Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

2005 – год палітычных вязьняў


Алег Грузьдзіловіч, Менск У 2005 годзе да палітычных зьняволеных Валера Леванеўскага, Міхаіла Марыніча і Аляксандра Васільева дадаліся Андрэй Клімаў, Мікола Статкевіч і Павал Севярынец. Чаму ў Беларусі перасьлед паводле палітычных меркаваньняў зрабіўся нормай палітычнага жыцьця? Ці будзе нарастаць палітычны ціск?

Валер Леванеўскі, Міхаіл Марыніч, Аляксандар Васільеў, Андрэй Клімаў, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец… Гэтыя людзі належаць да розных палітычных плыняў і розных партыяў, але адна акалічнасьць усіх іх аб’ядноўвае: 2005 год быў для іх годам за кратамі. Прычым, варта адзначыць: у 2005 годзе ў Беларусі была рэкордная колькасьць палітычных зьняволеных. Калі раней апазыцыянэры траплялі ў зьняволеньне быццам за крымінальныя злачынствы, як здарылася з былым міністрам і амбасадарам Міхаілам Марынічам, альбо за крытыку кіраўніка дзяржавы, як гарадзенскія прадпрымальнікі Валер Леванеўскі і Аляксандар Васільеў, якіх асудзілі за паклёп на прэзыдэнта, то сёлета ў Беларусі сталі адкрыта саджаць за палітычную дзейнасьць. Гэтак патрапілі на “хімію” апазыцыянэры Андрэй Клімаў, Мікола Статкевіч і Павал Севярынец, якіх пакаралі за арганізацыю вулічных акцыяў пратэсту.

Зь пералічаных палітыкаў на волю выпусьцілі толькі намесьніка старшыні страйкаму прадпрымальнікаў Аляксандра Васільева. Вось што распавёў Аляксандар Васільеў пра палітычныя настроі людзей, якія сядзяць у беларускіх турмах:

(Васільеў: ) “Я ніводнага сярод асуджаных не сустракаў, хто б падтрымліваў Лукашэнку. Не, адзін такі быў. Гэта Ткачоў Уладзімер, былы старшыня Дзяржынскага райвыканкаму, якога асудзілі за хабар. Вось ён ухваляў палітыку Лукашэнкі… А цяпер вось гляджу тэлевізар, дзе Ярмошына зь Зімоўскім абмяркоўваюць будучыя выбары і кажуць, як былыя выбары прайшлі добра. Гэта ўсё хлусьня. Я ў турме яшчэ раз адчуў, якая гэта хлусьня”.

Чаму Беларусь стала краінай, дзе кінуць чалавека за краты за апазыцыйную дзейнасьць — звыклая справа? Аляксандар Васільеў тлумачыць узмацненьне рэпрэсіяў палітычным момантам: напярэдадні выбараў улады ізалююць тых, хто здольны адкрыта спаборнічаць з Аляксандрам Лукашэнкам на палітычным полі ці можа арганізаваць супраціў фальсыфікацыі выбараў.

Аляксандар Васільеў сярод іншага казаў пра Міхаіла Марыніча, былога міністра і амбасадара, якога кінулі за краты яшчэ ў траўні 2004 году. Двойчы за гэты год узьнікалі законныя падставы адпусьціць Міхаіла Марыніча на волю: спачатку пасьля скасаваньня году зь ягонага тэрміну паводле амністыі, потым — датэрміновае вызваленьне з прычыны стану здароўя. Нагадаю, Марыніч у турме перанёс інсульт, і дагэтуль цалкам не ачуняў. Аднак улады гэтымі падставамі не скарысталіся. Чаму? Вось меркаваньне Ігара Марыніча:

(Ігар Марыніч: ) “Рэжым вельмі баяўся Міхаіла Марыніча. Бо ён вельмі ўплывовы і дасьведчаны палітык. Ягонае зьяўленьне сёньня ў складзе кандыдатаў на прэзыдэнта многае б зьмяніла ў лепшы бок. Магчыма, праца адзінага кандыдата была б іншай. Улады гэта пралічылі й ізалявалі бацьку. Яго могуць адпусьціць толькі пасьля выбараў, калі яны пройдуць для ўлады пасьпяхова, але ня выключана, што прыйдзецца сядзець за кратамі да той пары, пакуль рэжым не сканае”.

Больш за паўгоду за кратамі знаходзіцца і лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі. “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб за твой кошт нехта езьдзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне” — за гэтыя словы, якія суд успрыняў як паклёп на Алякандра Лукашэнку, атрымаў Леванеўскі свае два гады няволі. 2005 год і яму даваў надзею на датэрміновае вызваленьне, але яна ня спраўдзілася. Улады не ўжылі амністыю да Леванеўскага, назваўшы яго парушальнікам турэмнага рэжыму. Цягам году Валер Леванеўскі некалькі разоў трымаў галадоўкі, пратэстуючы супраць парушэньня правоў вязьняў.

(Уладзімер Леванеўскі: ) “Яны бачаць у ім пагрозу для рэжыму і цяпер, калі ён у няволі. Таму, мяркую, не адпусьцяць яго на волю да дня выбараў і працягваюць ціснуць на яго ў калёніі, каб ён увогуле адмовіўся ад палітычнай барацьбы”, — мяркуе сын вязьня Ўладзімер Леванеўскі.

25 сакавіка, на Дзень Волі, у Менску адбылася, магчыма, самая масавая ў 2005 годзе акцыя пратэсту супраць кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. На Кастрычніцкай плошчы Менску сабраліся некалькі соцень мітынгоўцаў, а разам у акцыі ў розных частках гораду бралі ўдзел больш за тысячу прыхільнікаў Андрэя Клімава. “Рэвалюцыі” не адбылося, але акцыя прадэманстравала, на думку назіральнікаў, вялікі пратэстны патэнцыял у грамадзтве і тое, што ўлады сапраўды баяцца волевыяўленьня людзей.

За арганізацыю акцыі на Дзень Волі Андрэй Клімаў быў пакараны “хіміяй”. Адбываць пакараньне яго накіравалі ў райцэнтар Крупкі, дзе былы дэпутат цяпер працуе дворнікам. Калі днямі я датэлефанаваўся да Андрэя, ён, паводле яго словаў, “грэўся побач з батарэяй пасьля таго, як перагарнуў тону сьнегу”. Пражыўшы паўгоду ў Крупках, Андрэй яшчэ больш пераканаўся ў тым, што дзейны палітычны рэжым у Беларусі, паводле яго, вельмі хісткі, бо трымаецца на страху, прыніжэньні й падмане людзей.

(Клімаў: ) “Вось прыклад: я тут адзіны чалавек, які купляе некалькі газэтаў і часопісаў штодня. На мяне глядзяць з захапленьнем, лічаць мільянэрам. Газэтаў тут не купляюць у прынцыпе — ні дзяржаўных, ні апазыцыйных. Эканомяць на ўсім. Вось да якога стану Лукашэнка давёў беларусаў”.

На некалькі месяцаў раней за Клімава патрапіў на “хімію” ў Баранавічы вядомы палітык, адзін зь лідэраў “Народнай грамады” Мікалай Статкевіч, якога пакаралі за арганізацыю мітынгу пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў рэфэрэндуму 2004 году. Аднак Мікалай Статкевіч ня кінуў займацца палітыкай. Ён увогуле перакананы, што перасьлед апазыцыянэраў павялічыць супраціў бяспраўю.

(Статкевіч: ) “У любога чалавека генэтычна ёсьць некалькі мадэляў паводзінаў: мадэль ваяра, паляўнічага, земляроба, раба. Тая ці іншая мадэль актывізуецца пад вонкавым узьдзеяньнем, большасьць людзей запальваюцца ад іншых людзей. Людзі-паходні павінны быць у нашай краіне. Некалі яны запаляць сваёй мужнасьцю і прагай да свабоды такую колькасьць людзей, што ніводная машына рэпрэсіяў не спрацуе”.

У гэтым аглядзе не прагучыць голасу Паўла Севярынца, які таксама знаходзіцца на “хіміі” за арганізацыю мітынгу пратэсту супраць фальсыфікацыі рэфэрэндуму 2004 году. Апазыцыянэра Паўла Севярынца ўлады накіравалі ў адну з самых далёкіх вёсак Беларусі — вёску Малое Сітна на поўначы краіны, дзе не працуе сотавая сувязь і няма Інтэрнэту. Але сябры дапамаглі і днямі адкрылі ў Інтэрнэце сайт, прысьвечаны адмыслова Паўлу. “Зычу шаноўным наведнікам, каб Інтэрнэт у іхным жыцьці заставаўся прасторай свабоды, адказнага слова і чыстага сумленьня”, — зьвяртаецца Павал Севярынец зь няволі да сваіх аднадумцаў.
XS
SM
MD
LG