Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін можа ўзначаліць расейскі ўрад


Першы віцэ-прэм’ер ўраду Расеі Д.Мядзьведзеў заявіў, што ў выпадку абраньня яго прэзыдэнтам ён прапануе пасаду кіраўніка ўраду краіны Пуціну.


“Выказваючы гатоўнасьць балятавацца на пасаду прэзыдэнта Расеі, зьвяртаюся да яго (Пуціна) з просьбаю даць прынцыповую згоду ўзначаліць урад Расеі пасьля абраньня новага прэзыдэнта нашай краіны” – заявіў Дзьмітры Мядзьведзеў у наўпроставым эфіры.

Беларускі палітоляг Ігар Лялькоў лічыць, што пры такім дуэце на чале Расеі ціск на Беларусь будзе адбывацца перадусім у эканамічнай сфэры:

“Я думаю, што гэта будзе поўны працяг той палітыкі, якую Расея праводзіць цягам апошніх пары гадоў. І ціск будзе ў выглядзе эканамічнай экспансіі. Прычым ня толькі на Беларусь.

Ня думаю, што гэта будзе азначаць падвышэньне ступені пагрозы палітычнай экспансіі Расеі, у сэнсе інкарпарацыі Беларусі ў Расею. На мой погляд, ідэя саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі будзе паціху канаць. А падпісаньне Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы ізноў адкладаецца “на сьвятое ніколі”.
Ідэя саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі будзе паціху канаць


Між тым сёньня расейская газэта “Коммерсантъ” са спасылкай на Дзяржсакратара так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі Паўла Барадзіна паведамляе, што існуюць тры варыянты Канстытуцыйнага акту. Першы прадугледжвае, што прэзыдэнтам будзе прэзыдэнт Расеі, а віцэ-прэзыдэнтам – прэзыдэнт Беларусі. Паводле другога варыянту, абіраць саюзнага прэзыдэнта будуць праз галасаваньне грамадзянаў абедзьвюх краінаў. Трэці варыянт наагул не прадугледжвае пасады саюзнага прэзыдэнта, а застаецца толькі Вышэйшая дзяржаўная рада. І, маўляў, гэтыя варыянты будуць разглядацца 14 сьнежня на паседжаньні Вышэйшай дзяржаўнай рады ў Менску.

Сёньня ж Сталы камітэт так званай саюзнай дзяржавы распаўсюдзіў прэсавы рэліз, у якім сьцьвярджаецца, што 14 сьнежня “плянуецца зьмяніць склад расейска-беларускай камісіі, якая рыхтуе праект Канстытуцыйнага акту”.

З гэтай нагоды беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў кажа, што ў Менску размова паміж Пуціным і Лукашэнкам пра Канстытуцыйны акт можа адбыцца:

“Але я пакуль ня бачу мэханізму, як гэта можна рэалізаваць. Тое, што было агучана радыёстанцыяй “Эхо Москвы”, мне падаецца, цалкам не пасуе да гэтай сытуацыі.

Галоўнае тут вось у чым. Каб Пуцін стаў сапраўдным кіраўніком аб’яднанай дзяржавы, а ня нейкім зіц-старшынём, трэба мяняць канстытуцыі абедзьвюх краінаў. Бяз гэтага нельга. А Пуцін ужо колькі разоў казаў, што ён на зьмену канстытуцыі ня пойдзе. І пакуль што няма ніякіх сьведчаньняў, што ён ад гэтага свайго слова адмовіцца”.

Лідэр Камуністычнай партыі Расеі Генадзь Зюганаў сказаў, што выбар Мядзьведзева ў якасьці пераемніка можа сьведчыць пра пляны Пуціна паскорыць пабудову саюзнай дзяржавы:

“Вылучэньне Мядзьведзева падказвае мне яшчэ адну ідэю, зьвязаную з будучыняй Пуціна. Я не зьдзіўлюся, калі бліжэйшым часам з боку Пуціна будуць ініцыяваныя пэўныя захады, накіраваныя на ўзмацненьне Саюзу Расеі і Беларусі”.

Аднак гэтая заява прагучала крыху раней, чым Дзьмітрый Мядзьведзеў публічна агучыў сваю прапанову Ўладзімеру Пуціну ачоліць расейскі ўрад.
XS
SM
MD
LG