Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неяк беларушчына бачыцца мне беспрытульнай папялушкай. Пра яе цяпер ня дбаюць ні ўлада, ні апазыцыя.



12 сьнежня 2007 году.

У цэнтры Прагі, дзе знаходзіцца наша радыё, усё горш становіцца з паркоўкай. З таго часу, як Усама падарваў у Нью-Ёрку хмарачосы і нас ў мэтах бясьпекі атачылі бэтонным плотам (адпаведна, зьнікла стаянка каля радыё), з паркоўкай выручаў праскі раён Вінаграды – там было шмат бясплатных месцаў. І вось пару месяцаў таму скасавалі і тыя бясплатныя месцы – цяпер на Вінаградах можна паркавацца толькі з адпаведным дазволам, які выдаюць жыхарам Прагі-2. Таму ежджу на працу мэтро. Ёсьць паўгадзіны часу, каб падумаць над тым, што робіцца на Бацькаўшчыне. Пра палітыку ня думаецца – яе на працы і ў эфіры хапае. Думаецца пра этап, які перажывае Беларусь. І пра беларушчыну.

Неяк Беларусь і беларушчына бачацца мне беспрытульнымі папялушкамі. Пра іх цяпер ня дбаюць ні ўлада, ні апазыцыя. Адны занятыя бурлівай дзяржаўнай дзейнасьцю – выконваюць шматлікія загады правадыра і пра сябе не забываюць, іншыя загразьлі ў нейкай сыстэмнай працы – у апазыцыйным палітычным працэсе: паездкі, удзел у канфэрэнцыях, вулічныя акцыі, падрыхтоўка і “ўдзел” у выбарчых кампаніях, вынік якіх загадзя вядомы. Хто ж падбае пра беларускую культуру? Каму будзе патрэбная перамога беларускамоўных апазыцыянэраў, калі ў краіне беларускамоўнымі застануцца толькі яны самі? Я разумею, што палітыка – як бы першасная, без палітычнай перамогі, ня будзе нічога, але ці будзе сама палітычная перамога магчымая пры цяперашніх працэсах?

Усьцешыла навіна пра тое, што Лявон Баршчэўскі і Вінцук Вчорка напісалі ліст міністру Радзькову – як для мяне, дык гэта пачатак архіважнай справы. Шкада, што раней такіх крокаў было мала або зусім не было...

Але агулам, выглядае, што Беларусь неўпрыкмет перажывае культурную катастрофу. Са школьнай праграмы па літаратуры выкідаюць лепшых аўтараў, імкліва скарачаецца колькасьць беларускіх школаў і клясаў, ліквідуюцца катэдры беларускай мовы ў няпрофільных ВНУ, па ўсёй краіне татальна рузбураюцца рэшткі старой архітэктуры. На радзіме Ігната Буйніцкага ў Празароках проста ў цэнтры зьбіраюцца будаваць “аграгарадок” – і для гэтага зносяць рэшткі забудовы ХІХ стагодзьдзя, зьнесьлі нават недабудаваны будынак музэю Буйніцкага...

Мілінкевіч зьвярнуўся да эўрапейскіх палітыкаў з заклікам уратаваць Горадню. А што ж Менск? Хто выступіць у абарону апошніх 50 старых дамоў у сталіцы? Чалавек, які прэтэндуе на ролю агульнанацыянальнага лідэра, ня мусіў бы забываць пра менскую бяду...

Для чаго робіцца ўся цяперашняя апазыцыйная палітыка? Для манкуртаў? Для чаго ствараюцца і дзейнічаюць шматлікія недзяржаўныя грамадзкія арганізацыі ў рэгіёнах? Якія праблемы ім рупяць? Ці бывае безнацыянальная дэмакратыя? Што за краіна сфармуецца ў выніку такой палітыкі? Які сэнс у існаваньні побач з Расеяй яшчэ адной незалежнай расейскамоўнай краіны? Адказ на гэтыя пытаньні відавочны...

Пратэсты – ці плённы гэта шлях? Вось сьпявачка Дакота ўвайшла у лік фіналістаў “Фабрыкі зорак” на расейскай тэлевізіі. Украінцы на “фабрыцы” па-украінску засьпявалі, беларуска – не. Беларускія хлопцы і дзяўчаты маглі б прыйсьці да яе дому з плякатам “Ганьба!” і пратэставаць супраць расейскай мовы яе песень, а маглі б і зь іншым плякатам – “Дакота, засьпявай па-нашаму!” або “Мілая Дакота, тваё прозьвішча не Герасімава, але Герасімовіч, пішы па-нашаму”.

Хтосьці павінен рабіць такія рэчы. Здаецца, раней БНФ быў ня толькі партыяй, але і грамадзкім рухам. Грамадзкая частка фронту магла б прыцягваць увагу жыхароў краіны якраз да такіх праблемаў. Без гістэрыкі, без дэструктыўнага пратэсту, але стваральна, тлумачачы, чаму важна, каб помнікі не разбураліся, каб мова не памерла. Магла б і лісты пісаць, і звароты, і ўлёткі ў паштовыя скрынкі ўкідваць па-расейску, і прыцягваць увагу сьвету, што ў адной эўрапейскай краіне зьнішчаецца добра распрацаваная старая эўрапейская мова і культура. Але ня робіць. Калі апошні раз людзі з “Маладога Фронту” ці “Моладзі БНФ” езьдзілі ў Вязынку? Ці ведаюць яны назву роднай вёскі Максіма Гарэцкага?

Як мне хацелася запытацца шматлікіх удзельнікаў сьвяткаваньня Гэлаўіну ў Менску, ці калядавалі яны хоць раз у жыцьці і ці ведаюць нешта пра Казу, Мядзьведзя, Зорку ды іншых спрадвечна нашых калядных пэрсанажаў?!

26 лістапада ў 80-я гады мы зьбіраліся на магіле Караткевіча, і нас таксама фатаграфавалі міліцыянты. Прайшло 20 гадоў, і цяпер на 26 лістапада зь днём нараджэньня віншавалі Казуліна. Ён, бясспрэчна, мужны чалавек і варты. Але ці варта забывацца пра Караткевіча?

Ну вось і мой прыпынак, да плянёркі 6 хвілінаў. Пасьпею дабегчы...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG