Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Магазіны і палаткі, якія гандлююць цукрам, абавязаны мець цукар усіх гатункаў: колаты, пілаваны, пясок, пудру”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага – 30 сьнежня. Што пісала беларуская прэса 30 сьнежня.

“Беларуская ніва”, 1925 год:

“І тут, і там беларус імкнецца да таго, каб увайсьці ў сям’ю вольных народаў, як роўны другім, стацца поўным гаспадаром на сваёй зямлі, дайсьці нацыянальнага, палітычнага і сацыяльнага вызваленьня. І кожны год, хоць мо’ ня ў роўнай меры, набліжае нас да гэтае мэты… Праз той туман, які спавівае прад намі будучыну, наш ідэал бачыцца нам з кожным годам усё бліжэйшым, усё больш выразным — зьдзейсьненым. Дык-жа — “з Новым Годам!”

“Комуніст”, 1935 год:

“Народны камісар унутранага гандлю СССР зацвердзіў “Правілы гандлю цукрам”. Магазіны і палаткі, якія гандлююць цукрам, абавязаны мець цукар усіх гатункаў: колаты, пілаваны, пясок, пудру і г.д… Пры продажы цукру-рафінаду не дапускаецца водпуск цукровага пылу ў лік вагі. Водпуск драбязы ў лік вагі цукру дапускаецца не звыш паўтара процанта ў колатым цукры і не звыш трох процантаў у кусковым цукры. (Пад драбязой разумеюцца астаткі вагой менш за 5 грамаў кожны)”.

“Сталинская молодежь”, 1955 год. Пасьля пасьпяховага выступленьня на першынстве СССР па спартовай хадзе студэнт БДУ Ігар Дабралюбаў:

“Трэніруюся цяпер з падвойнай энэргіяй… Для гэтага ў мяне маецца шмат падставаў. Па-першае, камсамольцы высока ўганаравалі мяне, выбраўшы дэлегатам на ХІХ зьезд камсамолу Беларусі. Дый званьне майстра абавязвае не спыняцца на дасягнутым. Хачу на Спартакіядзе народаў СССР годна абараніць гонар рэспублікі”. І хоць цяжкі цяпер у студэнта час — ён піша дыплёмную працу, рыхтуе новую ролю ў драматычным калектыве, — ён шмат часу аддае трэніроўкам. Такі сапраўдны спартовец”.
XS
SM
MD
LG