Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Акудовіч: "Беларускую літаратуру ніякімі рэпрэсіямі ўжо не задушаць"


Валянціна Аксак, Менск Кніга году Беларусі, імя году ў нацыянальнай літаратуры, падзея літаратурнага жыцьця 2005 году і пэрспэктывы айчыннага прыгожага пісьменства ў сытуацыі ўсталяваньня дзяржаўнага кантролю над літаратурным працэсам — на гэтыя ды іншыя тэмы разважаюць малады беларускі пісьменьнік з Гомелю Сяргей Балахонаў ды знаны філёзаф і літаратуразнаўца Валянцін Акудовіч.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Акудовіч, першае пытаньне да вас: ці патрапіла сёлета вам у рукі нейкае беларускае выданьне, якое вы можаце адназначна назваць кнігай 2005 году ў Беларусі?”

(Валянцін Акудовіч: ) “Што асабіста для сябе, то я такую кнігу маю. Гэта кніга Ігара Бабкова “Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньне ру[і]наў”. Я яе ўжо досыць даўно чакаў і штурхаў Бабкова, каб ён сваю інтэлектуальную эсэістыку сабраў і выдаў пад адной вокладкай. Бо мне здавалася няправільным, што адзін з самых цікавых беларускіх філёзафаў ня мае, магчыма, адного з самых яркіх сваіх набыткаў у нейкім адным месцы. Усё было раскідана па розных выданьнях розных часоў — і ўжо можна казаць розных эпохаў, а цяпер усё гэта сабранае ў адным месцы, і для мяне гэта вельмі істотна”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Балахонаў, тое ж пытаньне да вас”.

(Сяргей Балахонаў: ) “Беларускае выданьне, якое б я назваў кнігай году Беларусі, мабыць, гэта кніга гомельскае літаратаркі Югасі Каляды “Апошняя памылка Афанасія”. Адлюстраваньне рэчаіснасьці ў кнізе Каляды дастаткова эгацэнтрычнае, я б сказаў. Многія тыя моманты нашай сучаснасьці, якія, можа б, заўважыў я, ці спадар Акудовіч, ці спадар Бабкоў, яны праходзяць міма зьместу кнігі Югасі Каляды. Там не ўздымаецца пытаньняў, напрыклад, мовы, вулічных шэсьцяў і мітынгаў, але, тым ня менш, відаць, што пісьменьніца — наша сучасьніца”.

(Карэспандэнтка: ) “Тых хто піша, пісаў ці будзе пісаць добрыя кнігі, цяпер у Беларусі некалькі соцень па самых прыблізных падліках. Ці можаце назваць аднаго беларускага літаратара, які можа прэтэндаваць на намінацыю, так бы мовіць, імя году ў беларускай літаратуры?”

(Акудовіч: ) “Пытаньне няпростае, але я рызыкну зараз кінуцца ў адну авантуру і назаву імя Аляксандра Фядуты. Не Аляксандра Фядуты, які напісаў кнігу пра прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, а пра Аляксандра Фядуту, які напісаў цыкль эсэяў пра беларускіх паэтаў, і гэты цыкль друкаваўся ў газэце “Наша Ніва”.

Чаму я зьвяртаю ўвагу менавіта на гэтага чалавека і гэтае імя? Бачыце, да кожнага асобнага ягонага тэксту ў мяне дастаткова прэтэнзіяў, але ўсе разам яны выклікалі надзвычайнае ажыўленьне беларускага літаратурнага працэсу. Яны сапраўды выконваюць ролю прапагандыста беларускай літаратуры, бо праз гэтае ажыўленьне, праз гэтую ўвагу досыць вядомага ў Беларусі чалавека мы, магчыма, таксама паглядзелі інакш на тое, што адбываецца ў нашай паэзіі. Канечне, Аляксандар Фядута кінуўся ў гэты праект з нахабствам нэафіта, але калі нэафіт таленавіты, то часам у яго атрымліваецца зрабіць тое, што праходзіць паўз вочы, досьвед прафэсіянала. Асабіста для мяне ў гэтых тэкстах Аляксандра Фядуты шмат што выбліснула ярка і нечакана”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Балахонаў, вы назвалі кнігу Югасі Каляды кнігай году. Скажыце калі ласка, ці для вас гэтае імя вашай зямлячкі стала імем году як прадстаўніцы вашага рэгіёну, ці ў літаратурным жыцьці цэлае краіны вы назавяце іншае імя?”

