Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАІ затрымала машыну кіраўніка віцебскага штабу Мілінкевіча


Радыё Свабода, Віцебск Паводле кіраўніка штабу Хрыстафора Жаляпава, цягам двух апошніх сутак ён заўважыў, што за яго машынай сочаць супрацоўнікі ДАІ. Мінулай ноччу на Маскоўскім праспэкце абласнога цэнтру міліцыянты спынілі машыну і правялі несанкцыянаваны дагляд.

Як распавёў спадар Жаляпаў, затрыманьне ягонай машыны супрацоўнікамі ДАІ а палове на дванаццатую ночы нагадвала сцэну з дэтэктыўнага фільму.

(Жаляпаў: ) “Гэта ўжо другі дзень запар. Заўчора мяне затрымалі, дык я проста не адчыніў салён. А ўжо ўчора яны за мной гналіся, яны мяне спынялі. Я пытаюся : “Я што-небудзь парушыў?” Адказваюць : “Не, вы нічога не парушылі. Пакажыце нам машыну!” Сабралі вакол машын 7 ці 8, у іх – чалавек 30, і кажуць: “Калі вам трэба санкцыя пракурора, дык мы вашу машыну адцягнем на стаянку і заўтра пойдзем шукаць пракурора”. Тады я адчыніў ім салён, і яны дзьве гадзіны разглядалі віншаваньні Мілінкевіча, ягоныя партрэты, каляндарыкі ды ўсё іншае”.

Пакуль адны міліцыянты рабілі несанкцыянаваны дагляд, іншыя апытвалі спадара Жаляпава ў Кастрычніцкім райаддзеле. Тамсама яго папрасілі напісаць тлумачэньне, адкуль у яго матэрыялы пра кандыдата аб''яднанай апазыцыі і інструкцыі, прызначаныя зьбіральнікам подпісаў.

Хрыстафор Жаляпаў настояў, каб у дакумэнце быў зафіксавана, што дагляд рабіўся без адпаведных санкцыяў.

На думку кіраўніка віцебскага штаба Аляксандра Мілінкевіча, пратэставаць супраць прымусовага дагляду азначала б тое, што машыну з усімі друкаванымі матэрыяламі сапраўды затрымаюць на некалькі бліжэйшых выходных дзён. У такім выпадку віцебчукі не атрымалі б своечасова навагоднія віншаваньні, а сябры ініцыятыўнае групы дарма страцілі б час без патрэбных ім дакумэнтаў. Але гэтага не адбылося, і віншаваньні Аляксандра Мілінкевіча сёньня трапілі ў паштовыя скрыні. Праўда, па два паасобнікі друкаванай прадукцыі міліцыянты пакінулі сабе – для вывучэньня і справаздачы начальству.
XS
SM
MD
LG