Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А насамрэч, чаго едзе? І час знаходжаньня нейкі дзіўны – з 6 вечара чацьвярга да 5 вечара пятніцы, прычым журналістаў акрэдытоўваюць толькі на прылёт і адлёт. Гэта значыць – на суткі куды-небудзь у Заслаўе і … І што? Што можа Ўладзімер Пуцін абмяркоўваць суткі з такім шчырым сябрам, як Аляксандар Лукашэнка?

Самы сэнсацыйны сцэнар быў агучаны на мінулым тыдні “Эхом Москвы” – Канстытуцыйны акт, Пуцін – саюзны прэзыдэнт, Лукашэнка – саюзны сьпікер. Ужо на гэтым тыдні “Коммерсант” распавёў пра канкрэтныя праекты акту, якія ўжо падрыхтаваныя ляжаць у валізцы ў Паўла Барадзіна.

Але сумневы ў тым, што размова пойдзе менавіта пра гэта, спараджаюць ня толькі гарачыя абвяржэньні, якія прагучалі з Масквы і Менску (дакладней, Каракасу) на паведамленьне “Эха”. І ня тое нават, што калі праекты сыходзяць зь ведамства Барадзіна, то цана іх ня большая за цану паперы, на якой яны напісаныя.

Справа хутчэй у палітычным кантэксьце, які не схаваеш. Інтэлігентным людзям з вышэйшай адукацыяй уласьцівае ўяўленьне, што аўтарытарныя ўладары могуць зрабіць усё і калі заўгодна. З пункту гледжаньня інтэлігента зробленае будзе безумоўна вельмі дрэнным, але пытаньне магчымасьцяў наагул не ўзьнікае. Гэтае меркаваньне пэўна грунтуецца на падсьвядомай упэўненасьці чалавека разумовай працы, што калі б я, такі разумны і дасьведчаны, у тое крэсла патрапіў, то я б… Менавіта таму інтэлігентаў і нават інтэлектуалаў да ўлады, асабліва аўтарытарнай, амаль нідзе ў сьвеце не падпускаюць, што і да лепшага.

Насамрэч уладар, і аўтарытарны ў тым ліку, дзейнічае ў даволі вузкім калідоры магчымасьцяў. І зьмена канфігурацыі калідору – рэч, якую даволі цяжка схаваць.
Яшчэ тыдзень таму «Советская Белоруссия» пісала пра расейскія думскія выбары тонам стомленага шматвяковай культурай эўрапейца, які распавядае пра экзатычныя норавы папуасаў.

Ну ня піша так афіцыёз менавіта пры аўтарытарнай уладзе за два тыдні да ўрачыстага зьліцьця ў экстазе з такой “дзікай” дзяржавай. Гэта магло б спалучацца, калі б з нейкай бяды гэтую ўладу за тыдзень раптам прыціснулі да сьценкі так, што выбар – ці хуткая сьмерць ці капітуляцыя. Але нічога такога катастрафічнага, скажам па шчырасьці, не назіраецца: ну інфляцыя, ну сальда, але ўсё ж пакуль у межах дапушчальнага. Капітуляваць проста няма падставаў.

Усе інтэграцыйныя праекты за ўсе апошнія нават 14 гадоў развальваліся з той простай прычыны, што пры любых сур'ёзных спробах увасобіць іх у жыцьцё кожны бок робіцца закладнікам другога. І чым сёньняшняя сытуацыя адрозьніваецца ад таго, што было ўсе гэтыя гады?

Ну дзеля чаго Пуціну, які выпакутаваў даволі складаную, але на ягоны погляд дзеяздольную, схему перадачы-захаваньня ўлады, трапляць у залежнасьць ад капрызу суседа? Той жа да таго, як інтэграцыйная схема ўвасобіцца ў жыцьцё, усю душу выме сваімі прэтэнзіямі, якія ўвесь час будуць падвышацца, а ў рэшце яшчэ і “кіне”: ня тое, як высьветліцца, аб’яднаньне прапаноўваў 13-14 сьнежня хцівы і падступны Крэмль. І колькі разоў ужо такое было.

Што да Лукашэнкі, то для яго рызыкаў у разы болей: зараз вось нейкага спікерапрэм'ера паабяцаюць, а як дойдзе да справы, калі задняга ходу ўжо ня будзе, разьвядуць рукамі: “Ну прабач, братан, ну не атрымалася, расклад зьмяніўся”. Таму цяпер ня будзе і пярэдняга ходу. Такая вось простая, чалавечая лёгіка ўлады.

А што ж будзе? Па-першае, а дакладней, па-другое, надзіманьне нейкай PR-бурбалкі. Гэта можа быць урачыстая дамоўленасьць ці пра супольны рубель, ці пра эканамічную інтэграцыю, ці нават пра Канстытуцыйны акт, але выкананьне якой будзе аднесенае некуды далей, на пасьля расейскіх выбараў. Але ўжо пэўна. Менавіта пра гэтую бурбалку і будуць пісаць усе мэдыі. Пуцін на радасьць свайму добраму народу перадае пераемніку апроч іншага і інтэграцыю з братняй Беларусьсю, зь якой вось-вось адбудзецца аб’яднаньне.

Зразумела, што выконваць гэтыя абяцаньні з самага пачатку ня будзе мець намеру ні Лукашэнка, ні Пуцін. У чыстым выглядзе паўторыцца сытуацыя дамовы Лукашэнка-Ельцын узору 1996 году. Навошта гэта Пуціну, калі, здавалася б, усё вырашана? А не зашкодзіць. Гэта мудрыя аналітыкі, якія лічаць, што ўсё вырашана, у выпадку памылкі напішуць яшчэ адзін, яшчэ больш разумны артыкул. А аўтарытарыю што рабіць, калі справы пойдуць ня так? Улада ўсё ж не працягваецца, а перадаецца ў іншыя рукі.
Герой кінастужкі “Ронін”, былы спэцслужбіст, казаў: “Калі сытуацыя сумнеўная, то сумневаў няма. Мяне так вучылі”. І Пуціна так вучылі. І таму ён усе цьвікі імкнецца забіваць па плешку, выключаючы любую рызыку.

І адсюль вынікае першае, для чаго ён, магчыма, едзе ў Менск і што ў пэўным сэнсе адваротнае сэнсацыям , агучаным “Эхом Москвы” і “Коммерсантом”. Лукашэнку будуць не запрашаць пагуляць на расейскім полі, а вельмі грунтоўна і ў дэталях распавядаць, што зь ім зробяць, калі ён сунецца туды і нават калі пачне па звычцы камэнтаваць тое, што на гэтым полі будзе бліжэйшым часам адбывацца. Ад яго запатрабуюць сказаць, што “мы добра ведаем і паважаем таварышча Мядзьведзева”, пасьля чаго замоўкнуць і моўчкі сядзець да расейскіх выбараў і самае галоўнае – пэўны час пасьля.

На выбарах сапраўды наўрад ці адбудзецца нешта нечаканае, а вось пасьля менавіта нечаканасьцяў і варта чакаць. Усе схемы пра Дэн Сяопіна, аяталу і нацыянальнага лідэра прыгожа і складна гучаць, пакуль Пуцін – прэзыдэнт. Але пры зьяўленьні прэзыдэнта Мядзьведзева (Іванова, Пятрова, Сідарава) пачнуць дзейнічаць жалезныя законы ўлады, новы гаспадар Крамля пачне абрастаць атачэньнем, лісьліўцамі, паплечнікамі, якія ў нейкі момант скажуць: “А хто такі Пуцін? Вы ж цар, Вас жа народ абраў”. Гэты варыянт цалкам імаверны і амаль непазьбежны. Але бойка галоў уладнай вэртыкалі створыць надзвычай няўстойлівую сытуацыю, у якой умяшаньне няўрымсьлівага і амбітнага суседушкі будзе надзвычай недарэчным і небясьпечным. У такой сытуацыі Лукашэнка, зразумела, можа пра ўсе папярэджаньні забыць, але папалохаць цяпер у любым выпадку не зашкодзіць.
І зноў жа – ніякіх мудрагелістых плянаў наконт Вялікай Расеі, простая, чалавечая лёгіка ўлады.

Міхась Залескі неяк сказаў: “Беларуская палітыка не такая простая, як падаецца на першы погляд. Яна яшчэ прасьцейшая”. Расейская, нягледзячы на вонкавую бізантыйскую ўскладненасьць, у сутнасьці сваёй таксама простая. Як само жыцьцё.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG