Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хутка ўсім банкам можна будзе давяраць


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у першым чытаньні прынялі праект закону “Аб кампэнсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазытаў) фізычных асобаў”.

Згодна з законапраектам, Саветам міністраў і Нацыянальным банкам будзе створана Агенцтва для кампэнсацыі ўкладаў. Грамадзянін краіны зможа гарантавана вярнуць свой уклад без судовых працэдур, зьвярнуўшыся ў гэтае агенцтва.
На сёньняшні дзень у Беларусі даволі складаная сыстэма вяртаньня ўкладаў. У некаторых банках ёсьць дзяржаўны капітал, і ўкладчыкам гарантуецца кампэнсацыя ўкладаў цалкам – як у рублях, так і ў валюце. У некаторых гарантуецца вяртаньне толькі валютных укладаў. Астатнія банкі, якіх бальшыня, гарантуюць вяртаньне праз створаны пры Нацбанку фонд, але сума абмежаваная – да 1 тысячы даляраў на кожнага ўкладчыка.
Дарэчы, ува ўсім сьвеце ёсьць абмежаваньні ў суме, якую банкі гарантуюць вярнуць цалкам: у ЗША гэта 100 тысяч даляраў, у Эўропе – каля 20 тысяч эўра. А калі ты хочаш застрахаваць увесь уклад, або разносіш уклады па розных банках, або дадаткова страхуеш тую частку ўкладу, кампэнсацыі якой дзяржава не гарантуе.
У Беларусі яшчэ памятаюць цьмяную гісторыю з банкам “БелБалтыя”, у якім у 1990-я гады было больш за 18 мільёнаў даляраў укладаў насельніцтва (на той час вельмі вялікая сума). “БелБалтыя” збанкрутавала, а людзі праз суд дамагаліся сваіх грошай амаль 5 гадоў.
“А вось калі будзе Агенцтва па вяртаньні ўкладаў, – тлумачыць начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў, – пытаньне будзе вырашацца надзвычай проста: калі ўкладчыку ня выдалі ўкладу (нават калі банк не аб’яўлены банкрутам), укладчык прыносіць заяву ў агенцтва, агенцтва правярае і цягам месяца вяртае грошы. А што да парогавай сумы, тут ёсьць варыянты: або чалавек давярае банку, або ён можа разьнесьці грошы па розных банках, або застрахаваць свой уклад у страхавых арганізацыях”.
У адпаведнасьці з законапраектам, грамадзянін зможа гарантавана вярнуць увесь уклад, які складае да 2 тысяч эўра, або 80 % – калі ўклад да 5 тысяч эўра. Паводле намесьніка старшыні Нацбанку Паўла Калаўра, у розных банках чалавек можа гарантавана атрымаць кампэнсацыю ў агульным аб’ёме да 40 тысяч эўра.
А вось што да замарожаных укладаў у савецкім Ашчадным банку, спадзявацца на кампэнсацыю не даводзіцца. На пачатку 1990-х у многіх савецкіх грамадзянаў згарэлі сумы, на якія ў той час можна было набыць аўтамабіль і нават кватэру. Праўда, ні ў воднай постсавецкай краіне тых укладаў цалкам не кампэнсавалі.
“Сутнасьць не ў адсутнасьці жаданьня іх вярнуць, а ў адсутнасьці сродкаў, – гаворыць начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў. – Таму што назапасілася вельмі вялікая сума ўкладаў грамадзянаў. У Беларусі гэта парадку двух бюджэтаў гадавых. Вярнуць іх вельмі цяжка. Натуральна, ніхто гэтай праблемы не здымае з парадку дня. Але як гэта зрабіць... Грошы вельмі вялікія”.
XS
SM
MD
LG