Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”. Міністар сувязі і інфарматызацыі Беларусі заявіў, што дзеяньне гэтага закону ня будзе распаўсюджвацца на Інтэрнэт. Аднак прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў лічаць, што закон закране і Інтэрнэт, і дзейнасьць мэдыяў.

Аўтары законапраекту падкрэсьліваюць, што яго дзейнасьць ня будзе распаўсюджвацца на сродкі масавай інфармацыі. Маўляў, гэта прапісана ў законапраекце наступным чынам: “Дзеяньне гэтага закону не распаўсюджваецца на грамадзкія адносіны, зьвязаныя з дзейнасьцю СМІ і аховай інфармацыі як аб’екту інтэлектуальнай уласнасьці”.

Міністар сувязі і інфарматызацыі Беларусі Мікалай Панцялей, які прадстаўляў законапраект дэпутатам, двойчы падкрэсьліў, што яго дзеяньне не распаўсюджваецца і на Інтэрнэт:

“Мы ня ставілі перад сабою задачу рэгуляваць дзеяньні грамадзянаў, органаў, юрыдычных асобаў праз Інтэрнэт. Мы гэтую тэму зусім не краналі”.

Доктар юрыдычных навук, кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў тлумачыць, чаму, на ягоную думку, новы закон перадусім закране распаўсюд інфармацыі менавіта праз Інтэрнэт:

“Там ёсьць такія паняткі, як “інфармацыйная сетка”, “інфармацыйны рэсурс”, “інфармацыйная сыстэма”... А ў Інтэрнэце ўсе гэтыя паняцьці маюць месца. Таму карыстальнікі Інтэрнэту, уладальнікі вэб-сайтаў, інфармацыйных парталаў павінны будуць падпарадкоўвацца палажэньням гэтага закону. Ва ўсякім выпадку, у той частцы, якая тычыцца абароны інфармацыі ад недазволенага выкарыстаньня да іншых абмежаваньняў”.

Спадар Пастухоў лічыць, што да словаў дзяржаўных чыноўнікаў трэба ставіцца вельмі асьцярожна:

“Гэты закон усё ж такі будзе распаўсюджвацца і на дзейнасьць мэдыяў, і на Інтэрнэт. З той прычыны, што аб'ектам рэгуляваньня дадзенага закону будзе ўся інфармацыйная дзейнасьць.

Закон сапраўды ня будзе рэглямэнтаваць дзейнасьць журналістаў, мэдыяў. Але ён будзе рэгуляваць самае галоўнае — як карыстацца інфармацыяй, як распаўсюджваць інфармацыю. І якую інфармацыю! Таму журналісты, як работнікі інфармацыйнай сфэры, павінны будуць улічваць палажэньні гэтага закону. А там ёсьць шэраг значных абмежаваньняў на выкарыстаньне і распаўсюд інфармацыі пра дзяржаўную дзейнасьць, асабістае жыцьцё і г.д”.

Як лічыць старшыня профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Паўловіч, у другім чытаньні закон магчыма будзе прыняць на веснавой сэсіі.

Ад першапачатковага варыянту законапраекту, над якім дэпутаты пачалі працаваць яшчэ летась, ён моцна адрозьніваецца. У апошнім варыянце колькасьць артыкулаў скарацілася з 58 да 44.
XS
SM
MD
LG