Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест сьвятога Мікалая – кансумэрызм і глябальны Санта Клаўс


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі "Сымбаль Веры". Шэраг тэолягаў і проста людзей набліжаных да царквы ўстрывожаныя імклівай сэкулярызацыяй сьвятаў. Рэлігійны сэнс Калядаў адыходзіць на задні плян. Сьвятога Мікалая выцясьняе сьвецкі, глябальны Санта Клаўс. Пад ўзьдзеяньнем назойлівай і паўсюднай рэклямы, людзі паддаюцца ўсеагульнаму шаленству закупак у калядны сэзон.

На Каляды хрысьціяне ўсіх веравызнаньняў, каталікі, пратэстанты і частка праваслаўных па ўсім сьвеце за выключэньнем тых, хто прытрымліваецца юліянскага календара, адзначаюць першы дзень сьвята Раства Хрыстовага. Аднак гэтае прыгожае сямейнае сьвята з кожным годам губляе свой рэлігійны сэнс, ператвараецца ў сьвята гандлю. Чым патлумачыць гэтую зьяву? Праблеме дэсакралізацыі сьвятаў прысьвечаны сёньняшні выпуск рэлігійнай перадачы "Сымбаль Веры".

***

Прыблізна каля 1 мільярда чалавек па ўсім сьвеце зьбіраюцца ў сямейным коле на куцьці, сьпяваюць калядкі, наведваюць блізкіх і сяброў, дораць адны адным сьвяточныя падарункі, а некаторыя ўдзельнічаюць ў калядных багаслужбах. Яшчэ за доўга да сьвята на ўсіх мовах сьвету гучаць сьвяточныя віншаваньні.

Для вернікаў Раство Хрыстовае – пачатак “новай эры” і пераломны момант ў гісторыі сьвету. Ня ўсе ўсьведамляюць, што нашае летазьлічэньне пачынаецца менавіта ад нараджэньня Хрыста. Факт ягоных народзінаў і жыцьця апісалі эвангелісты і старажытныя гісторыкі. Дабравешчаньне Арханёла Гаўрыіла аб тым, што Дзева Марыя народзіць Божага сына, падарожжа Язэпа і Марыі ў Бэтлеем дзеля ўдзелу ў перапісе насельніцтва, нараджэньне Ісуса ў ясьлях, пакланеньне пастухоў, бэтлеемская зорка, якая прывяла валхвоў да Ісуса, масавае забойства немаўлятак, уцёкі Сьвятой сям’і ў Егіпет, гэта адзін з найпрыгажэйшых біблейскіх аповедаў. Аднак каталіцкі тэоляг з ўнівэрсытэту ў Мюнхене Герд Гефнэр кажа, што гэты біблейскі сюжэт, які нагадвае казку для дзяцей, ня трэба ўспрымаць літаральна.

(Гефнэр: ) “Аповеды пра Раство Хрыстовае маюць на мэце прадставіць значнасьць асобы Ісуса. Гэта неабавязкова расказ пра тое, што дакладна ў той момант адбылося. І трэба аналізаваць гэтыя аповеды, каб даведацца пра іхную сапраўдную сутнасьць”.

Ісус Хрыстос – гістарычная асоба, аднак дакладная дата ягонага нараджэньня: дзень, месяц і год чыста ўмоўныя. У сьвятле цяперашніх ведаў, гісторыкі лічаць, што Хрыстос нарадзіўся паміж 8 і 6 годам да нашай эры падчас панаваньня рымскага кесара Актавія Аўгуста, у часе перапісу насельніцтва абвешчанага губэрнатарам Сырыі Сатурнінусам.

Ня ведаючы сапраўднай даты народзінаў, з IV стагодзьдзя нашай эры хрысьціяне мэтанакіравана абралі сымбалічную дату – 25 сьнежня. Гэткім чынам яны супрацьпаставілі дзяржаўнаму, паганскаму сьвяту нараджэньня “Бога Сонца” раство Бога-чалавека, Ісуса Хрыста, “Сонца Праўды” (Мацьв.3,20), “Сьвятла Сьвету” (Ян. 8,12).

Аднак для хрысьціянаў ня дата нараджэньня Хрыста – галоўная. Яны вераць, што Хрыстос – спрадвечны Сын божы. Ён нарадзіўся ад Сьвятога Духа ды Дзевы Марыі і прыняў чалавечае цела дзеля нас і нашага збаўленьня. Прадказанае прарокамі і чаканае многімі пакаленьнямі людзей, нараджэньне адбылося тады, калі паводле Сьвятога пісаньня “наступіла паўната часу” (Гал. 4,4), калі ў людзях дасьпела неадольная прага вызваленьня ад граху і сьмерці.

Хрыстос прыйшоў на сьвет, каб прамовіць да людзей на іхнай чалавечай мове, прымірыць іх з Богам-Айцом, павучыць, як маюць жыць, да чаго імкнуцца, і на што спадзявацца.

Бадай найболей ўрачыста адзначае Раство Хрыстовае Рымска-каталіцкая царква. Ў гэты дзень Папа служыць ўрачыстую Імшу на плошчы Сьвятога Пятра ў Рыме.

На Каляды Папа віншуе вернікаў са сьвятам і перадае сваё блаславенства “гораду і сьвету” – Urbi et Orbi.

Разам з каталікамі, урачыста сьвяткуюць Раство Хрыстовае ўсе адгалінаваньні пратэстантызму: англікане, лютэране, кальвіністы, мэтадысты, баптысты, адвэнтысты і шэраг іншых канфэсіяў.

Што тычыцца праваслаўнай царквы, дык існуе стэрэатып, нібыта яны адзначаюць Каляды паводле старога юліянскага календара – 6 студзеня. Гэта не зусім праўда. Большасьць з 15 аўтакефальных і 3 аўтаномных цэркваў перайшлі на гэтак званы “нэаюліянскі” каляндар, і сьвяткуюць Каляды разам з астатнімі хрысьціянамі. Пры старым календары засталіся, што праўда найбуйнейшыя цэрквы: Расейская, украінская і беларуская.

Каляды традыцыйна лічацца сямейным сьвятам. У заходніх грамадзтвах ўжо даўно няма традыцыйных сем''яў, дзе ўсе, ад дзядоў да праўнукаў, жывуць пад адным дахам. Усе жывуць і працуюць асобна, але ўсё ж на Каляды яны намагаюцца прынамсі раз у год сустрэцца са сваімі блізкімі. Дзеці, але таксама й дарослыя нецярпліва чакаюць на той момант, калі можна пачаць распакоўваць падарункі.

Каляды маюць багатую абрадавую абалонку. Ў храмах і хатах ставяцца ўпрыгожаныя елкі. Яны сымбалізуюць тое, што прырода чалавечая, сама ў сабе бездапаможная, у Хрысьце здольная ажыць і прынесьці духоўны плён. Вечна зялёнае дрэўца сымбалізуе жыцьцё вечнае, вернутае Ісусам Хрыстос. Агонь сьвечак зьвяртае ўвагу на тое, што Сьвятло Праўды Хрыстовай расьсьвятляе цемру граху. У пэрыяд Раства Хрыстовага сьпяваюцца калядкі. Гэтыя адмысловыя песьні, пераважна плён народнай творчасьці, у простай і даступнай форме адлюстроўваюць радасную падзею Раства Хрыстовага, якое адзначаем і сёлета.

З кожным годам мы назіраем ўсё больш заўважны адыход ад рэлігійнага характару Калядаў. З 1930-х гадоў сьвятога Мікалая паступова выцясьняе паўсюдны Санта Клаўс. Калі глябалізацыя мае нейкае сваё сьвята, дык напэўна гэтым сьвятам можна назваць Каляды. Апранутыя ў чырвоныя плашчы і шапкі барадатыя Санта Клаўсы зьявіліся нават ў Пэкіне і Токіё, дзе хрысьціяне – гэта экзатычная меншасьць. З прычыны назойлівай рэклямы і маркетынгавых трукаў ўперадасьвяточны пэрыяд людзей ахоплівае шаленства пакупак. Для вялікай колькасьці вытворцаў і прадаўцоў, гэта сапраўднае жніво.

Паводле ацэнак эканамістаў, у пераднавагодні час многія крамы атрымліваюць да траціну ўсяго свайго гадавога прыбытку. Такім чынам адбываецца дэсакралізацыя сьвятаў, і нараджаецца новая сьвецкая традыцыя. Герд Гефнэр лічыць, што вернікі павінны гэтаму супраціўляцца.

(Гэфнэр: ) “Як мінімум, гэта стварае пагрозу таго, што сапраўдная мэта сьвята можа быць страчаная. Такая небясьпека існуе, і кожны павінен паўстаць супраць таго, каб празьмерна не быць уцягнутым у гэтыя камэрцыйныя дзеяньні”.

Паводле іншага каталіцкага тэоляга – рэктара Папскай Акадэміі ў Кракаве біскупа Тадэвуша Пяронка, мы зьяўляемся сьведкамі несумленнай практыкі: скарыстоўваньня рэлігійных сымбаляў ў мэркантыльных мэтах і адначасова пазбаўленьне іх сакральнага зьместу.

(Тадэвуш Пяронак: ) "Зьява камэрцыялізацыі сьвятаў, асабліва Раства Хрыстовага, ня новая, але цягам апошніх гадоў яна вельмі пашырылася. З часу як паўсюднымі сталі супэрмаркеты, гандляры, і на маю думку, несумленныя гандляры, зразумелі, што на сьвятах можна добра зарабіць. Я думаю, што ёсьць і іншыя прычыны гэтай зьявы. Гэта імкненьне да сэкулярызацыі грамадзтва, альбо да гэтак званай "паліткарэктнасьці".

Напрыклад, мы назіраем безьліч "сьвятых Мікалаяў". Падчас конкурсу ў партугальскім горадзе Порта іх выступіла 900 чалавек. Гэта ж звычайнае "шоў", ігнараваньне таго, што за гэтай зьнешняй абалонкай сьвятаў ёсьць нешта важнейшае, больш істотнае. Насамрэч, сутнасьць Калядаў, гэта прымірэньне з Богам і паміж людзьмі, напамін, што чалавечае жыцьцё не канчаецца разам са сьмерцю і мае глыбейшы сэнс, каб людзі навучыліся жыць пабожна маючы на ўвазе пэрспэктыву вечнасьці.

На жаль, тая ідэя "паліткарэктнасьці" прыводзіць да таго, што ў гандлі і рэкляме, у мэркантыльных мэтах прысабечваецца рэлігійныя атрыбуты: ёлкі, калядкі, батлейкі, але ў той жа час выцясьняецца іхнае значэньне нібыта таму, што яны могуць пярэчыць перакананьням тых, хто вераць інакш, альбо цалкам ня верыць. Давайце, на прамілы Бог, вернемся да нармальнасьці. Што мы зь сябе робім?"

У сваю чаргу праваслаўны вернік, філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч мяркуе, што адбываецца нешта горшае: дэсакралізацыя ўсіх сфэраў жыцьця.

(Валянцін Акудовіч: ) "Я амаль цалкам згодны з біскупам Тадэвушам Пяронкам. Я са свайго боку хацеў бы проста дадаць, ператлумачыць яго ў трошкі іншай пэрспэктыве, але менавіта салідарызуючыся зь ім. У сваю пару Ісус выгнаў гандляроў з храму. Дык што прыдумалі гандляры? Яны перанесьлі храм на свае кірмашы.

Зрэшты, ня станем вінаваціць адных гандляроў. У нашу спажывецкую эпоху ўжо даўно сапраўдным храмам для чалавека сталі гандлёвыя дамы, а тым болей фірмовыя крамы. Спрэс дамінуе ня проста матэрыялізм, а найгоршая зь ягоных вэрсіяў – спажывецкі матэрыялізм. Жыцьцё відавочна прафанізуецца.

Нават сакральныя акты прафанізуюцца. Сустрэчы каталіцкага Папы зь мільёнамі вернікаў па сутнасьці ператвораныя ў тыя ж самыя "шоў". На іх людзі зьяжджаюцца як на рок-канцэрты. Нам нікуды не падзецца ад высновы, што прафаннае сёньня спрэс перамагло сакральнае. Нядобра, што яно перамагло і ў храме.

Але сапраўдная праблема палягае ў тым, што яно перамагло ў сэрцы чалавека. І тут я магчыма трохі пачынаю апаніраваць біскупу Пяронку бо, як мне здаецца, праблема далёка ня толькі ў тым, што несумленныя людзі карыстаюцца рэлігійным дзеля сваёй нажывы. Здарылася нешта значна горшае. Чалавек болей ня хоча неба. Калі б гэта магло суцешыць шчырых вернікаў, то я б суцешыў іх тым, што падобнае адбываецца паўсюль, ня толькі ў сфэры рэлігійнага.

Нават філязофія, якая цягам папярэдніх тысячагодзьдзяў імкнулася разгадаць таямніцы быцьця, і бачыла ў гэтым сваё галоўнае пакліканьне, сёньня грэбуе праблемамі трансцэндэнцыі, непазнавальнага, як крывадушнымі. Філязофія таксама апусьцілася з сакральных нябёсаў на прафанную зямлю і корпаецца цяпер у сацыяльным.

Паўтару: чалавек болей ня хоча неба. Ён ня хоча яго бачыць, нічога пра яго чуць і ведаць. Яму становіцца дастаткова самога сябе і таго, што можна памацаць рукамі. Так яно ёсьць. Добра гэта ці дрэнна, гэта ўжо іншае пытаньне, але так яно ёсьць".

Гэта даволі катэгарычнае сьцьвярджэньне зь якім, як мяркую, ня ўсе пагодзяцца. Калі б аднак дэсакралізацыя сьвятаў аказалася такой глыбокай, як ён кажа, дык застаецца іншае. Сьвяты могуць застацца блаславёным часам сямейнай гармоніі, духоўнай радасьці, міру, любові і згоды. Хай такімі яны будуць і сёлета.

Мабыць у гэтым прычына таго, што з двух вялікіх сьвятаў амаль ў адзін час, сьвецкі Новы год для шмат каго важнейшы за Раство Хрыстовае. Валянцін Акудовіч лічыць, што прычыны не ў камуністычнай спадчыне, але ў тым, што беларусы не надта рэлігійныя.

(Акудовіч: ) "Сапраўды, гэта так. Для бальшыні беларусаў Новы год – сьвята большае, чым Каляды. І тут ёсьць розныя меркаваньні, чаму так адбываецца.

Кажуць, што прычыны ўся ў тым, што за 70 гадоў панаваньня камуністаў, традыцыя сьвяткаваньня Калядаў была вынішчаная так глыбока, што ніяк яна ня можа вярнуцца. Але ж 15 гадоў рэлігійнай свабоды ў сучасным інфарматыўна адкрытым сьвеце дастаткова, каб радыкальна перамяніць сытуацыю. Аднак яна радыкальна не мяняецца.

Новы год застаецца галоўным сьвятам беларусаў. Значыць, прычыны не ў камуністычнай спадчыне. Прынамсі, ня толькі ў ёй. Адным з адказаў тут можа быць тое, што беларусы ў сваёй сутнасьці не зьяўляюцца глыбока рэлігійным народам, як, напрыклад, палякі.

Містычная складовая займае ў нашых сэрцах ня шмат месца. Натуральна, беларусы таксама бываюць розныя. але для бальшыні зь іх вера, гэта толькі аптымізацыя жаху небыцьця. Яны проста хаваюцца ў веру ад страху сьмерці. Каляды, гэта сьвята нараджэньня Сына Божага, а Новы Год – сьвята нараджэньня чалавека, бо ў кожны Новы год чалавек як бы нараджаецца нанава. І калі чалавек з большым імпэтам сьвяткуе свае народзіны, а не народзіны Хрыста, то гэта азначае, што ён лічыць галоўным у гэтым сьвеце сябе, а ня Бога. Інакш кажучы, ён сябе любіць болей, чым Бога".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG