Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэраг грамадзкіх арганізацыяў Смаргоні — пад пагрозай ліквідацыі


Радыё Свабода У Смаргоні безь юрыдычнага адрасу могуць застацца раённая арганізацыя Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, Свабодны прафсаюз прадпрымальнікаў Смаргонскага раёну, аддзяленьне Аб’яднанай грамадзянскай партыі і філія Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Усе гэтыя арганізацыі арандавалі памяшканьне ў прыватнага прадпрымальніка Рамана Ўлана, які зьяўляецца заснавальнікам незалежнай “Новой газеты Сморгони”. Гэты ж адрас зьяўляўся і іх юрыдычнымі адрасамі. Напярэдадні Калядаў тэрмін арэнды скончыўся. Лідэр раённай арганізацыі Народнага Фронту “Адраджэньне” і кіраўнік Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Алесь Дзергачоў зьвярнуўся да Рамана Ўлана з прапановай, каб працягнуць арэнду на будучы год, але Ўлан адмовіўся. Маўляў, калі ён працягне арэнду, то яго бізнэс прыкрыюць. Кажа Алесь Дзергачоў:

(Дзергачоў: ) “Зь яго словаў вынікае, што ў яго невыносныя ўмовы для працы, улада паставіла пытаньне так: альбо ты высяляеш усе грамадзкія арганізацыі, якія зарэгістраваны ў тваім офісе, альбо створым табе такія ўмовы, пры якіх ты ня здолееш разьвіваць свой бізнэс”.

Празь некалькі дзён пасьля Калядаў Алесь Дзергачоў атрымаў ліст з райвыканкаму з папярэджаньнем, што раённая арганізацыя Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Свабодны прафсаюз прадпрымальнікаў Смаргонскага раёну на працягу месяца павінны падаць новы юрыдычны адрас. У адваротным выпадку, адзначаецца ў лісьце, арганізацыі будуць ліквідаваныя. Ліст падпісаны старшынём Смаргонскага райвыканкаму Мечыславам Гоем.

Раман Улан пацьвердзіў Радыё Свабода, што яму ў выканкаме паставілі ўмову: альбо трымаць у сваіх памяшканьнях грамадзкія арганізацыі, альбо здаваць у арэнду памяшканьне для камэрцыйных структураў. Ён выбраў другое, паколькі, маўляў, газэта не існуе ўжо са жніўня і цяпер ён займаецца выключна бізнэсам. Паводле яго словаў, яму папросту няма за што жыць, а грамадзкія арганізацыі, якія былі ў яго зарэгістраваныя з 1999 году, ніколі не плацілі арэнднай платы. Кажа Раман Улан:

(Улан: ) “Я між двух агнёў, мяне шантажуюць, і я, на жаль, выбіраю бізнэс. У выканкаме адкрытым тэкстам кажуць: альбо ты займаесься камэрцыяй, альбо разьмяшчаеш у сябе офісы грамадзка-палітычных арганізацыяў. Мяне жыцьцё прымушае. Раней, калі была газэта, быў сэнс ісьці на амбразуру, мы займалі цьвёрдую пазыцыю. Цяпер няма газэты, дык і няма з чаго жыць”.

Алесь Дзергачоў настроены даволі пэсымістычна і кажа, што ў Смаргоні яму ня ўдасца знайсьці новага юрыдычнага адрасу. Кажа А.Дзергачоў:

(Дзергачоў: ) “Думаю, што наўрад ці ўдасца знайсьці новы юрыдычны адрас. Цяпер у грамадзтве пануе вялікі страх, і ўсе баяцца страціць свой бізнэс”.
XS
SM
MD
LG