Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнічае гісторык Валянцін Мазец. Эфір 13 сьнежня 2007 году.

“На пачатку 1964 году ў рэдакцыю газэты "Літаратура і мастацтва" зьвярнуліся жыхары вёскі Гарадзечна Наваградзкага раёну. У сваім лісьце яны падкрэсьлілі, што “пры поўнай свабодзе друку і агромных магчымасьцях разьвіцьця роднага друкаванага слова мы ніяк ня можам (ужо каторы год!) знайсьці і купіць насьценны або настольны беларускі каляндар. Многія людзі хацелі б выясьніць: што за чужакі заселі ў беларускім выдавецтве ў Менску? I хто ім даў права вясьці дэнацыяналізатарскую палітыку? Хіба яны ніколі не чыталі твораў Леніна аб нацыянальным пытаньні?"

Пісьмо Анішчанкі і ягоных аднавяскоўцаў не засталося без увагі. Загадчык сэктару друку, радыё і тэлебачаньня ідэалягічнага аддзелу ЦК КПБ Аркадзь Толсьцік адзначыў, што ліст разгледжаны, і яго аўтарам паведамілі, што з 1963 году выдаваўся настольны перакідны каляндар на беларускай мове, наклад якога ў 1964 годзе склаў 20 тысяч асобнікаў”.

Вячаслаў Ракіцкі: “У студыі без бар’ераў мы гутарым зь гісторыкам Валянцінам Мазецам. Валянцін, растлумачце, чаму склалася такая сытуацыя з выпускам беларускага календара? Гэта было на той час, 60-я гады 20 стагодзьдзя, адзінкавай ці заканамернай зьявай?”

Валянцін Мазец: “Склалася заганная сытуацыя з выданьнем беларускамоўных кніг. Кіраўнікі кнігагандлю не пушчалі ў продаж беларускамоўныя кнігі. Яны трымаліся на складах, а потым сьпісваліся як затавараная прадукцыя. Пасьля ж заяўлялі, што беларуская кніга нехадавая, што яе ніхто ня хоча чытаць. Намецілася ўстойлівая тэндэнцыя павелічэньня ўдзельнай вагі расейскамоўнай друкаванай прадукцыі і скарачэньня беларускамоўнай. Калі ў 1946 годзе наклад часопісаў на расейскай мове складаў толькі адзін працэнт, дык у 1955 годзе ён ужо дасягнуў трыццаці аднаго працэнту. А ў 1970 годзе агульны наклад беларускамоўных кніг склаў 9 мільёнаў асобнікаў, а расейскамоўных – 16 мільёнаў”.

Ракіцкі: “Гэтыя працэсы гісторыкі і філёлягі назвалі русыфікацыяй. Якіх сфэраў найперш моцна закранула русыфікацыя?”

Мазец: “Тэндэнцыя русыфікацыі намецілася яшчэ ў канцы 1930-х гадоў найперш у сфэры адукацыі. Пачаткам працэсу можна лічыць пастанову СНК СССР і ЦК партыі бальшавікоў ад 13 сакавіка 1938 году аб абавязковым вывучэньні расейскай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласьцей. Фактычна да пачатку 1940 году ў вышэйшых і сярэдніх спэцыяльных навучальных установах не было навучаньня на беларускай мове. Нават на філялягічных аддзяленьнях, дзе рыхтавалі выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры, усе прадметы, за выключэньнем беларускай мовы і літаратуры, выкладаліся, як правіла, па-расейску”.

Ракіцкі: “У чым жа прычына і дзе трэба шукаць вытокі гэтай зьявы?”

Мазец: “Прычынай была тэндэнцыя на ўніфікацыю нацыянальна-культурнага жыцьця ў рэспубліках СССР на расейскамоўнай аснове, якая мела на мэце ўмацаваньне дзяржаўнасьці ў форме СССР”.

Ракіцкі: “Але чаму менавіта ў 1950 – 60-я гады найбольш агрэсіўна выцясьняецца з ужытку беларуская мова і насаджваецца расейская? Памёр Сталін, прыйшоў да ўлады Хрушчоў са сваёй палітычнай адлігай...”

Мазец: “Але адліга закранула ў асноўным сфэру палітычных адносінаў, яна ня тычылася нацыянальнай палітыкі. У нацыянальнай палітыцы адбывалася не адліга, а самыя сапраўдныя замаразкі. На 22 зьезьдзе КПСС у кастрычніку 1961 году была прынятая новая праграма КПСС. Яна абвясьціла пераход да камунізму пакаленьня, якое будзе жыць у 1980-я гады. Галоўны пастулят праграмы – зьліцьцё паасобных народаў у асобную камуністычную нацыю, а іх моваў у адзіную мову”.

Ракіцкі: “А якое месца ў гэтым глябальным працэсе займала БССР?”

Мазец: “У СССР беларусы заўсёды былі на перадавых пазыцыях. Ня стаў для іх выключэньнем і працэс русыфікацыі. Штуршок быў зроблены Хрушчовым, калі ён у 1959 годзе на прыступках Белдзяржунівэрсытэту заявіў, што чым хутчэй усе пачнуць размаўляць на расейскай мове, тым хутчэй будзе пабудаваны камунізм. А каму ж са звычайных беларусаў не хацелася жыць пры камунізьме?!

Ракіцкі: “Хто Ў БССР выступаў ідэолягам, а хто правадніком русыфікацыі?”


Мазец:
“Гэта былі адны і тыя ж партыйна-дзяржаўныя структуры. У чэрвені 1952 году была прынятая пастанова Савету міністраў БССР пра выкладаньне расейскай і беларускай моваў у школах БССР у сьвятле вучэньня Сталіна пра мовазнаўства. У ёй падкрэсьлівалася неабходнасьць вывучэньня расейскай мовы ўсімі грамадзянамі БССР і абавязковага валоданьня ёю. Міністэрства асьветы БССР сваім загадам у красавіку 1951 году адмяніла ў расейскамоўных школах пераводныя іспыты і іспыты на атэстат сталасьці па беларускай мове. А ў 1952 годзе на прапанову ЦК КПБ(б) у БДУ было абмежаванае выкладаньне беларускай гісторыі і культуры, а праз некаторы час і ўвогуле закрытая катэдра гісторыі Беларусі”.

Ракіцкі: “Вельмі часта можна пачуць, што беларусы самі адмовіліся ад сваёй мовы. Ці сапраўды гэта быў іхны самастойны выбар?

Мазец: “Працэс русыфікацыі ня быў самастойным выбарам. Выбіраць можна толькі тады, калі ёсьць свабода выбару. А беларусы апынуліся амаль як у той біблейскай сытуацыі, калі Бог паклікаў Адама і сказаў яму выбіраць жонку. А выбар быў паміж Евай і зьмяёй. Спакушаны зьмяёю, Адам быў выгнаны з раю...”

Ракіцкі: “Якую карысьць мелі беларусы з таго, што адмаўляліся ад беларускай мовы? Чыноўнікі, выкладчык, іншыя катэгорыі?”

Мазец: “Ва ўмовах, калі ў большасьці навучальных установаў навучаньне вялося толькі на расейскай мове, безумоўна, ніхто з бацькоў ня быў ворагам для сваіх дзяцей. Бацькі, як правіла, выбіралі расейскую мову як мову навучаньня. Акрамя таго, веданьне расейскай мовы было гарантыяй займаньня адпаведнага сацыяльнага статусу ў грамадзтве. Таксама за расейскую мову і большыя грошы плацілі выкладчыкам. 26 траўня 1983 году была прынятая пастанова ЦК КПСС і Савету міністраў СССР аб павелічэньні на 15 працэнтаў заробку настаўнікаў расейскай мовы ў беларускамоўных школах. Паводле гэтай пастановы, са студзеня 1984 году была павялічана на 15 працэнтаў стаўка настаўнікам падрыхтоўчых і другіх-трэціх клясаў, якія ведалі расейскую мову, і настаўнікам расейскай мовы і літаратуры ў 4 – 11 клясах агульнаадукацыйных школаў усіх тыпаў з беларускай мовай навучаньня, якія знаходзіліся як у сельскай мясцовасьці, гэтак і ў населеных пунктах гарадзкога тыпу”.

Ракіцкі: “Няўжо працэсы русыфікацыі адбываліся бесканфліктна? Ці быў супраціў русыфікацыі? Хто выступаў супраць, калі гэта было?”

Мазец: “Супраціў русыфікацыі быў цягам усяго пасьляваеннага пэрыяду, як з боку шараговых людзей, гэтак і з боку прадстаўнікоў партыйнай намэнклятуры. Так, у чэрвені 1953 году на пленуме ЦК КПБ тагачасны другі сакратар Зімянін прапанаваў прыняць рэзалюцыю з заклікам да партыйных органаў БССР перавесьці ўсё справаводзтва на беларускую мову. А сакратар Ленінскага РК КПБ Менску Фёдарава на справаздачна-выбарным партыйным сходзе ў Міністэрстве сувязі адзначыла: "Сорамна жыць на Беларусі і не выпісваць беларускіх газэт. Трэба паважаць Беларускую рэспубліку. Хто ня ведае, трэба вывучаць беларускую мову". Але яе заклік не знайшоў падтрымкі з боку ўдзельнікаў партыйнага сходу. Адзін зь іх, нехта Косаў так адказаў Фёдаравай: "Вы няправільна тут выступілі і праводзіце такую палітыку, якую раней праводзіў Зімянін. Вы прымушаеце выпісваць беларускія газэты і вывучаць беларускую мову? Гэта – бэрыйшчына!”

Ракіцкі: “І, натуральна, у абарону беларускай мовы выступала нацыянальная інтэлігенцыя. Якія наступствы былі для яе?”

Мазец: “У залежнасьці ад таго, у якой форме адбываўся пратэст супраць русыфікацыі, была і рэакцыя з боку партыйна-дзяржаўных і карных органаў. Так, напрыклад, у 1956 годзе выкладчык Гарадзенскага пэдагагічнага інстытуту Браніслаў Ржэўскі быў асуджаны за пісьмовыя звароты да ўладаў супраць дыскрымінацыі беларускай мовы на 7 гадоў. У 1957 годзе пляменьнікі Якуба Коласа Лявон і Міхась Белыя атрымалі адпаведна 10 і 7 гадоў зьняволеньня за расклейваньне ўлётак у абарону беларускай мовы. У 1960-я гады Алесь Разанаў і Віктар Ярац за звароты ў ЦК КПБ з патрабаваньнем перавесьці навучаньне на беларускім аддзяленьні філфаку БДУ на беларускую мову не змаглі далей навучацца, бо ня здолелі здаць залік па вайсковай падрыхтоўцы”.

Ракіцкі: “Валянцін, давайце сфармулюем, якое ж зло прынесла русыфікацыя беларускай нацыі?”

Мазец: “Вынікам русыфікацыі зьявілася пазбаўленьне беларусаў сваёй ідэнтычнасьці. А пазбаўленьне ідэнтычнасьці вядзе паступова, але непазьбежна, да зьнікненьня нацыі”.

Ракіцкі: “А што было б, калі б русыфікацыі ў Беларусі не было?”

Мазец: “Калі б не было русыфікацыі, дык ва ўмовах тагачаснай шматнацыянальнай дзяржавы – СССР – усё роўна знайшлася б нейкая іншая форма ўніфікацыі. Беларусы ў большасьці сваёй як у зачараваным сьне сядзелі б і чакалі, што прыйдзе нейкі мэсія і павядзе іх да сьветлага і шчасьлівага жыцьця. А самі беларусы ў большасьці сваёй так і ня выявілі імпэту, каб нешта зьмяніць у сваім уласным жыцьці”.

“З наступнага (2008 – В.Р.) году прыпыніцца выпуск календара «Родны край».

“Нерэнтабэльна», — кажа галоўны рэдактар выдавецтва «Беларусь» Якаў Аляксейчык. Паводле сп. Аляксейчыка, каляндар кепска прадаецца.

Мы патэлефанавалі ў кнігарню «Акадэмкніга». Таваразнаўца Сьвятлана Ўладзімераўна паведаміла нам, што ў іх каляндар «Родны край» заўсёды добра купляецца:

«Вельмі папулярны ў пакупнікоў, дый увогуле людзі часта просяць календары на беларускай мове, а іх, на жаль, вельмі мала выпускаюць».


Газэта “Наша ніва”, 16 кастрычнiка 2007 году.”

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG