Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назвалі ляўрэатаў прэміі “Хартыя-97”


У намінацыі “За абарону правоў чалавека і хрысьціянскіх каштоўнасьцяў” прэміравалі старшыню камітэта парафіі Сьвятога Язэпа ў Менску Івону Мацукевіч. У галіне “абароны правоў чалавека і свабоды творчасьці” ўганаравалі творчую суполку “Пагоня”. А ўзнагародай “За асабістую мужнасьць у абароне правоў чалавека” адзначылі Тацьцяну Леановіч — праваабаронцу і жонку палітвязьня Андрэя Клімава.
З. Бандарэнка: “Сярод ляўрэатаў могуць быць сьвятыя”
Каардынатар “Хартыі-97” Зьміцер Бандарэнка не хавае, што пры вызначэньні пераможцаў даводзілася кіравацца і суб’ектыўным ацэнкамі:
“Падзеяў на самой справе было шмат. У нас і палітвязьні ёсьць, і сем’і іхнія пакутуюць. Але мы ня можам штогод вызначаць адных і тых жа асобаў, таму выбар такі. Абарона касьцёла Сьвятога Язэпа, магчыма, адна з галоўных падзеяў гэтага году ў галіне абароны правоў чалавека. І што да спадарыні Івоны, то не выключаю, што яе калісьці прызнаюць сьвятою — штодня яна зьдзяйсьняе свой подзьвіг.
Суполка “Пагоня”? Зараз ёсьць розныя працэсы ў творчай сфэры, але, падаецца, нашы мастакі — гэта і Аляксей Марачкін, і Яўген Шунейка, і Аляксандар Родзін, і шмат іншых — вельмі пасьлядоўныя, у іх няма такога выбару — ісьці на паклон ці не ісьці. Кандыдатура спадарыні Клімавай ушчыльную зьвязаная зь біяграфіяй яе мужа: Клімаў больш за іншых атрымаў турэмных тэрмінаў і цяпер знаходзіцца ў вязьніцы. І мы схіляем галаву перад мужнасьцю Тацяны Клімавай, аддаючы ёй належнае”.
І. Мацукевіч: "Што Богу належыць — ягоным і будзе"
Штодня цягам двух з паловай гадоў пасьля вечаровага набажэнства Івона Мацукевіч ідзе да касьцёла Сьвятога Язэпа. Яе малітвы скіраваныя на вяртаньне храма вернікам-каталікам:
“Я проста нармальны чалавек, які хоча, каб наша дзяржава, наш народ ня згінуў. Бо ў п’янстве, наркаманіі гэты народ папросту ня мае будучыні. Спрыяць гэтаму можа аднаўленьне хрысьціянскіх традыцый: калі будзе ў чалавека Бог у душы, то ён будзе чалавекам. А гэта можа здарыцца толькі тады, калі будуць сьвятыні. Адна з гэтых сьвятыняў ужо 143 гады выкарыстоўваецца як архіў. За яе я прашу ў Бога ласкі, каб яе таксама аддалі дзеля ўслаўленьня Госпада, дзеля таго, каб, можа, хоць некалькі чалавек маглі прыйсьці да Бога і праз гэтую сьвятыню. І гэта ўся мая праца, я больш нічога не хачу і ніякіх у мяне няма іншых думак ці яшчэ чагосьці. Проста хачу сказаць: Божа, што табе належыць, хай яно табе і будзе”.
А. Марачкін: “Пагоня” — суполка нонканфармістаў”
Уганараваныя “Хартыяй-97” сябры “Пагоні” больш за паўтара дзясяткі гадоў застаюцца вернымі прынцыпам вольнасьці і свабоды творчасьці. Гэтую пазыцыю творцаў агучвае старшыня творчай суполкі, вядомы мастак Аляксей Марачкін:
“Я вельмі ўдзячны тым людзям, якія вылучылі нас на гэтую намінацыю. Трэба сказаць,што мы ўжо з 1990 году працуем у рэчышчы выяўленчага мастацтва, наш самы галоўны арыенцір — гэта беларушчына, гэта адстойваньне свабоды творчасьці, гэта наш нонканфармізм. Мы лічым сябе свабоднымі мастакамі, непадуладнымі афіцыёзу, асабліва ў сёньняшні час. І, калі па шчырасьці, гэта нармалёва, што нас урэшце заўважылі. Бо шкада, што іншыя грамадзкія арганізацыі і палітычныя партыі, зь якімі суполка “Пагоня” працуе ўшчыльную (няхай яны не расцэньваюць гэта як папрок), нас не адзначылі ніяк”.
Т. Леановіч: “Узнагарода належыць усёй нашай сям’і”
Як напісана ў анатацыі “Хартыі-97”, Тацяна Леановіч — вядомая юрыстка, праваабаронца і жонка палітвязьня Андрэя Клімава. Выходзіла замуж за пасьпяховага прадпрымальніка-мільянэра, дэпутата парлямэнта, а стала жонкай палітвязьня — Клімаў быў тройчы пакараны пазбаўленьнем волі. Увесь гэты час Тацяна бараніла мужа ў судах і выхоўвала дзяцей. Андрэй Клімаў быў ляўрэатам прэміі ў 2005 годзе:
“Мне ўчора затэлефанавалі сябры і паведамілі гэтую радасную навіну. І я, канечне, адразу ж зайшла ў інтэрнэт, каб пераканацца ў праўдзівасьці паведамленьня на ўласныя вочы. Я, натуральна, вельмі ўзрушылася. Так, гэта мяне сапраўды вельмі кранула і пачуцьці проста мяне перапоўнілі. Вядома, гэтая прэмія цалкам належыць усёй нашай сям’і. Я яе хачу падзяліць і з мамай Андрэя, якая нямала зрабіла для абароны правоў сына, а таксама зь дзецьмі, якія спаўна нацярпеліся за ўвесь гэты час”.
Цырымонію ўзнагароджаньня “Хартыя-97” мае правесьці да канца 2007 году.
Нацыянальную прэмію ў галіне абароны правоў чалавека “Хартыя-97” заснавала ў 1998 годзе. Яе ляўрэатамі былі абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы, палітвязьні Аляксандар Казулін, Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, прафсаюзная актывістка Алена Захожая; вернікі, якія трымалі галадоўку ў абарону царквы “Новае жыцьцё”, праваабаронца Валеры Шчукін, жонкі зьніклых грамадзкіх дзеячаў Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Сьвятлана Завадзкая, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, абаронцы Курапатаў, гурты N.R.M., “Новае неба”, журналісты Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч, Любоў Лунёва, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч ды іншыя.
XS
SM
MD
LG