Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К.Ст’юарт атрымала ўзнагароду


Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс уганаравала пасла ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт узнагародай “Дыпляматыя за Свабоду”.


Вось што паведаміў Радыё Свабода прадстаўнік амбасады ЗША ў Беларусі Аляксей Саламаха:

“Амбасадарка ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Карэн Ст’юарт атрымала ўзнагароду, якая называецца “Дыпляматыя за свабоду”, за 2007 год. У сваёй прамове на цырымоніі дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс адзначыла: тым часам як улады Беларусі пашыраюць перасьлед апазыцыі і простых грамадзянаў, якія выступаюць за перамены мірным шляхам, амэрыканская амбасадарка забясьпечыла падтрымку дэмакратычным ініцыятывам у Беларусі з боку ЗША”, — кажа Аляксей Саламаха.

"Амэрыканская амбасадарка забясьпечыла падтрымку дэмакратычным ініцыятывам у Беларусі з боку ЗША”
Як гаворыцца ў паведамленьні Дзярждэпартамэнту ЗША, асабістая прысутнасьць і асабістыя кантакты могуць быць вельмі моцным інструмэнтам у прасоўваньні ідэяў дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці, што і прадэманстравала Карэн Ст’юарт.

Яе досьвед у падтрымцы дэмакратычных актывістаў, якія дзейнічаюць супраць рэпрэсіўнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, стаў падставай для ўшанаваньня яе першай узнагародай “Дыпляматыя за Свабоду”.

Урачыстая цырымонія адбылася ў Дзярждэпартамэнце ЗША 10 сьнежня, ва Ўсясьветны дзень правоў чалавека. На ёй прысутнічаў намесьнік старшыні сэнацкага камітэту па замежных справах сэнатар-рэспубліканец Рычард Лугар. Гэтай узнагародай, якую цяпер будуць прысуджаць штогод, адзначаюць амэрыканскіх дыпляматаў за спрыяньне дэмакратыі, шанаваньню чалавечай годнасьці і барацьбе з тыраніяй.

Амбасадарка Ст’юарт ды іншыя прадстаўнікі дыпляматычнай місіі ЗША ў Беларусі назіраюць за тым, як праходзяць вулічныя акцыі апазыцыі, робяць публічныя заявы ў падтрымку мірных акцый, у абарону дэмакратыі.

“Яе асабістая прысутнасьць ня толькі служыць падтрымкай для прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый і апазыцыйных групаў, але і прымушае ўлады не выкарыстоўваць гвалтоўныя захады для разгону дэманстрацый”, — гаворыцца ў паведамленьні Дзярждэпартамэнту ЗША.

Амбасадарка і яе намесьнік прысутнічаюць на судах над палітычнымі актывістамі. Карэн Ст’юарт таксама спрыяе пошуку супольных пунктаў паміж рознымі апазыцыйнымі групамі.

Карэн Ст’юарт наведала з гуманітарнай дапамогай шмат мясьцінаў па ўсёй Беларусі. Каб прадэманстраваць асабістую падтрымку, яна ладзіла сустрэчы з сем’ямі палітвязьняў і з тымі, хто раней спазнаў зьняволеньне з палітычных прычынаў. Амбасадарка Ст’юарт і яе каманда прыкладалі намаганьні і да таго, каб пашырыць санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва, канстатуецца ў паведамленьні Дзярждэпартамэнту ЗША.

Даведка “Свабоды”

Карэн Брэвард Ст’юарт, кар’ерны дыпламат, была рэкамэндаваная на пасаду амбасадара ў Беларусі прэзыдэнтам Бушам 21 ліпеня 2006 году, зацьверджана Сэнатам ЗША 4 жніўня і прыведзена да прысягі дзяржсакратаром Кандалізай Райс 8 верасьня. У Менск Карэн Ст’юарт прыбыла 18 верасьня 2006 году.

Нарадзілася спадарыня Ст’юарт у штаце Флорыда. На дыпляматычнай службе з 1977 году. Працавала ў Бангкоку (Тайлянд), Каломба (Шры-Ланка), двойчы — у Віент’яне (Лаос), а таксама ва Ўдорне (Тайлянд), Ісламабадзе (Пакістан) і на пасадзе намесьніка амбасадара ў Менску.

Сярод яе прызначэньняў у Дзярждэпартамэнце ЗША ў Вашынгтоне — пасады супрацоўніка па міжнародных сувязях упраўленьня па пытаньнях рыбалоўства, эканамічнага супрацоўніка ўпраўленьня па праблемах краін-энэргаспажыўцоў, кіраўніка аддзела эканомікі і гандлю ўпраўленьня па ізраільскіх і арабска-ізраільскіх пытаньнях. Займала пасаду дырэктара аддзела Ўкраіны, Малдовы і Беларусі ў Бюро па справах Эўропы і Эўразіі.

Карэн Ст’юарт скончыла каледж Уэлслі, дзе стала сябрам студэнцкай суполкі “Фі Бэта Капа” і стыпэндыятам Д’юранта, мае ступень бакаляўра астраноміі (з адзнакай) і эканомікі. Працягвала вывучэньне астраноміі ва Унівэрсытэце штата Вірджынія. У 1998 годзе атрымала ступень магістра ў галіне стратэгіі нацыянальнай бясьпекі ў Нацыянальным ваенным каледжы пры Ўнівэрсытэце нацыянальнай абароны ў Форт-Макнэр.

Валодае тайскай, лаоскай і расейскай мовамі. Атрымала шэраг ганаровых узнагарод Дзярждэпартамэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG