Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікаў акцыі пратэсту засудзілі да арыштаў


Апошняму ўвечары 11 сьнежня быў абвешчаны прысуд Віктару Івашкевічу — намесьніка старшыні Партыі БНФ асудзілі на 15 сутак.


Справа зацягнулася, бо Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні партыі БНФ, заявіў у судзе, што ня можа пазнаёміцца з матэрыяламі справы, бо ягоныя акуляры засталіся ў міліцыі. Судзьдзя Аляксей Бычко, які разглядаў справу, абвясьціў перапынак, каб міліцыянты прывезьлі Івашкевічу акуляры.

Першым пачалі судзіць у Маскоўскім судзе Аляксандра Макаева. Яго затрымалі 10 сьнежня за некалькі гадзін да пачатку акцыі. Спачатку адвезьлі ў пракуратуру, дзе ён адмовіўся падпісаць папярэджаньне аб адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Празь некалькі хвілін яго зноў затрымалі і сёньня прывезьлі ў суд. Аляксандра Макаева арыштавалі на 7 сутак.

Заўтра прадпрымальніка прывязуць у суд Ленінскага раёну, каб таксама судзіць, але паводле ранейшага пратаколу, які склалі на мінулым тыдні.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску арыштавалі на 15 сутак Віктара Гарбачова з Барысава. Аляксандра Цацуру з Салігорску пакаралі арыштам на 10 сутак, а Віктара Крываля, прадпрымальніка з Узды, — на 15 сутак.

Віктара Калея арыштавалі на 10 сутак.

Барыса Гарэцкага, моладзевага актывіста, судзьдзя Віктар Ясіновіч арыштаваў на 7 сутак. Зь яго зьнялі абвінавачаньне ў дробным хуліганстве, пакінуўшы толькі ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Крысьціну Шацікаву, паколькі яна мае дзяцей, якія не дасягнулі 12-гадовага ўзросту, закон забараняе арыштоўваць. Яе аштрафавалі на 700 тысяч рублёў.

Старшыня суду сп. Самасейка разгледзеў справу Аляксея Кашкарова. Кашкароў заявіў, што ня ўдзельнічаў у акцыі, ён убачыў на плошчы натоўп людзей, пачуў музыку і падышоў пацікавіцца, што адбываецца. Ён думаў, што там канцэрт зорак расейскай эстрады. Аднак, нягледзячы на гэтае тлумачэньне, Кашкарова арыштавалі на 15 сутак.

Нікому з затрыманых спэцназаўцы не далі перадаць ваду, ежу і цёплыя рэчы.

Тамара Цацура абураная дзеяньнямі міліцыянтаў. Яе мужа Аляксандра забралі з дому супрацоўнікі салігорскай міліцыі. Яго завезьлі ў Менск у пракуратуру, дзе як заяўніку акцыі прапанавалі падпісаць паперы аб адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Пасьля адмовы сп.Цацуру адвезьлі ў міліцыю. Прадпрымальніка абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы:

“На столькі абурыла, што я ледзь вытрымала... каб ён калі-небудзь чалавека пакрыўдзіў?! Ці лаяўся?! Гэта чалавек, які балее за людзей.Органы міліцыі на яго такое кажуць, што ён нібыта лаяўся! Прыехалі міліцыянты а 7 раніцы на двух машынах. Пазванілі ў дзьверы. Я яго не пускала, бо не давяраю гэтай міліцыі. Кажу ім: “Я яго нікуды не пушчу”. Яны мне паабяцалі, што прывязуць яго назад”.

Павал Севярынец так пракамэнтаваў суды над грамадзкімі актывістамі:

“Хутчэй за ўсё гэтыя затрыманьні зьвязаныя з тым, што 13-14 чысла ў Менск прыяжджае Пуцін. Улада праводзіць прэвэнтыўную “зачыстку”, каб не дапусьціць нейкіх пратэстаў. Людзі, якія ня мелі ніякага дачыненьня да мітынгу і арганізацыі прадпрымальніцкага шэсьця апынуліся ў турме з абсалютна надуманых прычынаў. Магчыма, гэта й спроба паказаць Пуціну, як эфэктыўна дзейнічае беларуская мадэль дэмакратыі, якую Пуцін узяў на ўзбраеньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG