Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 12 сьнежня


Агляд сеціва.

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч сёньня прыпыніў вядзеньне ўласнага блогу на сваім сайце. У інтэрвію Радыё Рацыя ён паабяцаў, што блог ў хуткім часе зьявіцца зноў. Палітык заявіў, што церазь вялікую занятасьць ня меў магчымасьці весьці блог рэгулярна.

Аляксандар Брэчэк сайце у сваім блогу на сайце www.telegraf.by разважае пра новы расклад палітычных сілаў у Расеі, які можа, на думку блогера, каштаваць Беларусі сувэрэнітэту. Аляксандар Брэчэк прагназуе, што ў Расеі будуць існаваць два цэнтры ўлады – моцны прэм’ер-міністар і слабы прэзыдэнт, але для Расеі гэта зьява небясьпечная. Магчымым выйсьцем для Расеі, паводле вэрсіі блогера, будзе наступнае: “А як было б “файна” ўламаць Лукашэнку падпісаць канстытуцыйны акт, пераканаць яго правесьці ў найбліжэйшы час аб’яднальны рэфэрэндум (а чаму б і ня разам з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі, але адначасова і ў Беларусі), пасьля чаго Пуцін зноў, як белы лебедзь, узьняўся на расейскі трон ва ўсёй сваёй самадзяржаўнай велічы... Ды яшчэ калі ў якасьці “зьбіральніка зямлі рускай”, які паклаў пачатак адраджэньню “вялікай імпэрыі”... Якія ў гэтым выпадку могуць быць “прэзыдэнцкія тэрміны”, да “багоў” любыя зямныя абмежаваньні ўжыць проста нельга. І шанец такі рэальна існуе, але паставіць апошнюю кропку ў гэтай “сазе пра Пуціна” зможа толькі сам Пуцін. Дакладней, ягоны апошні рывок на захад – у Менск, які адбудзецца ўжо неўзабаве, 13-14 сьнежня. Шчыра кажучы, мне ўся гэтая расейская валтузьня зусім не падабаецца. Але найбольш небясьпечнымі для нас, на мой погляд, ёсьць ня столькі крамлёўскія насельнікі, колькі формула цаны за газ, унесеная ў дамову паміж Расеяй і Беларусьсю, у выніку чаго мы апынуліся ў сапраўднай пастцы”.

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць заявы сакратара гэтак званай саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна. Спадар Барадзін прадказвае, што Эўразьвяз праз 7 год папросіцца ў расейска-беларускі саюз. Што пра гэта думаюць удзельнікі форумаў?

“Пісьменьнік... Мадона нэрвова паліць у куце, чытаючы гэтыя казкі”.

“Гэта ж трэба ўжо цяпер думаць, куды ж столькі эўрапейцаў падзець, калі яны прыбягуць да нас”.

“Ня бойся, Саша казаў, што на 70 мільёнаў ежы хопіць”.

На сайце Indymedia абмяркоўваюць матэрыял Эўрапейскага радыё “Кантралёры ўжо трэніруюцца да 17 сьнежня”. Згодна зь інфармацыяй Эўрарадыё, у дзень, калі перастануць дзейнічаць льготы на праезд у грамадзкім транспарце, на працу выйдзе ўдвая болей кантралёраў. Камэнтары наведнікаў сайту:

“Улады, відавочна, блефуюць, спрабуючы напалохаць ахвочых пракаціцца без квітка 17 сьнежня. Каб адужаць вялікую колькасьць “зайцоў”, давядзецца наняць не ўдвая, а ў дзесяць разоў болей кантралёраў і браць з сабой міліцыянтаў”.

“Хто можа хадзіць – хадзіце пешшу. Хто едзе – перадавайце на выхадзе квіткі іншым людзям. Прабівайце квіткі толькі ў крытычных сытуацыях... Рабіце ўсё, каб іхная пагоня за грашыма нікуды не прывяла!”

XS
SM
MD
LG