Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Дынько: “Пагадненьні з Расеяй – пагроза незалежнасьці”


Ці можа візыт Уладзімера Пуціна ў Менск несьці нейкую небясьпеку для беларускай незалежнасьці? Ці існуе пагроза ад гэтак званых саюзных пагадненьняў ці іх можна лічыць пустымі паперкамі?


На гэтыя пытаньні адказвае галоўны рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько
Бяда заўжды прыходзіць нечакана. Прадказаць пагрозы дзяржаўнасьці ў краіне, дзе няма прадказальных дзяржаўных інстытуцыяў, вельмі цяжка



Цыганкоў:
“Напярэдадні сёньняшняга візыту Уладзімера Пуціна ў Менск палітыкі і экспэрты падзяліліся на дзьве групы. Адныя непакояцца, што прыезд расейскага прэзыдэнта нясе нейкую пагрозу беларускай дзяржаўнасьці, можа азначаць наступ на беларускую палітычную і энэргетычную незалежнасьць. Іншыя кажуць, што нічога дрэннага ня можа адбыцца, бо для гэтага няма ніякіх падставаў. Якая ваша пазыцыя?”



Дынько: “Бяда заўжды прыходзіць нечакана. Прадказаць пагрозы дзяржаўнасьці ў краіне, дзе няма прадказальных дзяржаўных інстытуцыяў, вельмі цяжка. Найбольшая пагроза ідзе ад таго, што беларуская дзяржаўнасьць падмацаваная не інстытуцыямі, не культурай, не грамадзянскай супольнасьцю, а ўсяго толькі рэжымам, завязаным на аднаго чалавека. Пакуль усе нітачкі вядуць да аднаго чалавека, то ясна, да каго зьвяртацца тым, хто хоча гэтую незалежнасьць адабраць.

З іншага боку, а што мы можам зрабіць, каб прадухіліць такія пагрозы? І тут ніякіх цудадзейных формулаў няма. Пагроза незалежнасьці будзе датуль, дакуль у Беларусі мала людзей будзе размаўляць па-беларуску, дакуль людзі не купляюць кніг і газэтаў, дакуль няма ў краіне дэмакратыі, а сілавыя структуры блытаюць, на якую краіну яны працуюць”.

Цыганкоў: “Але калі сыходзіць з такіх дастаткова максымалісцкіх падыходаў, то пагроза незалежнасьці сапраўды будзе заўсёды, бо няма дасканалых дзяржаваў, нацыянальных супольнасьцяў, дзе не было б хібаў, дзе ўсе чыталі б кнігі..”
Ніводнай з краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія ўступілі ў Эўразьвяз і НАТО, нічога не пагражае

Дынько: “Гэта не зусім так. Ніводнай з краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія ўступілі ў Эўразьвяз і НАТО, нічога не пагражае. Пагроза для нас сыходзіць канкрэтна ад тых пагадненьняў, якія былі заключаныя з Расеяй у 90-я гады – аб “саюзе”, “супольнасьці”, “саюзнай дзяржаве”. Гэтыя дакумэнты падвялі законны грунт пад ліквідацыю беларускай дзяржаўнасьці, якая можа адбыцца ў любы момант, пакуль яны існуюць. Як толькі Беларусь выйдзе з гэтых пагадненьняў, і далучыцца да сям’і эўрапейскіх нацыяў, то адразу яна апынецца пад абарончым парасонам”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG