Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 тысяч жураўкоў для міністра У.Навумава


Беларускія праваабаронцы на просьбу “Міжнароднай амністыі” перадалі міністру ўнутраных спраў У.Навумаву 10 тысяч папяровых жураўкоў з партрэтамі Зьмітра Дашкевіча і Аляксандра Казуліна.


Папяровыя жураўкі – гэта маленькія, складзеныя ў трохкутнічкі кавалкі каляровай паперы з партрэтамі палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча і Аляксандра Казуліна. Нанізаўшы на ніткі, іх прычапілі да вялікага папяровага жорава. З такой перадачай праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч прыйшлі сёньня ў міністэрства ўнутраных спраў. Алесь Бяляцкі зьвярнуўся да міліцыянта на ўваходзе:

“Сэнс гэтай кампаніі ў тым, што людзі са ўсяго сьвету робяць такіх маленькіх жураўлікаў. Яны папрасілі нас перадаць іх асабіста міністру Навумаву. Гэта ўсё даслалі нам зь Лёндану”.

Міліцыянт: “З гэтым вы можаце прайсьці ў чацьвёрты пад’езд”.

У чацьвёртым пад’езьдзе міністэрства знаходзіцца грамадзкая прыёмная міністра Ўладзімера Навумава. Супрацоўнік, які дзяжурыў, прыняў перадачу, не забыўшы пры гэтым перапісаць пашпартныя дадзеныя праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Журналісты ў гэты час чакалі ў калідоры ля дзьвярэй прыёмнай. Калі нехта з фотарэпарцёраў захацеў зрабіць здымак, сьвятло ў калідоры нечакана згасла. Што сталася з папяровым жоравам, засталося невядома, але міліцыянт запэўніў, што яго перададуць адрасату.

На вуліцы праваабаронца Валянцін Стэфановіч пракамэнтаваў акцыю:

“Сэнс акцыі яшчэ ў чым? Літаральна ўчора прэсавы сакратар КДБ заявіў, што ў нас няма палітвязьняў у Беларусі, што гэта ўсё прыдумкі. Навумаў таксама неаднаразова пра гэта казаў. Але паводле ўсясьветнай арганізацыі “Міжнародная амністыя” і беларускіх праваабаронцаў, палітвязьні ў нас ёсьць, як ёсьць у кодэксе і палітычныя артыкулы”.

“Міжнародная амністыя” ня першы год праз сваіх шматлікіх актывістаў падтрымлівае такім чынам беларускіх палітвязьняў. Паводле Валянціна Стэфановіча, папяровыя жураўкі ўжо даходзілі ў Шклоўскую калёнію да Зьмітра Дашкевіча праз пошту. “Турэмная цэнзура перадавала яму жураўлікаў у разгорнутым выглядзе, і палітвязень спачатку ня мог зразумець, што гэта за каляровыя аркушы. Потым удалося даслаць тлумачэньне. Зьміцер быў вельмі ўдзячны ўсім, хто яго падтрымаў”, — сказаў праваабаронца. Гэтым разам палова папяровых жураўкоў адрасавана Аляксандру Казуліну.

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч адбывае паўтарагадовае зьняволеньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Месяц таму актывіста прыцягнулі да судовай адказнасьці зноў — ужо за адмову сьведчыць супраць сваіх сяброў з “Маладога фронту”. За гэта суд пакараў Дашкевіча вялікім грашовым штрафам.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін пакараны на 5,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Сваёй віны палітык не прызнае і лічыць гэта палітычным перасьледам.

“Міжнародная амністыя” прызнала Зьмітра Дашкевіча і Аляксандра Казуліна вязьнямі сумленьня.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG