Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьявіцца ў Горадні помнік Антонію Тызэнгаўзу?


Гарадзенскую абласную арганізацыю Саюзу мастакоў узначаліў скульптар Аляксандар Анціпін. Новы кіраўнік філіі Саюзу мастакоў спадзяецца, што праца для скульптараў у Горадні нарэшце зьявіцца. Майстэрню Аляксандра Анціпіна наведаў наш карэспандэнт.

У Горадні стаяць побач амаль стогадовыя воданапорныя вежы, якія называюць Кася і Бася, у іх сёньня майстэрні мастакоў, у тым ліку й Аляксандра Анціпіна. Ён кажа ў гэтай сувязі, што “жанчыны заўсёды натхняюць мужчынаў”.
У гарвыканкаме толькі што абмеркавалі, якія помнікі варта паставіць у горадзе. Вонкава ён зьмяняецца, але архітэктуры шмат, а помнікаў амаль што няма. Які помнік улады ня супраць паставіць першым? — пытаньне да Аляксандра Анціпіна, які таксама быў на горадабудаўнічай радзе.
“Дапусьцім, падабаецца такая ідэя паставіць помнік гарадзенскаму старосту Тызэнгаўзу. Ён будаваў шмат у горадзе ў канцы ХVІІІ стагодзьдзя, да сёньняшняга дня захаваліся прыгожыя будынкі. І людзі павінны быць яму ўдзячныя і паставіць гэтаму чалавеку помнік, а якога ён будзе памеру, формы, вызначыць потым конкурс”.
А пра які помнік марыць сам скульптар?
“У мяне зроблены праект помніка менавіта Тызэнгаўзу. Ёсьць у мяне таксама праект помніка Багдановічу. Ужо думаюць, дзе знайсьці ў горадзе месца адпаведнае, дзе б ён добра выглядаў”.
Нядаўна была адкрытая мэмарыяльная дошка заснавальнікам народнага ансамблю “Нёман”, якую выканаў Аляксандар Анціпін.
“А значных працаў у горадзе яшчэ не рабілася, бо ён толькі цяпер гатовы для гэтых помнікаў. Вось ён стаў такі прыгожы, утульны, зьявілася шмат граніту, а граніт заўжды патрабуе бронзы, мэталу нейкага, і яны будуць адно аднаго дапаўняць”.
Скульптару хочацца верыць, што менавіта так і будзе. Бо пакуль што, кажа ён, выпускнікі Акадэміі мастацтваў ня хочуць ехаць у прыгожую, старажытную Горадню, дзе прыемна жыць і працаваць. Праблема ў тым, што працы няма. Нават у Гомелі, кажа Аляксандар Анціпін, нядаўна паставілі помнік заснавальнікам гораду: толькі за бронзавае ліцьцё заплацілі амаль паўмільярда рублёў. Гарадзенскія ўлады пакуль што на ліцьці прызвычаіліся эканоміць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG