Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Зборнік народных песьняў ня мог выйсьці навет у колькасьці 2000 экз.”


Пра што пісалі беларускія газэты 13 сьнежня ў розныя гады мінулага

“Известия Мозырского Совета” ў 1917 годзе паведамляюць зь Петраграду: “10 сьнежня а 4 гадзіне дня меліся зьвесткі аб 375 сябрах, выбраных ва Ўстаноўчы Сход. Бальшавікоў — 112, эсэраў — 200, савету сялянскіх дэпутатаў — 2, меньшавікоў — 2, блёк эсэраў і эсдэкаў — 30, эстляндзкага дэмакратычнага блёку — 2, федэратыўных башкіраў — 1, Мусульманскай нацыі —1, Габрэйскай нацыі —2, Эстляндзкай працоўнай партыі — 2”.

“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1957 году адзначае: “Тры гады таму сярэдні тыраж кнігі беларускага пісьменьніка складаў 7400 экз., а ў 1957 г. — 5750 экз. Зборнік народных песьняў у вапрацоўцы Р.Шырмы ня мог выйсьці ў 1957 г. навет у колькасьці 2000 экз., бо кнігагандаль пагаджаўся ўзяць усяго... 150 экз.! Хай кансэрваторыя, музычныя школы ды тыя каля 5-х тысяч самадзейныя харавыя калектывы сьпяваюць братнюю “Кацюшу” ці іншыя частушачныя дрындушкі”.

Актор Уладзімер Гасьцюхін са старонак “Свободных новостей” у 1997 годзе выказваецца гэткім чынам: “У Беларусі ёсьць людзі, якія актыўна выступаюць супраць інтэграцыі з Расеяй, але я гэтага не адчуваю. Гэта ў жоўтай прэсе пастаянна ідзе стогн: не! Напрыклад, Васіль Быкаў займае цяпер актыўную антырасейскую пазыцыю. Яго друкуюць абсалютна антырасейскія газэты. Сусьветнае імя зрабіла яму Расея. Ён друкаваўся ў Расеі, у савецкіх часопісах. Яго пазыцыя для мяне абсалютна непрымальная. Ён здрадзіў сваім героям, таму ж Сотнікаву з фільму “Ўзыходжаньне” паводле ягонай аповесьці. А я вельмі люблю гэтую карціну”.
XS
SM
MD
LG