(Балахонаў: ) “Гаворачы пра літаратурнае імя 2005 году, тут варта, відаць, спыніцца ня ўласна на літаратуры, а на літаратуразнаўстве, прычым на такім папулярным літаратуразнаўстве. Маю на ўвазе Людмілу Рублеўскую і яе сталыя літаратуразнаўчыя рубрыкі ў дзяржаўным афіцыёзе — газэце “Беларусь сегодня”. Нашая беларуская літаратура (і гэта не сакрэт) ужо колькі гадоў, а мабыць, і дзесяцігодзьдзяў перабывае ў пэўных умовах гета, закрытасьці. Калі мы выйдзем на вуліцу зараз і спытаем, хто такая Югася Каляда ці назавем яшчэ шэраг прозьвішчаў, якія для нас будуць значнымі і гучнымі, то людзі наўрад ці змогуць нешта пра іх сказаць. І вось спроба праз такую трыбуну данесьці пэўныя веды пра тое, што адбываецца ў нашым літаратурным працэсе, якія ёсьць творы, якія ёсьць імёны, якія тэмы мы кранаем — за гэта спадарыні Людміле варта падзякаваць”.

(Карэспандэнтка: ) “Абодва вы ўжо прамовілі гэтае словазлучэньне — “літаратурны працэс”. То давайце пагаворым пра сфэру, якая спадарожнічае ўласна літаратурнай творчасьці, і якую прынята называць літаратурным працэсам. Што, на вашую думку, стала падзеяй у літаратурным жыцьці 2005 году? Спадар Акудовіч, калі ласка”.

(Акудовіч: ) “Падзеяй, але прыкрай падзеяй, стала стварэньне новага пісьменьніцкага саюзу. Ці можа прыкрая падзея намінавацца на званьне падзеі году? Напэўна, усё-такі можа. Бо ўпершыню наша краіна займела яшчэ адзін саюз пісьменьнікаў, і таму, жадаем мы ці не жадаем, але абмінуць таго, што адбылося, нам ніяк не выпадае. Ну а чаму прыкрая падзея? Бо, па-расейску кажучы, гэта “неправедное дело”. З усіх бакоў “неправедное”.

(Балахонаў: ) “Падзел Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, дакладней, стварэньне гэтай русафільскай групы, хеўры — ня ведаю, як тут можна лепей сказаць, для мяне было пэўным шокам. Калі на ўзроўні нашага грамадзка-палітычнага жыцьця такім шокам было вясновае перайменаваньне менскіх праспэктаў, то ў літаратурным жыцьці было для мяне шокам правядзеньне гэтага альтэрнатыўнага зьезду і стварэньне гэтага праўладнага саюзу пісьменьнікаў. І гэтую падзею можна назваць літаратурнай падзеяй году. Натуральна, што са знакам мінус я яе адзначаю”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі ў 17 стагодзьдзі на запрашэньне расейскага цара Аляксея Міхайлавіча беларускі паэт і асьветнік Сімяон Полацкі стварыў у Маскве друкарню, то іх колькасьць у Расеі павялічылася ўдвая. Гэтаксама сёлета ў Беларусі ўдвая болей стала пісьменьніцкіх арганізацыяў. Як адаб’ецца гэтае падваеньне на пэрспэктывах беларускае літаратуры? Ці паболее ўдвая беларускіх пісьменьнікаў, твораў, кнігаў?”

(Акудовіч, сьмяецца: ) “Нягледзячы на тое, што пытаньне вясёлае, я тут адчуў хутчэй сум, бо мне здаецца, што вось гэты другі саюз пісьменьнікаў будзе выконваць рэакцыйную ролю, і паколькі сам ён жыцьцядайнага, стваральнага патэнцыялу ня мае, ён скіруе сваю энэргію на вайну з тым, што робіцца па-за яго межамі. І гэта будзе вайна ня толькі з сапраўдным Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, але гэта будзе вайна з усёй нармальнай, прыстойнай, харошай беларускай літаратурай, якая пакуль трымаецца на некалькіх часопісах, на незалежных выдавецтвах, на іншых праектах, ініцыятывах.

Дык вот, у мяне ў зьвязку са зьяўленьнем гэтага новага саюзу ўзьнікае дадатковая трывога, што ён скіруе свае высілкі на барацьбу з таленавітым. Ведаеце, тут шэрасьць таксама хоча неяк сябе замацаваць і заўсёды гэтага хоча. А паколькі праз талент і творчасьць яна ня можа сябе выявіць, пра сябе сказаць, то ў яе не застаецца іншага выйсьця, як змагацца з тым, што падкрэсьлівае яе шэрасьць. Калі ўсё астатняе зьнішчыць і нічога іншага ня будзе, тады і яны могуць выглядаць, ці могуць пра сябе казаць ці хаця б пра сябе думаць, што мы нешта зь сябе ўяўляем. А пакуль усё сапраўднае існуе, ім праблематычна гэта рабіць”.

(Балахонаў: ) “Тут можна правесьці паралелі з нашай сучаснай беларускай музыкай, дзе мы бачым таксама пэўную падвоенасьць, дзе ёсьць неафіцыйная частка, не зьвязаная зь дзяржаўнымі структурамі, дзе ёсьць свабоднае самавыяўленьне, у тым ліку — і, можа быць, у першую чаргу — моўнага самавыяўленьня і самаўвасабленьня. Зь іншага боку, існуе пласт прыдзяржаўнае папсы, дзе пануе безгустоўнасьць і расейшчына. Але калі казаць пра літаратуру, то наўрад ці гэты альтэрнатыўны саюз і сябры яго здолеюць выдаць нейкую альтэрнатыву, якая будзе канкурэнтаздольная той беларускай літаратуры, якая ёсьць цяпер, і маладому пакаленьню пісьменьнікаў, якія гартуюць свае сілы і спрабуюць паказаць сябе ў такіх няпростых умовах”.

(Карэспандэнтка: ) “Выглядае, што наступны год нічога добрага для беларускай літаратуры не прынясе. Будзе шэры, панішчаны літпрацэс… Дык ці варта займацца такой справай, як літаратура і літаратуразнаўства, спадар Акудовіч?”

(Акудовіч: ) “Ну, па-першае, усё выглядае не зусім так. Канечне, наш пэсымізм (мой, прынамсі), магчыма, і перабольшаны. Бо хоць небясьпекі атачаюць нас з усіх бакоў, ня толькі з боку гэтага новага саюзу, і немагчыма не трывожыцца і за лёс нашых часопісаў “ARCHE”, “Дзеяслова”, як і за лёс шмат чаго яшчэ, але разам з тым усё-такі ўжо беларускую літаратуру — жывую, сучасную — ніякімі рэпрэсіямі не задушыш. Дарэчы, я якраз калі адказваў на першае пытаньне і згадаў кнігу Ігара Бабкова, то я забыўся сказаць, што ў гэтай кніжкі ёсьць яшчэ адна цікавая якасьць. Яна распачынае кніжны праект “Галерэя Б.”, у які ўваходзяць самыя розныя, але з майго гледзішча вельмі таленавітыя аўтары розных пакаленьняў. Так што робіцца і будзе рабіцца беларуская літаратура, нягледзячы на сум, ад якога ўсё-такі цяжкавата пазбавіцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Дзякую маім суразмоўцам і ад сябе дадам, што кнігай году для мяне стала кніга Рыгора Барадуліна “Ксты”, выхад яе пад патранажам Чырвонага касьцёлу стаў падзеяй году, імя аўтара стала імем году, і ягонае імя ўвасабляе пэрспэктывы беларускай літаратуры — менавіта гэтую кнігу Беларускі ПЭН-цэнтар вылучыў на атрыманьне Нобэлеўскае прэміі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG