Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт рэзка асудзіла гвалтоўны разгон учорашняй акцыі на Кастрычніцкай плошчы, зьбіцьцё Зьміцера Хведарука ды іншых дэмакратычных актывістаў. Паводле кіраўніцы амэрыканскай дыпляматычнай місіі, Злучаныя Штаты маюць намер увесьці эканамічныя санкцыі супраць іншых беларускіх прадпрыемстваў, а ня толькі “Белнафтахіму”, у выпадку, калі беларускія ўлады ня вызваляць палітвязьняў і не пачнуць дэмакратычныя рэформы.


Амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт правяла прэсавую канфэрэнцыю адразу па прылёце з Вашынгтону, дзе на мінулым тыдні прадстаўнікі беларускай апазыцыі сустракаліся з прэзыдэнтам і дзяржсакратаром ЗША. І першая яе заява была рэакцыяй на зьбіцьцё Зьмітра Хведарука, Анатоля Лябедзькі, якія былі ў складзе беларускай дэлегацыі ў ЗША, ды іншых актывістаў.
Намесьнік кіраўніка дыпмісіі ЗША Джонатан Мур і амбасадарка Карэн Ст'юарт

“Я маю рэзка асудзіць дзеяньні ўлады супраць мірных дэманстрантаў. Учора Зьміцер Хведарук быў жорстка зьбіты супрацоўнікамі міліцыі. Ён знаходзіцца ў шпіталі, і сёньня мы працягнем спробы сустрэцца зь ім. У панядзелак пасьля мірнай дэманстрацыі прадпрымальнікаў людзі ў цывільным затрымалі 9 чалавек – Віктара Івашкевіча, Віктара Гарбачова, Віктара Крываля, Аляксея Кашкарава, Віктара Калея, Аляксандра Цацуру, Барыса Гарэцкага, Аляксандра Макаева і Крысьціну Шацікаву. Яны таксама зьбілі Анатоля Лябедзьку і затрымалі Вольгу Казуліну. Гэтыя жорсткія дзеяньні перакрэсьліваюць дасягнуты раней невялікі прагрэс, калі дэманстрацыі праходзілі мірна. Дзярждэпартамэнт ЗША выказвае занепакоенасьць гэтым, і мы спадзяёмся, што гэтым людзям будзе аказаная мэдычная дапамога”, — заявіла амбасадарка ЗША.

Кіраўніца амэрыканскай дыпляматычнай місіі заявіла, што ЗША па-ранейшаму настойваюць на вызваленьні палітвязьняў Аляксандра Казуліна, Андрэя Клімава, Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Мікалая Аўтуховіча і Юр’я Лявонава.

Карэн Ст’юарт паведаміла, што ў выніку пашыраных санкцыяў трыццаці дзяржаўным чыноўнікам і чальцам іхніх сем’яў, якія зьбіраліся ў ЗША зь дзелавымі і турыстычнымі мэтамі, было адмоўлена ў амэрыканскіх візах.

ЗША плянуюць зрабіць захады, аналягічныя тым, якія ўжо зазнаў “Белнафтахім”, у дачыненьні да іншых беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. На пытаньне Радыё Свабода, рахункі якіх прадпрыемстваў могуць замарозіць, амбасадарка сказала: тых, якія кантралююцца “Белнафтахімам” або асобамі, супраць якіх былі ўведзеныя санкцыі, а таксама тых, дзе Аляксандар Лукашэнка асабіста прызначыў кіраўніка прадпрыемства. Каб пазьбегнуць новых санкцыяў, беларускія ўлады павіны зрабіць наступныя крокі, заявіла амбасадарка ЗША ў Беларусі:

Злучаныя Штаты і Эўразьвяз надалей спадзяюцца, што ўлады вызваляць палітвязьняў
“Злучаныя Штаты і Эўразьвяз надалей спадзяюцца, што ўлады вызваляць палітвязьняў, што Беларусь выканае свае абавязаньні адносна правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў і забясьпечыць для беларусаў асноўныя правы чалавека. Гэта не наіўнае спадзяваньне. Злучаныя Штаты ўвесь час дыскутуюць з Эўразьвязам наконт Беларусі. І мы працягнем рабіць адпаведныя крокі, каб сфакусаваць міжнародную ўвагу на людзях, якія нясуць адказнасьць за адсутнасьць прагрэсу ў нашых дачыненьнях. У той жа час мы і надалей будзем па-сяброўску ставіцца да беларускага народу”, — заявіла амбасадарка ЗША.

Карэн Ст’юарт адзначыла, што для ЗША і надалей прыярытэтам застанецца падтрымка незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Амбасадарка выказала сумнеў, ці адбудзецца істотны прагрэс у стварэньні так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі ў часе візыту прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна ў Беларусь.

Супраць створанага нядаўна беларуска-вэнэсуэльскага прадпрыемства па здабычы нафты Злучаныя Штаты, праўдападобна, ня будуць уводзіць эканамічныя санкцыі, паколькі “Белнафтахім” — малодшы партнэр у гэтай кампаніі, заявіла Карэн Ст’юарт.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG