Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёну Менску расьсьледуюць абставіны зьбіцьця актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Хведарука. 12 сьнежня падчас разгону дэманстрацыі “За незалежнасьць”, калі зьбівалі людзей, са Зьмітром Хведаруком абышліся асабліва жорстка. Узброеныя спэцназаўцы павалілі яго на прыступкі і тапталі нагамі. Непрытомнага Зьмітра адвезьлі ў 9 клінічны шпіталь.

Зьміцер Хведарук ляжыць у аддзяленьні спалучальных траўмаў 9 клінічнага шпіталя. Мэдыкі зафіксавалі пабоі і чэрапна-мазгавую траўму. Маці Зьмітра Ірына Хведарук была ў шпіталі празь некалькі хвілінаў пасьля таго, як ёй патэлефанавалі і паведамілі, што здарылася з сынам.

Зьміцер ня мог нават размаўляць. Гаворыць Ірына Хведарук:

У гісторыію хваробы напісана: “прычына атрыманых траўмаў — зьбіты супрацоўнікамі міліцыі”...
“Я бачыла гісторыю хваробы. Там напісана: “прычына атрыманых траўмаў — зьбіты супрацоўнікамі міліцыі”. Калі Дзіма змог размаўляць, ён сказаў, што зьбівалі яго сьвядома. Гэта была не выпадковасьць, у запале разгону, выцісканьня з плошчы, а, што яго менавіта прапусьцілі праз шэраг амонаўцаў, якія выціскалі пікетоўцаў”.

Сёньня Зьміцер Хведарук пачуваецца лепей. Да 5 вечара да яго нікога не пускалі, спасылаючыся на правілы ўнутранага распарадку шпіталя. Зьміцер змог сказаць некалькі словаў Радыё Свабода праз мабільны тэлефон:

“Дзякуй Богу, я сябе ўжо лепей адчуваю. Магу ўжо размаўляць спакойна, хоць баліць галава. Як толькі ўздымаюся, то галава ідзе кругам. Мяне возяць на каталцы. Але магло быць і горш. Пасьля некалькіх удараў па галаве, патыліцы, у сківіцу, у скронь я зваліўся на зямлю. Мяне яшчэ працягвалі зьбіваць супрацоўнікі АМОНу, некалькі чалавек. Дакладна не магу сказаць, колькі, бо было цёмна, а потым я страціў прытомнасьць і ачуўся ўжо ў шпіталі”.

Пасьля некалькіх удараў па галаве, патыліцы, у сківіцу, у скронь я зваліўся на зямлю...
Маці Зьмітра падала заяву ў міліцыю, каб міліцыянтаў, якія зьбілі яе сына, прыцягнулі да адказнасьці. Але яна ня верыць, што справа дойдзе да суду і вінаватых пакараюць.

“Проста калі цяпер высьветляць асобаў, датычных да гэтай справы, то надалей выкарыстоўваць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў супраць бяззбройных людзей, дзяцей і старых, стане немагчыма. Гэта народзіць страх у асяродку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Бо што разьвязвае рукі? Беспакаранасьць. Мужны чалавек ніколі ня ўдарыць слабога і бяззбройнага”.

12 сьнежня пры разгоне дэманстрацыі пацярпелі некалькі чалавек. Апроч моладзі, дасталося і пэнсіянэрам. Мужчыну сталага ўзросту білі па нагах. Ён крычаў, што ён інвалід, але гэта не спыніла спэцназаўцаў, і ён таксама апынуўся на зямлі.

Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў зьбіцьцё людзей і жорсткі разгон мірнай акцыі. Палітыкі і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі таксама выказалі свой пратэст супраць дзеяньняў беларускіх уладаў у дачыненьні да ўдзельнікаў акцыі “За незалежнасьць”, якая была прымеркавана да візыту расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG