Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра народнага артыста Беларусі Барыса Луцэнку гаворыць тэатразнаўца Вячаслаў Ракіцкі.


Зыход Барыса Луцэнкі з пасады мастацкага кіраўніка тэатру — падзея натуральная. Жыцьцё ў мастацтве, асабліва на пасадзе кіраўніка, як і ўсё ў гэтым сьвеце, ня вечнае. Заўсёды настае час, калі трэба даць дарогу маладзейшым. Нават тады, калі ты працаваў ажно 40 гадоў і шмат за гэты час зрабіў. А для таго, каб і надалей ставіць спэктаклі, спадзяюся, сілаў у Майстра хопіць.

Напрыканцы 1960-х — на пачатку 70-х гадоў двое маладых рэжысэраў, Барыс Луцэнка і Валеры Раеўскі, які дагэтуль ачольвае тэатар імя Янкі Купалы, уварваліся ў тэатральнае мастацтва са сваімі мастацкімі ідэямі эфэктна, рэзка, нават агрэсіўна. Беларускі тэатар на той час хварэў на замшэлы рэалізм ці бытавізм. Яны ж прынесьлі новыя рытмы, новую плястыку, выразную вобразнасьць. Такімі і былі спэктаклі Луцэнкі “Традыцыйны збор” паводле Віктара Розава і “Рудабельская рэспубліка” паводле Сяргея Грахоўскага на купалаўскай сцэне.

А спэктакль Барыса Луцэнкі “Раскіданае гняздо” стаў сапраўдным шэдэўрам. Упершыню была разгаданая сымбалісцкая прырода народнай драмы Янкі Купалы. Рэжысэр прачытаў п’есу як паэму пра адвечны і бясконцы шлях беларусаў да сябе. Асабіста я лічу гэты спэктакль пачаткам новага этапу ў беларускім тэатры — этапу мэтафарычнага, паэтычнага, падкрэсьлена ўмоўнага тэатру з публіцыстычнай дэманстрацыяй цэнтральнай ідэі.


Аж па сёньня для мяне застаецца амаль неверагодным, што ў застойныя савецкія 70-я гады двум таленавітым маладым рэжысэрам — Раеўскаму і Луцэнку — даверылі два вядучыя тэатры краіны. Раеўскі застаўся ў Купалаўскім, Барысу Луцэнку далі ў 1973 годзе Рускі тэатар імя Горкага, які, зь невялікімі перапынкамі, ён ачольваў аж да сёньня. Там ён паставіў свой знакаміты спэктакль “Макбэт” паводле Шэксьпіра, які стаў першай беларускай пастаноўкай, з посьпехам паказанай на Захадзе. Затым былі “Трохграшовая опэра” Брэхта, “Трагедыя чалавека” Мадача, “Апошнія” Горкага... І зусім натуральны перасьлед камуністычных уладаў за няправільную, зь іхняга погляду, інтэрпрэтацыю савецкай рэчаіснасьці і гістарычных працэсаў. А “Ўзьнятую цаліну” Шолахава ў Луцэнкавай трактоўцы камуністычная ўлада ня вытрывала. Зноў была праца ў Купалаўскім тэатры, Тэатры-студыі кінаактора — і толькі празь некалькі гадоў вяртаньне ў Рускі тэатар. Луцэнка як рэжысэр аддае перавагу ўсясьветнай клясыцы. Аднак не аднойчы зьвяртаўся ён і да сцэнічнага ўвасабленьня беларускай літаратуры на расейскай сцэне Беларусі. Выклікалі шырокую цікавасьць ягоныя спэктаклі паводле Васіля Быкава “Пайсьці і не вярнуцца”, Алеся Адамовіча “Вяртаньне ў Хатынь”, Мікалая Матукоўскага “Апошняя інстанцыя”.

У савецкую пару Барыса Луцэнку вельмі часта абвінавачвалі, што ён, як казалі тады, трымаў кукіш у кішэні, гэта значыць — заганяў у падтэкст ці ўвасабляў у мэтафары крытычнае стаўленьне да жыцьця. Дэмакратычныя перамены на пачатку 1990-х спадар Луцэнка вітаў і нават быў сярод арганізатараў Грамадзянскай партыі.

Апошнія ж гады і ў творчых, і ў грамадзянскіх пазыцыях Барыса Луцэнкі не былі адназначнымі. Шырока вядомым стала звальненьне з працы актора Паўла Харланчука за ягоны ўдзел у падзеях на Кастрычніцкай плошчы Менска ў сакавіку 2006 году.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG