Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юліі Цімашэнцы не хапіла аднаго голасу


Юлія Цімашэнка пакідае залю парляманту.
Юлія Цімашэнка пакідае залю парляманту.

1 голасу не хапіла Юліі Цімашэнцы, каб стаць прэм'ер-міністрам Украіны. Яе кандыдатура сёньня ў Вярхоўнай Радзе галасавалася двойчы.

Але кожны раз галасоў не хапала да простай большасьці. Прадстаўнікі “аранжавай” кааліцыі заяўляюць, што электроннае галасаваньне было сфальсыфікаванае, паводле іх галасы некаторых прадстаўнікоў кааліцыі не былі ўлічаныя. Пра сёньняшнія падзеі і іх магчымыя наступствы распавядае галоўны рэдактар украінскай газэты “Экономические известия» Юры Сьвірко.
Дракахруст: "Чаму, на ваш погляд, не была зацьверджаная кандыдатура Юліі Цімашэнкі? Ці сапраўды справа ў фальсыфікацыях , у чым прадстаўнікі “аранжавай кааліцыі” абвінавачваюць Партыю рэгіёнаў, ці гэта сьведчаньне ваганьняў у шэрагах кааліцыі і яе хісткай перавагі над апанэнтамі?"
Сьвірко: "Я мяркую, што абодва тлумачэньні маюць права на існаваньне, але на мой погляд, галоўная прычына – гэта агульная неразьбярыха, якая назіраецца зараз ва ўкраінскай палітыцы. Паводле рэглямэнту Вярхоўнай Рады Ўкраіны была створаная лічыльная камісія з 20 дэпутатаў з розных фракцый. Яны мелі сказаць сваё слова, ці прагаласавала за Цімашэнку 225 дэпутатаў, як паказала табло, ці 227, як сьцьвярджаюць дэпутаты "Нашай Украіны" і Блёку Юліі Цімашэнка.
Вядома, што два дэпутаты з гэтых дзьвюх фракцый заявілі, што іх карткі для галасаваньня не спрацавалі.
Замест таго, каб пайсьці паводле рэглямэнту, спакойна разабрацца, адразу пачалі рабіцца палітычныя заявы, што нехта сапсаваў, нехта сфальшаваў, ужо да Рады прыехалі прадстаўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны. Гэта ўсё выглядае, як звычайныя падзеі ў Вярхоўнай Радзе, калі пытаньні вырашаюцца праз скандалы, мэгафоны, крыкі і неразьбярыху. А паводле правілаў, паводле закону тут мала хто працуе".

Дракахруст: “Як падзеі могуць разьвівацца далей: ці магчымая прапанова ўвайсьці ў кааліцыю Блёку Літвіна, ці магчымая “шырокая кааліцыя” з удзелам Партыі рэгіёнаў, ці “аранжавая кааліцыя” будзе рабіць стаўку на паўторнае галасаваньне ў цяперашнім складзе?"
Сьвірко: "Я ня выключаю ўсіх гэтых варыянтаў, але ўпэўнены, што заўтра прэзыдэнт Юшчанка будзе прапаноўваць Юлію Цімашэнку на пасаду прэм'ер-міністра і гэтае пытаньне будзе разглядаць Вярхоўная Рада. Я таксама лічу, што Юлія Цімашэнка хутчэй за ўсё зьбярэ неабходныя 227 галасоў і будзе зацьверджаная на пасадзе кіраўніка ўраду.
Зараз украінскія палітолягі будуць шмат казаць пра розныя варыянты, некаторыя дэпутаты парлямэнту кажуць пра магчымасьць "шырокай кааліцыі", гэтага выключаць нельга, бо ёсьць шмат зацікаўленых у гэтым як у "Нашай Украіне", гэтак і ў Партыі Рэгіёнаў на чале з Віктарам Януковічам. Але што хто з дэпутатаў Партыі Рэгіёнаў мяркуе, што Цімашэнка ўсё ж стане прэм'ерам і ніхто ёй перашкодзіць зараз ня зможа. Іншае пытаньне, колькі яна пратрымаецца на гэтай пасадзе".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG