Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонскі банк замарозіў рахунак “Белнафтахіму”


Латвійскі Hansabanka і эстонскі Hansabank замарозілі рахункі прадстаўніцтваў канцэрну “Белнафтахім” у сваіх краінах.

Гэта адбылося пасьля таго, як урад ЗША увёў санкцыі супраць гэтага беларускага канцэрну.
Рахунак Belneftehim Baltic у эстонскім Hansabank быў замарожаны яшчэ 14 лістапада. Генконсульства Беларусі ў Эстоніі накіравала ноту ў эстонскі МЗС. У афіцыйным адказе МЗС гаворыцца, што міністэрства не давала банку ніякіх распараджэньняў на гэты конт. Аднак кіраўнік аддзелу ўнутранага кантролю Hansabank Тоомас Вакс паведаміў, што указаньне аб закрыцьці рахунку эстонскай філіі “Белнафтахіму” банк атрымаў ад фінансавай інспэкцыі і МЗС.
Латвійскі Hansabanka таксама закрыў рахунак латвійскага прадстаўніцтва беларускага канцэрну, аднак адразу ж адкрыў яго, каб даць магчымасьць прадстаўніцтву разабрацца ў сытуацыі. Кіраўнік прадстаўніцтва Ўладзімер Дзямідаў лічыць, што эстонскія ўлады паступілі неразумна, закрыўшы рахунак беларускага прадпрыемства. Пры гэтым прадстаўнік кампаніі апэлюе да зьместу рашэньня амэрыканскага ўраду, у ім гаворыцца аб прадстаўніцтвах беларускага канцэрну, а насамрэч у балтыйскай фірме беларускаму “Белнафтахіму” належыць толькі 25%. “Паводле законаў любой краіны, маючы такую малую долю, нельга кантраляваць фірму, таму заявы, што Belneftehim Baltic знаходзіцца пад кантролем Аляксандра Лукашэнкі – абсурдныя” – мяркуе Уладзімер Дзямідаў.
XS
SM
MD
LG