часопіса “Правінцыя”. А твор таго варты!

Напэўна, ва ўсіх, хто больш менш цікавіцца літаратурай, ужо склаліся свае ўзаемадносіны з творамі Грабала… Напрыклад, для мяне актуальнае вызначэньне Грабала, як Кафкі і Гашака ў адным фляконе. І я заўсёды адчуваю нязгоду, калі чую ці чытаю пра Грабала як выключна пра гумарыста. Гумар гэты настолькі спэцыфічны, – як і ва ўсіх прадстаўнікоў “праскіх іронікаў,” – што было б добра наогул гэтае слова выключыць, ці, прынамсі, не выкарыстоўваць у выпадках, калі фармат не дазваляе даваць разгорнутыя тлумачэньні. Мяркуйце самі.

Хрыстос жа, лекар усіх народаў, апірышча бедных, ужо тады ведаў, што чалавек схільны да лайдацтва і зараз потым да сьлёз, таму меў досыць сілы і за ўсіх узяў тое бервяно на плечы ды зьбіты і ўвесь у крыві валок яго два кілямэтры на Гальготу, сьвятары й да сёньня гэтаму зьдзіўляюцца, найахвотней выкладаюць дзецям пра сьвятую Тройцу, што айцец ёсць уласным сынам, а сын сваім айцом, і што яны перапісваюцца з дапамогай галубіцы, ну й лухта, ажно ў мазгах рыпіць, як быццам ксяндзам было мала, што яны чуюць на споведзі, тыя нягоды зь няшлюбнымі сынамі і айчымамі, але гэта людзям ня трэба, бо Хрыстос хацеў любові да блізкага, дысцыпліны, а ня той любові на канапе, як гэта некаторыя тутака плятуць.

У бясконцай стужцы маналёгу, якую разматвае стары байдун перад маладзіцай (а гэта і ёсьць зьместам кнігі), Хрыстос, які выступае ў заўсёдным тандэме з Гаўлічакам, – увасабляе права герояў на чалавечнасьць. Гэтак жа як і Моцарт – ці Моцарцік, – які рэпрэзэнтуе права творцаў на асабовасьць, адметнасьць, непадуладнасьць агульнаму стандарту.

Дарэчы, такіх вобразаў-сымбаляў, якія, нібы цьвічкі, трымаюць даўжэзную тканіну апавяданьня, некалькі. У іх зь цяжкасьцю пазнаюцца гістарычныя і міталягічныя прататыпы. Так, Марыя Тэрэза выступае выключна меркай фізычных прапорцый, граф Зэлікоўскі сымбалізуе грубасьць адміністратыўнай сыстэмы, паэт Бонды – акцэнтуе аўтарскую думку пра несупадзеньне паэтычнага і паўсядзённага, Анна Новакава – аўтарка соньніка – маркіруе эратычныя моманты… Эратызм Грабалаўскага тэксту – зьява, якую хацелася б адзначыць асобна. Бо гэта той рэдкі выпадак, калі мова эўфэмізмаў, скарыстаная пісьменьнікам, абсалютна не прыхоўвае пачуцьцёвасьці, жыцьцёвай энэргіі, якой так уражвае галоўны герой-апавядальнік, ці, па аўтарскім вызначэньні, байдун, які пасьлядоўна, але зусім няпатасна выступае супраць фарысэйства.

...На той час у Аўстрыі было вельмі модна правяраць і дапытвацца, хто ёсьць Айцец, хто сын, а хто дух сьвяты? Аднаго ксяндза нават судзілі, таму што сёстры Ульманавы не змаглі яму адказаць, чым тая Сьвятая Тройца насамрэч ёсьць, і ксёндз пасадзіў іх голымі попкамі на распаленую печку, ну й потым тыя сёстры ня выйшлі замуж, ніхто не хацеў мець зь імі дачыненьні, калі яны ня ведалі пра Сьвятую Тройцу, праўду кажучы, ніхто гэтага толкам ня ведаў, але ўсе прыкідваліся, што ведаюць, дык тыя сёстры сеялі сланечнікі…

Згаданы тут выраз “За Аўстрыяй…” – амаль тоесны таму іранічна- ухвальнаму сэнсу, які ўкладаюць старыя беларусы-заходнікі ў культурна-гістарычны адпаведнік “За Польшчай”. Наогул, беларускага духу ў кнізе “Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных” багата. У першую чаргу гэта адбылося дзякуючы ўдаламу, як на мой погляд, перакладу Яна Максімюка, чыю пасьлямову “Пра дзядзьку Пэпіна і Танцавальныя гадзіны” я вам раю абавязкова прачытаць. І з-за пэўнай адпаведнасьці нацыянальнага характару, рэпрэзэнтаванага нашымі літаратурамі.

Тут варта прыгадаць “Ніжнія Байдуны” Янкі Брыля, па сутнасьці, адзіны твор, які можа падрыхтаваць беларускага чытача да сустрэчы з балбатлівым героем “Танцавальных гадзінаў”. Культурныя паралелі гэтых пісьменьнікаў маглі б стаць тэмай асобнай гаворкі, але адзначу галоўнае, што іх аб’ядноўвае: уменьне бачыць асноўную праўду, “праўду беднага, добрага, разумна-вясёлага чалавека” (Я. Брыль. Ніжнія Байдуны).
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG