Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мікола Шарах: “Наш прафсаюз сваіх у бядзе ня кіне”


Аляксандар Уліцёнак гутарыць з грамадзкім рэдактарам тыдня Міколам Шарахам аб праблемах суполкі Свабоднага прафсаюзу беларускага.

Уліцёнак: “Што прымусіла вас заняцца прафсаюзнай дзейнасьцю?”
Шарах: “Здарыўся канфлікт з прафсаюзам афіцыйным, я напісаў заяву аб выхадзе і застаўся адным зь нямногіх на прадпрыемстве, хто быў па-за рамкамі прафарганізацыі. А неўзабаве пайшла інфармацыя пра альтэрнатыўныя арганізацыі, я ёй зацікавіўся і разам зь яшчэ некалькімі сваімі сябрамі стварыў суполку, якая існуе на прадпрыемстве й сёньня”.
Уліцёнак: “Наколькі пашыраная такая мадэль паводзінаў, калі ў дэмакратычныя арганізацыі ідуць людзі, якіх нейкім чынам пакрыўдзілі?”
Шарах: “Тое было раней. Цяпер далучаюцца сьвядома, маючы інфармацыю пра напрамкі дзейнасьці новай структуры”.
Уліцёнак: “Чым можа пахваліцца першасная суполка СПБ на “Шкловалакне”?
Шарах: “У нас тры галоўныя кірункі дзейнасьці: інфармацыйны – усё пра тое, што адбываецца вакол і на прадпрыемстве, адукацыйны – прапаганда ведаў пра розныя актуальныя аспэкты заканадаўства, і, нарэшце, юрыдычная падтрымка – дапамога работнікам у непасрэднай абароне іхных правоў”.
Уліцёнак: “А нейкія прыклады можна прывесьці?”
Шарах: “Дастаткова шмат, у тым ліку і судовых”.
Уліцёнак: “Давайце спынімся на апошнім”.
Шарах: “Калі быў звольнены старшыня пярвічкі Віктар Стукаў, мы пачалі адстойваць яго праз суд. Ня выйшла. Тады націснулі празь іншыя рычагі – і атрымалася: Віктара аднавілі на працы. Гэта моцны станоўчы стымул для іншых: людзі яшчэ раз пераканаліся – праўду ўсё ж можна адстояць. Тым больш усе на прадпрыемстве ведалі, якое моцнае незадавальненьне выклікала ў адміністрацыі прафсаюзная дзейнасьць Стукава. Таму рэзананс нашай перамогі быў вельмі гучны. Людзі зноў пераканаліся: свабодны прафсаюз сваіх у бядзе ня кідае”.
Уліцёнак: “У якіх прапорцыях сёньня сябры вашага і афіцыйнага прафсаюзу?”
Шарах: “Мы яшчэ ня выйшлі з-пад адміністрацыйнага ціску. Наймальнік ня хоча мець дачыненьне зь людзьмі, якія ведаюць свае правы, валодаюць інфармацыяй і таму здатныя абараніцца.
У свой час нашая суполка налічвала за 200 чалавек. Аднак начальства ўсяляк чыніла ціск на арганізацыю, яе сяброў паасобку, каб СПБ разваліўся. І дамагліся таго, што цяпер у нас толькі 30 чалавек. Але гэта людзі, кожны зь якіх неаднаразова зьведаў спробы звальненьня за свае перакананьні, пазыцыю. Аднак яны здолелі дабіцца перамогі над адміністрацыяй. І калі надыдзе спрыяльны час, паверце, да кожнага ўмомант далучацца дзясяткі. Вось хто быў і застаецца нашым касьцяком”.

Мікола Шарах – намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу беларускага, працуе памочнікам майстра ў акцыянэрным таварыстве “Полацак-Шкловалакно”. З адукацыі – інжынэр-мэханік хімічнай вытворчасьці. Вывучае завочна ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце міжнароднае права.
XS
SM
MD
LG