Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Званкі на Свабоду": Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 12 сьнежня, сераду


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.



Партыя БНФ заклікала сваіх актывістаў і ўсіх неабыякавых людзей узяць удзел у акцыях “За незалежную Беларусь” з нагоды прыезду ў Менск Уладзімера Пуціна. Пра візыт расейскага прэзыдэнта і наступныя тэлефанаваньні:

Спадар: “Добры дзень. “Саюзная дзяржава” — ужо рэчаіснасьць. Беларускі нацыяналізм толькі дадасьць Лукашэнку вагі на гэтых перамовах. Таксама як і акцыя Віктара Івашкевіча, якую ён заклікае зладзіць напярэдадні візыту Пуціна. Пытаньне толькі, якое з двух зол на пасадзе прэзыдэнта гэтай дзяржавы будзе меншым для Беларусі: Пуцін ці Лукашэнка?”

Вася: “У пятніцу будзе вырашанае пытаньне саюзнай дзяржавы. І наступны новы год мы сустрэнем пад гімн “саюзнай” дзяржавы”.

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода, добры вечар! Я вельмі хвалююся за незалежнасьць Рэспублікі Беларусь. Расейская мафія сьпіць і бачыць родную Беларусь Паўночна-заходнім краем у складзе Расеі. Жыве Беларусь!”

“На выбарах прэзыдэнта Расеі пераможа Міхаіл Касьянаў, калі выбары будуць праўдзівымі”, — піша ў СМС-лісьце слухачка Галіна з Магілёву. Тэлефанаваньне ў працяг тэмы:

Яцкевіч: “На мой погляд, зьнешняя палітыка Расеі вызначылася, і, можа, Мядзьведзеў будучы зробіць ня менш добрага. А Пуцін, як прафэсійны разьведчык, возьме пад свой асабісты кантроль усю эканоміку і ўсе ніткі, за якія можна пацягнуць. І вось тут, на мой погляд, мала не падасца ўсім, і добрым, і благім. Дзякую”.

Да нядаўняга візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу наступны камэнтар:

Сталы слухач: “Калі ў Аляксандра Рыгоравіча прайшла эўфарыя ад паездкі ў Вэнэсуэлу, то цяпер трэба цьвяроза ацаніць гэтую справу. А паглядзіце на іншае. У Эўропе, у Швэцыі ўжо сацыялізм прайшлі, камунізм ужо заканчваюць будаваць. У Францыі як жывуць, у Ангельшчыне, у той жа Нямеччыне, у Швэйцарыі! Паглядзі, як людзі жывуць. Вось куды трэба зьезьдзіць, з кім пасябраваць. Але яны ня хочуць сябраваць! Чаму? З-за простай рэчы — каб ён добра ставіўся да сваіх грамадзянаў”.

“Спадар Баршчэўскі, ці доўга праіснуе партыя БНФ пасьля паўторных выбараў?” — пытаецца ў СМС-допісе слухач Ігар. Лявон Баршчэўскі адказвае:

“Партыя БНФ — яна ўвогуле ідэйная партыя і ад якіх-небудзь выбараў не залежыць. Яна будзе існаваць да тае пары, пакуль будзе існаваць пагроза незалежнасьці Беларусі”.

Далей яшчэ адно пытаньне:

Спадарыня: “Вельмі дзіўна, дзе і як мог Барыс Гарэцкі атрымаць пасьведчаньне эўрапейскага журналіста, калі ён летась за пропускі быў адлічаны з польскай ВНУ, а значыць, з праграмы Каліноўскага. Вельмі дзіўна”.

Нагадаю, што за падтрымку акцыі прадпрымальнікаў Барыс Гарэцкі разам зь іншымі актывістамі асуджаны на 7 сутак арышту і цяпер знаходзіцца ў турме. Таму на пытаньне адказвае сябра Камітэту ў абарону рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Ала Кароль:

“Барыс Гарэцкі прыняў рашэньне вярнуцца на радзіму самастойна, каб актыўна працаваць на карысьць Бацькаўшчыны. А пытаньне пра журналісцкае пасьведчаньне можна задаць самому Барысу, калі ён вернецца з турмы”.

Наступнае пытаньне да прадпрымальніка Аляксандра Таўстыкі:

Спадар: “Пытаньне спадару Таўстыку. Адкажыце сумленна, чаму вас з усяго ўказу 760 так турбуе толькі забарона трымаць рэалізатараў?”

Адказвае Аляксандар Таўстыка, які нагадаю, адбыў 7 сутак арышту за падрыхтоўку акцыі пратэсту прадпрымальнікаў:

“Чаму мяне турбуе пункт 1.1 Указу № 760? Бо гэта парушэньне правоў чалавека на свабоднае працаўладкаваньне. А чаму гэтага чалавека, які задаў пытаньне, не цікавіць, што пасьля гэтага ўказу дзесьці 300 тысяч чалавек страцяць свае працоўныя месцы?”

Працягваем праграму яшчэ адным пытаньнем:

Спадарыня Тарасава, Менск: “Адкажыце на пытаньне. Раней было раскулачваньне. А ці ёсьць сёньня на вёсцы багацеі, кулакі, алігархі?”

Адказвае эканаміст Кастусь Скуратовіч:

“Адносна добра жывуць вяскоўцы каля буйных гарадоў і, у прыватнасьці, каля Менску. Але не таму, што там добрыя калгасы, а таму, што большасьць людзей працуюць у гарадах і маюць зямлю ў вёсцы. А што людзі жывуць добра, бо добрыя калгасы, — так сказаць нельга”.

І на заканчэньне — выказваньне на адрас журналістаў дзяржаўных мэдыяў і слухачоў Свабоды.

Спадар: “Таварыш, які званіў на “Свабоду”, прапануе саслаць нязгодных з Лукашэнкам на востраў. Ідэя добрая. Толькі ўсё павінна быць наадварот — на востраў тых, хто не дае нам жыць па-людзку, а таксама тых, каму падабаецца напаўжывёльнае існаваньне і рабская псыхалёгія”.

Спадар: “Да якога часу ў маёй роднай Беларусі праз тэлебачаньне і радыё будуць прапагандаваць суцэльную хлусьню пра квітнеючае жыцьцё?! Дзе ваша сумленьне, спадарства?! Сорамна за вас”.
XS
SM
MD
LG