Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 1842 годзе да Беларусі-Літвы ўпершыню быў ужыты расейскі імпэрскі тэрмін “Северо-Западный край”


Радыё Свабода Каляндар Свабоды – 30 і 31 сьнежня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 30 і 31 сьнежня.

30 сьнежня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Сьцяпан. Як заўважае этнограф Уладзімер Васілевіч, гэты дзень быў адметны тым, што сканчаўся тэрмін службы парабкаў: “На сьвяты Сьцяпан кожны сам сабе пан”, “На сьвятога Сьцяпана знайду другога пана”.

30 сьнежня 1842 году ў дачыненьні да Беларусі ўпершыню быў ужыты расейскі імпэрскі тэрмін “Северо-Западный край”. Дагэтуль землі, на якіх жылі нашыя продкі, называлі Літвой. Аднак пасьля далучэньня гэтых земляў да Расеі спатрэбілася сьцерці з памяці народу веды пра колішнюю самастойнасьць і незалежнасьць Вялікага Княства Літоўскага. Таму і зьявілася назва “Северо-Западный край”. Цікава, што з прыходам да ўлады бальшавікоў гэты тэрмін ператварыўся ў яшчэ больш заніжаны –“Северо-Западная область”.

30 сьнежня 1922 году БССР была ўключаная ў склад СССР. На працягу 70-ці гадоў Беларусь захоўвала толькі фармальныя прыкметы самастойнасьці, а фактычна была часткаю відазьмененай на савецкі лад Расейскай імпэрыі. І толькі ў 1991 годзе Беларусь абвесьціла пра сваю незалежнасьць, а СССР перастаў існаваць.

30 сьнежня 1966 году ўлады БССР прымаюць пастанову пра выданьне “Беларускай савецкай энцыкляпэдыі”.

Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 30 сьнежня ў розныя гады, згадаем сёньня ангельскага пісьменьніка Рэдзьярда Кіплінга, які стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі, і расейскага кампазытара Дзьмітрыя Кабалеўскага.

Цяпер пра каляндар заўтрашняе суботы.

У ноч з 30 на 31 сьнежня 1917 году бальшавікі гвалтам разагналі ў Менску Першы Ўсебеларускі зьезд, які меўся вызначыць будучыню краіны пасьля падзеньня Расейскай імпэрыі. Рада Зьезду абвясьціла пра свае ўладныя паўнамоцтвы ў межах Беларусі і далей працягвала сваю працу аж да 25 сакавіка 1918 году, калі было абвешчана пра стварэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Праз год, у 1918-м, бальшавіцкае кіраўніцтва Беларусі, якое базавалася ў Смаленску, у ноч з 30 на 31 сьнежня абвесьціла пра стварэньне БССР. Праз тыдзень сталіца БССР была перанесеная з Смаленску ў Менск, а Смаленшчына разам зь Віцебшчынай, Магілёўшчынай і Гомельшчынай былі адлучаныя ад Беларусі і далучаныя да РСФСР.

31 сьнежня 1957 году пачала працу Гомельская абласная студыя тэлевізіі, а 31 сьнежня 1989 году была створаная Беларуская фэдэрацыя футболу. Беларусь з гэтага моманту стала юрыдычна раўнапраўнай зь іншымі футбольнымі краінамі сьвету.

31 сьнежня ў розныя гады прыйшлі на сьвет францускі мастак Анры Маціс, амэрыканскі генэрал Джордж Маршал, які прыдумаў плян пасьляваеннага аднаўленьня Эўропы і атрымаў за гэта Нобэлеўскую прэмію, і вядомы кінаактор Энтані Гопкінс.
XS
SM
MD
LG