Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Узровень інфляцыі ў паўтара разу перавысіў прагнозы


Міністэрства статыстыкі і аналізу падагульніла вынікі грашова-крэдытнай палітыкі за апошнія месяцы. Так, у лістападзе цэны вырасьлі больш чым на 2%, а за 11 месяцаў гэтага году – амаль на 10%.

З гэтых лічбаў экспэрты робяць выснову, што беларускі ўрад ня выканаў заданьня, акрэсьленага “Асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2007 год”.

Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, паказьнік цэнавага росту ў лістападзе стаў самым высокім ад пачатку 2003 году, а скачок цэнаў у сьнежні, як мяркуюць эканамісты, давядзе інфляцыю да ўзроўню, вышэйшага за 10%. Пры гэтым, у адпаведнасьці з прагнозамі гадавой даўнасьці, гадавая інфляцыя была заплянаваная на ўзроўні 6 – 8%.
Беларусь імпартуе інфляцыю
Эканаміст Алена Ракава называе некаторыя прычыны, якія прывялі да непрагназаванага абвалу:
“Ёсьць шмат прычынаў, якія прычыніліся да такой інфляцыі. Гэта і імпарт энэрганосьбітаў – усё ж у два разы падвысіліся цэны. Адпаведна, і ўсе магчымыя выдаткі ў прадпрыемстваў вырасьлі. Падвысіліся цэны на іншых рынках, а гэта значыць, што значную частку інфляцыі мы імпартуем.
Крэдытаваньне стратнага дзяржаўнага сэктару не спыняецца
Апроч таго, рост заробкаў няспынны адбываецца. Ізноў жа крэдытаваньне стратнага дзяржаўнага сэктару не спыняецца – сельская гаспадарка датуецца, паасобныя заводы. З аднаго боку ў нас, атрымліваецца, друкарскі станок па-ранейшаму працуе, а з другога боку, яшчэ й выдаткі растуць у суб’ектаў гаспадараньня – на заробкі, на энэрганосьбіты, на мэтал, на што хочаце. І як у такіх умовах стрымліваць цэны?”
Паралельна з ростам цэнаў на тавары і паслугі курс беларускага рубля да асноўных валютаў застаецца непахісным. Старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Фэлікс Чарняўскі ня бачыць тут вялікай супярэчнасьці, паколькі рублёвая інфляцыя ў Беларусі адбываецца паралельна са зьніжэньнем вартасьці даляра. А гэта значыць, афіцыйная статыстыка й надалей можа казаць пра цьвёрдыя пазыцыі айчыннага рубля:
“У нас практычна застаецца курс беларускага рубля ў адносінах да даляра стабільным. Таму падзеньня даляра ў нас практычна не адбываецца, а курс ужо ня першы год увогуле знаходзіцца прыкладна на адным узроўні у адносінах да даляра. Таму нават сур’ёзныя працэсы такога істотнага ўплыву ня робяць, хоць, магчыма, на рынках, дзе ўсё ацэньваецца ў так званых “умоўных адзінках”, даляравыя цэны, натуральна, растуць. І гандлярам гэта выгадна. Хтосьці, зразумела, глядзіць на гэтыя рэчы больш трывожна, але асноўная маса насельніцтва практычна гэтага й не заўважае”.
Тэмпы інфляцыі вырастуць
У адпаведнасьці з распрацаванымі ўрадам “Асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2007 год”, гадавая інфляцыя ніяк не павінна была перавысіць 8%. Аднак ужо цяпер яна наблізілася да адзнакі 10%. Паводле Алены Ракавай, наступны год істотна адкарэктуе й гэты паказьнік:
“Вядома, будзе яшчэ вышэйшы, так. Але бальшыня экспэртаў схіляецца да думкі, што і ў гэтым годзе інфляцыя склала ня 9%, а болей. Проста Міністэрства статыстыкі лічыць па нейкім сваім кошыку тавараў, да якога ў экспэртаў ёсьць маса прэтэнзіяў. Адпаведна, калі сёлета інфляцыя нават па афіцыйных падліках перавысіла 9%, то цалкам натуральна, што ў наступным годзе гэтая лічба будзе яшчэ большая”.
І ў гэтым годзе інфляцыя склала ня 9%, а болей
Цяперашняя сытуацыя, на думку экспэртаў, будзе мець вынікам імклівае падвышэньне цэнаў на асноўныя прадукты харчаваньня і рост тарыфаў на камунальныя паслугі. Зь міністэрскіх кабінэтаў ужо прыйшлі зьвесткі, што выдаткі на двухпакаёвую кватэру ў наступным годзе складуць дадаткова 20 даляраў.
Цяпер экспэрты чакаюць, чым завершыцца прыход да канца году з такімі паказьнікамі для ўрадавых чыноўнікаў, якія атрымалі ад Аляксандра Лукашэнкі заданьне рашуча процістаяць інфляцыйным працэсам.
XS
SM
MD
LG