Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць донараў можа скараціцца на траціну


Колькасьць актыўных донараў у Беларусі можа скараціцца на траціну. Гэта зьвязана з новай мэтодыкай здачы крыві.


Як тлумачыць галоўны лекар менскай Дарожнай станцыі пераліваньня крыві Зьбігнеў Пабяржын, лякарні цяпер будуць атрымліваць пераважна плязму, а ня цэльную кроў. Мэтады ж атрыманьня плязмы, як удакладняе спадар Пабяржын, дазваляюць ужо цяпер скараціць больш як траціну ад колькасьці актыўных донараў.

“Калі цяпер мужчына можа здаваць сваю кроў пяць разоў на год, а жанчына — чатыры, то плязму (незалежна ад таго, хто донар) можна здаваць адзін раз на два тыдні. Плязма вельмі хутка аднаўляецца, калі донар добра харчуецца”, — кажа Зьбігнеў Пабяржын.

І вось як ён тлумачыць апрабаваную ў Беларусі тэхналёгію эканоміі донарскай крыві:

“Да нас прыходзяць донары. Мы забіраем кроў. На цэнтрыфузе падзяляем кроў на два кампанэнты: плязму і эрытрацыты. Плязму пакідаем, а эрытрацыты вяртаем донару. Тут жа на стале зноў бяром кроў. Гэта падвойны донарскі плязмафарэз . Разумееце, наколькі менш трэба донараў?”

У Беларусі на сёньня, як удакладнілі ў Міністэрстве аховы здароўя, агульная колькасьць донараў — 100 тысяч. Зь іх донары плязмы — толькі кожны дзясяты. Як чакаецца, колькасьць донараў пасьля скасаваньня льготаў для іх істотна зьменшыцца.

XS
SM
MD
LG