Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску завяршылася несанкцыянаваная акцыя “За незалежную Беларусь!”


19:59 Моцна зьбіты ў часе акцыі Зьміцер Хведарук апрытомнеў, цяпер у 9-м клінічным шпіталі яму робяць рэнтгэн-здымкі чэрапа і хрыбта.

19:28
Акцыя завяршылася, але каля 30 спэцназаўцаў працягваюць патруляваць Кастрычніцкую плошчу.

19:27 Усіх удзельнікаў акцыі, якіх выціснулі ў бок Камсамольскага возера, міліцыя пасадзіла ў трамвай у бок вуліцы Арлоўскай. Усяго -- больш за 25 чалавек. Самі міліцыянты гэтаксама зьехалі.

19:21 Зьбіты актывіст Зьміцер Хведарук дастаўлены ў 9 клінічны шпіталь Менску. Паводле мэдыкаў, ягоны стан складаны.

19:20 Каля двух дзясяткаў дэманстрантаў цяпер паблізу Камсамольскага возера. Побач стаіць аўтазак, актыўных дзеяньняў ніводзін з бакоў пакуль ня робіць.

19:14 Мабільныя тэлефоны многіх моладзевых актывістаў не адказваюць, сярод дэманстрантаў іх таксама не відаць.

19:10 Група дэманстрантаў на чале з Алесем Міхалевічам стаіць у атачэньні міліцыі ля гатэлю "Беларусь". Пакуль спэцназаўцы не дазваляюць людзям разыходзіцца.

19:00 Хуткая дапамога забрала зьбітага Зьмітра Хведарука.

18:59
Дэманстрантаў, сярод якіх Алесь Міхалевіч, Алесь Каліта, спэцназаўцы адціснулі ўжо да Траецкага прадмесьця.

18:50
Міліцыянты раз-пораз бяруць дэманстрантаў у атачэньне. Ад цырку бальшыню ўдзельнікаў акцыі выціскаюць у бок Сьвіслачы. Зьбілі моладзевага актывіста Зьмітра Хведарука: у яго адбіралі сьцяг, у выніку чаго ён моцна ўдарыўся аб асфальт.

18:40 Удзельнікаў акцыі давялі да вуліцы Інтэрнацыянальнай, аднак асобнымі групамі тыя зноў вяртаюцца на Кастрычніцкую плошчу. Адсюль іх пачынаюць выштурхоўваць у іншым кірунку – да будынку цырку і ў бок плошчы Перамогі.

18:30
Міліцыянты дзейнічаюць па-ранейшаму жорстка, аднак дэманстранты разыходзіцца не зьбіраюцца. Вялікая колькасьць спэцназаўцаў ідзе сьледам за часткай дэманстрантаў, якія нясуць бел-чырвона-белы сьцяг і падышлі амаль да будынку цырку. Некаторых дэманстрантаў зьбіваюць; раз за разам здараюцца сутычкі, калі спэцназаўцы намагаюцца адабраць сьцягі.

18:10
Спэцназаўцы пачалі выціскаць усіх прысутных з плошчы. Пры гэтым ламаюць дрэўкі сьцягоў. Людзі скандуюць “Жыве Беларусь!”

18:00 На плошчы каля сотні чалавек, сярод іх намесьнікі старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч, Аляксей Янукевіч, Вінцук Вячорка. Людзі яшчэ падыходзяць. Як толькі дэманстранты дасталі бел-чырвона-белыя сьцягі, спэцназаўцы пачалі іх вырываць з рук, пачалася бойка, міліцыя дзейнічала жорстка. Дэманстранты навязваюць сьцягі сабе на плечы і скандуюць: "Жыве Беларусь! Ніякіх саюзаў з Расеяй!" Пакуль пра затрыманьні нічога не вядома. Спэцназаўцы пачалі выціскаць усіх прысутных з плошчы.

17:45 На Кастрычніцкай плошчы – каля паўсотні чалавек. На подступах да плошчы міліцыянты правяраюць рэчы мінакоў. У прылеглых дварах стаяць некалькі аўтобусаў з байцамі спэцназу міліцыі.

17:30 На Кастрычніцкай плошчы шпацыруюць міліцыянты ў цывільным.

Ініцыятарам акцыі выступіў намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. Ён заклікаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу зь бел-чырвона-белымі і эўрапейскімі сьцягамі ўсіх прыхільнікаў свабоды, незалежнасьці і эўрапейскага выбару Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG