Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы прагнуць пераменаў у 2006, але ня вераць у іх


Сяргей Астраўцоў, Горадня Ці можна чакаць ад Новага году зьмены ўлады ў Беларусі? Адказваючы на гэтае пытаньне, гарадзенцы зьвязвалі свой прагноз з прэзыдэнцкімі выбарамі 2006.

(Малады спадар: ) “Думаю, што нельга чакаць зьменаў, бо нават калі будуць нейкія кандыдаты ад апазыцыі, то сёньняшняя сытуацыя такая, што немагчыма пераадолець тыя перашкоды, якія будуць створаны падчас выбараў”.

(Ягоная жонка: ) “Я таксама згаджаюся з мужам: ведаеце, у нас няма свабоды, і я ня думаю, што гэта будуць сапраўдныя дэмакратычныя выбары, як гэта павінна быць”.

(Маладая спадарыня: ) “Мне здаецца, нічога ня зьменіцца”.

(Сталы спадар: ) “Нам ня трэба мяняць ніякую ўладу. Нас задавальняе ўпаўне ўлада, якая ёсьць”.

(Спадар: ) “Сумняваюся: тэарэтычна магчыма, практычна — наўрад. Сам бы я хацеў зьменаў, хочацца паболей дэмакратыі”.

(Пажылы спадар: ) “Думаю, што зьменаў ня будзе. Мяне задавальняе і гэтая ўлада”.

(Малады спадар: ) “Я ўсім бы пажадаў пераменаў у лепшы бок: паболей дэмакратыі, каб народ не баяўся выказваць сваё палітычнае меркаваньне, і больш палітычнай сьвядомасьці — кожнаму грамадзяніну”.

(Ягоная сяброўка: ) “І каб абавязкова кожны чалавек усё-ткі схадзіў на выбары і зрабіў свой выбар”.

(Спадар: ) “Таму што ўсё насамрэч залежыць ад волі народу. Калі народ захоча зьмяніць нешта ў лепшы бок, і калі ў кожнага будзе сьвядомасьць: я магу штосьці зьмяніць сваім голасам, тады нешта зьменіцца”.

(Сталы спадар: ) “Не, тое, што ўлада зьменіцца, – нерэальна”.

(Спадар: ) “Лукашэнка ня дасьць правесьці нармальныя выбары... Надакучыла быць нейкія парыямі ва ўсёй Эўропы”.

(Пэнсіянэрка: ) “Мне здаецца, спадзявацца на зьмены нерэальна. Але, на добры лад, нам патрэбна больш прагрэсіўная ўлада”.

(Сталая спадарыня: ) “Ня ведаю, мяне Лукашэнка цалкам задавальняе”.

(Спадар: ) “Я ня веру, што будуць перамены: ля ўлады так і застанецца Аляксандар Рыгоравіч”.

(Дзяўчына: ) “Мне здаецца, нічога ня зьменіцца. Таму што ў нас нічога памяняцца ў прынцыпе ня можа, бо ўсё залежыць не ад народу. Карацей, усё будзе так, як ёсьць цяпер. Я хацела б мець права выбраць, каб не выбіралі за нас, як гэта адбываецца цяпер. Каб выбар залежаў ад моладзі, а не ад людзей, якім па шэсьцьдзесят год і болей”.

(Сяброўка: ) “Я цалкам згодна: у нас нічога не памяняецца, усё так і застанецца — той жа прэзыдэнт, усё тое ж самае. Хацелася б, канечне, каб чалавек мог выбіраць — работу, дзе вучыцца і як вучыцца. І каб можна было выяжджаць за мяжу, а не сядзець толькі тут”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG