Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзікае паляваньне караля Стаха” на сцэне купалаўцаў


Валянціна Аксак, Менск У Менску — тэатральная падзея. Гістарычна-рамантычная аповесьць “Дзікае паляваньне караля Стаха” Ўладзімера Караткевіча ператвараецца сёньня ўвечары на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы ў псыхалягічны дэтэктыў. Сучаснае прачытаньне літаратурнае клясыкі ажыцьцяўляе рэжысэр Уладзімер Савіцкі.

Рэжысэр спэктаклю Ўладзімер Савіцкі кажа, што “Дзікае паляваньне” яго прывабіла сугучнасьцю думак аўтара гэтага твору ягоным асабістым. З усёй Караткевічавай спадчыны ён выбраў твор пра тое, што за часы напісаньня пяцьдзясят гадоў таму хвалявала аўтара, і што сёньня хвалюе рэжысэра — а ён спадзяецца, і публіку.

(Савіцкі: ) “Тыя думкі і тыя праблемы, якія закладзены і падымаюцца Караткевічам, вельмі сёньня надзённыя, і вельмі будуць запатрабаваныя сёньняшнім гледачом”.

Паводле “Дзікага паляваньня” ў 1980 годзе рэжысэрам Валерам Рубінчыкам зьняты фільм, а ў 1989 годзе кампазытарам Уладзімерам Солтанам напісаная опэра. Абодва гэтыя пераўвасабленьні ўражваюць маштабнасьцю, чаго на тэатральнай, да таго ж Малой купалаўскай сцэне дасягнуць немажліва. Тут эфэкт дасягаецца музыкай (кампазытар Паўла Захаранка), сцэнаграфіяй і плястыкай актораў (сцэнограф Яўгенія Кульбачная). А яшчэ гульнёй маладых актораў, зь якіх асабліва ўражвае трыё выканаўцаў галоўных роляў — Ганны Хітрык, Рамана Падалякі ды Міхаіла Зуя.

Рэжысэр зрабіў акцэнт на ўнутраных маральных каштоўнасьцях герояў, іх паводзінах і выбары ў атмасфэры татальнага страху. У гэтым Караткевіч, да 75-годзьдзя якога прысьвечаны гэты спэктакль, — вельмі сучасны аўтар, якога недаравальна мала ставяць цяпер у тэатрах, кажа Ўладзімер Савіцкі.

(Савіцкі: ) “Нас цікавіла ня зьнешняя маштабнасьць традыцыйных пастановак, як у опэры ці ў аднайменным фільме, а цікавіла маштабнасьць яго думкі. Мы зрабілі асноўны акцэнт на тое, каб глядач быў побач з намі, каб мы змаглі дастукацца да яго ў полі такой цяперашняй інфармацыйнай атакі”.

Публіка засумавала па такіх спэктаклях. Квіты на “Дзікае паляваньне караля Стаха” раскупленыя на некалькі месяцаў наперад. Такога ў купалаўцаў яшчэ не было.
XS
SM
MD
LG