Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Куды можна збыць рэчы, якія вам непатрэбныя?


Штогод колькасьць тавараў у сьвеце большае. Некаторым людзям робяцца непатрэбнымі старыя рэчы: яны выйшлі з моды, надакучылі гаспадарам ці ў іх зьявіліся новыя, лепшыя на іх думку. У той жа час гэтыя рэчы могуць быць патрэбныя іншым. Куды можна збыць тое, што вам не патрэбна?

У “камісіёнку” прыязджаюць на вялікім аўтамабілі

У «Камісійнай краме» на вуліцы Ванеева ў Менску мне паведамілі, што ад пакупнікоў мэблі тут няма адбою.

Гандлярка крамы: «Вельмі папулярная крама. Прыяжджаюць і з раёна, і з горада, і з прыгараду да нас прыяжджаюць».

Радыё Свабода: «Каб збыць? Ці каб набыць»?

Гандлярка крамы: «І збыць, і набыць. Шмат набываюць для часовага карыстаньня, хто ў інтэрнаце жыве, ці здымае кватэру. Выгода вялікая для пакупнікоў. З раёнаў дык адразу прыязджаюць з вялікім аўтамабілем і набываюць разам усё – зэдлікі, мяккую мэблю, шафу»...

Непатрэбнае адзеньне можна аддаваць задарма ці прадаваць

У сеціве існуе беларуская суполка Жывога журналу «Аддам задарма». Кацяняты, канспэкты лекцыяў, абажуры, зэдлікі, вопратка, аксэсуары і нават пабытовая тэхніка – з усімі гэтымі прадметамі, аказваецца, шмат хто жадае разьвітацца цалкам бясплатна. Паводле наведніцы суполкі пад нікам Julia-Apelsinka, гэта вельмі зручны сродак набыць патрэбныя і збыць непатрэбныя рэчы.

Julia-Apelsinka: “Бываюць вельмі цудоўныя рэчы, якія гаспадар гатовы аддаць бясплатна, але іх вельмі-вельмі хутка забіраюць. Мне ні разу не пашанцавала. Не пасьпявала. А сама аддала канспэкты лекцый зь мінулага сэмэстру – у нас вельмі быў строгі выкладчык па “базе дадзеных”. І яшчэ дзьве кайстры.

Радыё Свабода: “А чаму менавіта бясплатна? Ёсьць жа ў тым жа Інтэрнэце магчымасьць і прадаць – няхай сабе і танна”?

Julia-Apelsinka: “Ня ведаю, проста мне не шкада”...

Тых, каму патрабуецца дапамога, шмат у нашым краі...

Калі чалавеку ня толькі не шкада аддаць рэчы, але ён яшчэ некаму хоча дапамагчы, яму заўсёды радыя ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены ў Менску. У тэлефоннай размове мне патлумачылі:

“Можаце прыходзіць і прыносіць сюды ў любы час. І вопратку прыносяць, і ежу... Бо тых, каму патрабуецца гэткая дапамога, шмат у нашым краі. І гэтыя людзі найперш па дапамогу прыходзяць у гэткія інстытуцыі – царкоўныя, касьцёльныя”.

А яшчэ – “Чырвоны крыж”

Супрацоўніца сацыяльнага аддзелу Менскай эпархіі праваслаўнай царквы Алена Зянкевіч падкрэсьлівае, што непатрэбныя рэчы набудуць сваё другое жыцьцё найперш у рэгіёнах. Асабліва мужчынскія вопратка і абутак.

Зенкевіч: “Сацыяльны аддзел зусім нядаўна створаны, у яго пакуль што няма нават памяшканьня. Можа быць, мы ўсё ж здолеем неяк арганізаваць гэта больш мэтаскіравана. А пакуль што магу параіць усім – і сама гэтак раблю – пры “Чырвоным Крыжы” – вось там дакладна зьбіраюць рэчы. На Адзінцова, 85, у прыватнасьці”.

Дарослым інвалідам бракуе мужчынскай вопраткі і абутку

Менскі Цэнтар для цяжкахворых дзяцей «Выспа надзеі» - гэта дзённы стацыянар для інвалідаў 1-й групы з сындромам Даўна, дзіцячым цэрабральным паралічам, аўтызмам , эпілепсіяй і шызафрэніяй. Цэнтар вельмі зацікаўлены ў непатрэбнай некаму вопратцы і абутку. Дырэктарка цэнтру Людміла Гуцько пазначае, у чым найбольшая патрэба:

Гуцько: «Прыходзяць людзі, і сёньня нават жанчына адна была і прынесла рэчы, зь якіх вырасьлі ужо яе дзеці. Але тут вось хацела б пазначыць, што нашыя дзеці ўжо дарослыя – ім ёсьць па 18 год. Таму вопратка патрабуецца не дзіцячая, а дарослая – у нас большасьць хлопчыкі – так што мужчынская – і спартовыя касьцюмы, ды што заўгодна – ад 48 да 56 памераў».

Тыя, хто мае што прынесьці ў Цэнтар для цяжкахворых дзяцей, можа пазваніць па тэлефоне 255-27-87.
XS
SM
MD
LG