Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Мальдзіс і іншыя навінкі “Белкнігазбору”


У недзяржаўным выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў том выбраных твораў знанага дасьледчыка гісторыі беларускай культуры прафэсара Адама Мальдзіса.

Гэтая кніга – саракавая ў двухсоттамовай сэрыі, якую з 1996 году выдае Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Белкнігазбор”.
Том выбраных твораў Адама Мальдзіса выйшаў у другой або, як яе яшчэ называюць, зялёнай белкнігазбораўскай сэрыі. Пад яе сапраўды зялёнымі вокладкамі выдаюцца тамы гістарычна-літаратурных помнікаў.
На паліцы “Беларускага кнігазбору” том знанага дасьледчыка гісторыі беларускай культуры Адама Мальдзіса апынуўся побач з томам ягонага калегі з творчага цэху Зарыяна Далэнгі-Хадакоўскага.
Далэнга-Хадакоўскі жыў і працаваў амаль два стагодзьдзі таму, і ягонае імя амаль невядомае сучаснаму чытачу. Распавядае аўтар і галоўны рэдактар праекту Кастусь Цьвірка:
“Зарыян Далэнга-Хадакоўскі лічыцца піянэрам славяназнаўства. Ён паставіў перад сабой вельмі цікавую задачу – вывучыць культуру ўсіх славян, якая была яшчэ да прыняцьця хрысьціянства. Ён лічыў, што хрысьціянства зьнішчыла сапраўдную славянскую культуру, і ён вырашыў зьбіраць усё, што датычылася дахрысьціянскай славяншчыны. Прытым ня толькі ў Беларусі”.
Творчую спадчыну Зарыяна Далэнгі-Хадакоўскага беларускія чытачы ў кнігазбораўскім томе знойдуць упершыню.
Цяпер рыхтуем вельмі цікавую кнігу Аляксея Карпюка
Апрача двух тамоў зялёнай сэрыі, сёлета ў “Кнігазборы” выйшла яшчэ тры тамы чырвонай сэрыі, у якой выдаюцца найлепшыя мастацкія творы беларускай літаратуры. Гэта кнігі выбранага Сяргея Грахоўскага і Якуба Коласа, а таксама том старажытнай беларускай літаратуры пад рэдакцыяй Івана Саверчанкі.
Найбліжэйшым часам, абяцае Кастусь Цьвірка, зьявяцца новыя чырвоныя кнігазбораўскія тамы:
“Цяпер рыхтуем вельмі цікавую кнігу Аляксея Карпюка. У яе ўвайшлі два творы, якія раней не публікаваліся. Гэта яго п’еса, напісаная на аснове аповесьці “Вершалінскі рай”, і аповесьць “Разьвітаньне з ілюзіямі” – пра тое, як ён ваяваў з чыноўнікамі. Яна чытаецца як сапраўдны раман. Хочам выдаць тамы выбранага Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Алены Васілевіч і іншых сучасных пісьменьнікаў”.
А на пытаньне, колькі гадоў яшчэ спатрэбіцца галоўнаму рэдактару “Беларускага кнігазбору”, каб выдаць усе задуманыя дзьвесьце тамоў, спадар Цьвірка аптымістычна заявіў:
“Я павінен яшчэ пражыць сорак восем гадоў, каб закончыць гэты праект. У нас – плянавая гаспадарка”.
XS
SM
MD
LG